Юбілей... У памяці адразу ўзьнікаюць шматлікія асацыяцыі: «чырвоны дзень календара», абавязковы ўдзел ва ўрачыстай дэманстрацыі, прэміі, узнагароды ды іншая мітусьня і тлум, якія ёсьць неад’емным атрыбутам юбілейнай даты. Аднак маецца і іншы бок юбілейнага «мэдаля», нябачны для абсалютнай большасьці грамадзянаў, але які красамоўна распавядае ўважліваму назіральніку аб статусе юбілею. Хто і ў якой пасьлядоўнасьці стаяў на трыбунах і сядзеў у прэзыдыюмах на ўрачыстых паседжаньнях, хто выступаў з афіцыйным дакладам, што быў ня проста тэкстам, але праграмным дакумэнтам, у якім на дзяржаўным узроўні тлумачыўся пункт гледжаньня па найважнейшых пытаньнях унутранай і замежнай палітыкі, вызначаліся пэрспэктывы разьвіцьця рэспублікі, замацоўваліся старыя і ўводзіліся новыя ідэалягемы, што павінны былі абслугоўваць існы рэжым. Вось што было галоўным у юбілеях, а не прапагандысцкая траскатня, што ім спадарожнічала.

1939 год. Савецкія і нацысцкія афіцэры абменьваюцца вопытам у Берасьцейскай крэпасьці.

Прасочым эвалюцыю сьвяткаваньня юбілею ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР. Нагода ёсьць: 17 верасьня 2006 г. споўніцца 67 год, як Чырвоная Армія ўвайшла ў Заходнюю Беларусь, каб «узяць пад ахову» і «вызваліць адзінакроўных братоў-беларусаў» з-пад «белапольскага прыгнёту». Далей адбыліся ўсім вядомыя падзеі: падрыхтоўка і правядзеньне паводле маскоўскага сцэнара выбараў дэлегатаў на Народны Сход, які праходзіў у Беластоку і выказаўся за ўваходжаньне Заходняй Беларусі ў склад БССР. Правядзеньне ў лістападзе таго ж году пазачарговых сэсіяў ВС СССР (2 лістапада) і БССР (14 лістапада), якія аформілі гэта юрыдычна, у адпаведнасьці з заканадаўствам. Так у беларускім календары зьявілася новае сьвята – 17 верасьня 1939 г. Да пачатку Другой сусьветнай вайны яно не пасьпела рытуалізавацца – часу не хапіла. У вайну было не да сьвят – усё было падпарадкавана адной задачы – перамагчы. Коштам неймавернага напружаньня, у тым ліку і беларускага народу, перамаглі.

30 кастрычніка 1939 году дэлегаты Народнага Сходу Заходняй Беларусі адзінадушна выказаліся за ўваходжаньне ў СССР. Паспрабавалі б яны рашыць інакш...

Пераможны 1945 г. рытуалізаваў і нават сакралізаваў сьвята. 17 верасьня 1945 г. Беларусь адзначала 6-ю гадавіну «узьяднаньня». Але як адзначала! У разбураным Менску 17 верасьня 1945 г. адбыўся ўрачысты мітынг і ваенны парад войскаў менскага гарнізону, які прымаў камандуючы беларускай ваеннай акругай генэрал-лейтэнант М.Разуваеў. Ён зьвярнуўся з прамовай да ўдзельнікаў параду і прысутных.

На цэнтральнай трыбуне перад Домам ураду была ўся палітычная, ваенная, творчая эліта Беларусі: Старшыня СНК БССР П.Панамарэнка, намесьнікі, сакратары ЦК КП(б)Б, генэралітэт Беларускай ваеннай акругі, побач зь імі Якуб Колас, Яўген Глебаў. На бакавых трыбунах «драбнейшае» чынавенства ды шматлікія госьці, запрошаныя і прывезеныя на сьвята з усіх куткоў Беларусі. А якія словы гучалі ў той дзень, а потым паўтараліся ў выпусках рэспубліканскіх газэт: «усебеларускае нацыянальнае сьвята», «дзень гістарычнага сьвята беларускага народу», «дзень узьяднаньня беларускага народу ў адзінай Беларускай Савецкай дзяржаве». У гэты ж час у абарот запусьцілі шэраг ідэалягем, кшталту «савецкі народ вызваліў адзінакроўных братоў-беларусаў і ўзяў іх пад сваю абарону», якія пануюць і да цяперашніх дзён.

У наступным 1946 г. ужо не плянавалася ніякіх парадаў, урачыстых мітынгаў, шэсьцяў і г.д. Разам з тым ЦК Кампартыі Беларусі з нагоды сьвята прымае пастанову, у якой адзначае, зьвернем на гэта ўвагу, што 17 верасьня – «дзень узьяднаньня беларускага народу ў адзінай Савецкай Беларускай дзяржаве». У сувязі з гэтым прапанавалася правесьці 16 верасьня 1946 г. урачыстыя паседжаньні гар- і райвыканкамаў, а на ўсіх прадпрыемствах, у калгасах, саўгасах, МТС і вёсках – сходы працоўных, прысьвечаных гэтай даце. У Менску 16 верасьня адбылося ўрачыстае паседжаньне Менскага гарсавету, на якім з дакладам, і гэта паказвала ўзровень «мерапрыемства», выступіў старшыня Прэзыдыюму ВС БССР Нічыпар Наталевіч. Такім чынам, на дзяржаўным узроўні было падкрэсьлена і замацавана: 17 верасьня – дзень узьяднаньня беларускага народу, які павінен і надалей адзначацца як агульнанацыянальнае сьвята, што ў наступныя гады і адбывалася.

