Для беларуска‑расійскага газавага канфлікту абсалютна не было эканамічных прычын. Пра гэта 24 чэрвеня заявіў Аляксандр Лукашэнка ў інтэрв’ю тэлеканалу «Еўраньюс».

«Гэта абсалютна беспадстаўная спрэчка з пазіцыі Расіі. Але галоўнае, што спрэчка ўзнікла тады, калі «Газпром» вінаваты нам быў за транзіт (а транзіт увязаны з пастаўкамі ў Беларусь) 260 млн. долараў, а мы ім вінаватыя былі 190 млн., нават 187 млн. долараў. Яны гэта прызналі, і мы ім заплацілі гэтыя 187 млн. долараў», — цытуе Лукашэнку прэс‑служба прэзідэнта.

Кіраўнік дзяржавы падкрэсліў, што «для канфлікту абсалютна не было прычын». Акрамя таго, беларускі бок прасіў аб адтэрміноўцы ў два тыдні для пагашэння доўгу,

«але нашы саюзнікі, самыя блізкія нам людзі, сказалі: «Не, ні дня чакаць не будзем».

У інтэрв’ю »Еўраньюс» Лукашэнка дакладна растлумачыў беларускую пазіцыю ў газавай спрэчцы з Расіяй і тое, што доўг «Газпрома» ў 260 млн. долараў назапасіўся яшчэ з канца 2009 года. Прэзідэнт звярнуў увагу на «аднабаковае і тэндэнцыйнае асвятленне спрэчкі, што ўзнікла ў расійскіх СМІ, якія абыходзілі бокам факт доўгу «Газпрома» за транзіт газу».

Акрамя таго, Лукашэнка выказаў сваё меркаванне пра тое, ці з’яўляецца газавая спрэчка своеасаблівым метадам уціску на Беларусь з боку Расіі, расказаў аб сваім бачанні перспектыў узаемаадносін нашай краіны з Расіяй і Еўрасаюзам. Таксама беларускі лідэр закрануў тэму маючых адбыцца прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі — верагоднасці і ўмоў свайго ўдзелу ў іх.

Запіс інтэрв’ю тэлегледачы змогуць убачыць 25 чэрвеня ў вячэрнім эфіры тэлеканала «Еўраньюс», а поўная версія інтэрв’ю у гэты ж дзень будзе паказана ў вячэрнім эфіры Першага нацыянальнага тэлеканала.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?