Аднак ні 1945 г., ні наступныя гады не былі «юбілейныя». 10-годзьдзе ўзьяднаньня прыпадала на верасень 1949 г., і партыйна-савецкае кіраўніцтва рэспублікі пачало загадзя рыхтавацца да верасьнёўскага сьвяткаваньня. Аднак здарылася нечаканае. 2 верасьня 1949 г. бюро ЦК КП(б) Беларусі прымае пастанову, у якой канстатуе, зьвяртаем на гэта ўвагу, што «2 лістапада 1949 г. спаўняецца 10 год з дня выдатнай гістарычнай падзеі ў жыцьці беларускага народу – узьяднаньня беларускага народу ў адзінай Беларускай Савецкай дзяржаве», і прымае рашэньне: «Дзясятую гадавіну ўзьяднаньня беларускага народу ў адзінай Беларускай Савецкай Сацыялістычнай дзяржаве паўсюдна адзначыць 30 кастрычніка 1949 г. як усенароднае сьвята». Прынцыпова зьмянілася адзнака падзей. Мімаходам, не акцэнтуючы ўвагі, ЦК КП(б)Б узгадала, што 17 верасьня «Чырвоная Армія прынесла вызваленьне Заходняй Беларусі», а выдатная гістарычная падзея «ўзьяднаньне беларускага народу» адбылося 2 лістапада.

Адразу ж паўстае пытаньне: а куды дзелася 17 верасьня, якое чатыры гады запар адзначалі як «усенароднае нацыянальнае сьвята», а 10-гадовы юбілей раптоўна пастанавілі адзначыць 30 кастрычніка? Прамога адказу, чаму і хто вырашыў перанесьці юбілейныя сьвяты з 17 верасьня на 30 кастрычніка і 2 лістапада, няма. Магчыма толькі выказаць асабістае меркаваньне, што рашэньне аб пераносе юбілейнай даты прымалася ня ў Менску, а ў Маскве. У сыстэме герархічнай улады, паноўнай пры І.Сталіну, такога кшталту рашэньні прымаліся толькі ў Крамлі. Іншая справа, калі і хто прыняў рашэньне, што больш мэтазгодна сьвяткаваць узьяднаньне не 17 верасьня, а 30 кастрычніка. Аднак, як ні дзіўна, у гэтым была свая рацыя і лёгіка, хто б ні быў аўтарам гэтай ідэі. Побач зь Беларусьсю знаходзілася ўжо не «белапанская» і «фашысцкая» Польшча, а бліжэйшы сатэліт і адзін з хаўрусьнікаў «сацыялістычнага блёку». Да таго ж у Крамлі, асабліва Сталін і Молатаў, добра разумелі, што 1 і 17 верасьня зьнітаваныя паміж сабой пактам Молатава–Рыбэнтропа, які прывёў да падзелу Польшчы, і ў палякаў, хоць і глыбока прыхавана, але для адносна «вызвольнага паходу Чырвонай Арміі», маецца адно слова – «агрэсія». З гледзішча крамлёўскіх юбілеёлягаў 30 кастрычніка і 2 лістапада былі не такія раздражняльныя для палякаў. Маўляў, сабраліся беларусы ды ўкраінцы на Народныя Сходы, 30 кастрычніка адзінадушна выказаліся за ўзьяднаньне і ўваходжаньне ў склад СССР, і Вярхоўнаму Савету не заставалася нічога іншага, як «задаволіць іх просьбу» і 2 лістапада прыняць Закон аб уключэньні Заходняй Беларусі ў склад СССР.

Аднак у Менску ніхто не задаваў сабе такіх пытаньняў. Рашэньне было прынятае, і яго неабходна было выконваць. ЦК КПБ стварае ўрадавую камісію ў падрыхтоўцы юбілею і выпрацоўвае плян падрыхтоўчых мерапрыемстваў. Ён уражвае. У адпаведнасьці зь ім плянавалася: 29 кастрычніка ў Менску правесьці юбілейную сэсію ВС БССР; з 25 па 30 кастрычніка правесьці ўрачыстыя паседжаньні сельскіх, гарадзкіх, раённых саветаў; ва ўсіх газэтах устанавіць з 17 верасьня Дошку гонару перадавікоў спаборніцтва ў гонар юбілею; выпусьціць спэцыяльны кіначасопіс аб дасягненьнях Заходняй Беларусі; правесьці ў верасьні раённыя, гарадзкія, абласныя агляды мастацкай самадзейнасьці; 30 кастрычніка выдаць спэцыяльныя нумары газэт і часопісаў; 23 кастрычніка правесьці Ўсебеларускую спартакіяду сельскай моладзі; 29 кастрычніка правесьці выставу найлепшых твораў мастакоў, скульптараў, графікаў, прысьвечаную ўзьяднаньню; узнагародзіць граматамі ВС БССР перадавікоў прамысловасьці, сельскай гаспадаркі, настаўнікаў, лекараў, партыйных савецкіх і камсамольскіх работнікаў заходніх абласьцей.

У верасьні, як і прадугледжвалася, пачалася шырокамаштабная падрыхтоўка да юбілею. На прадпрыемствах, ва ўсіх установах, у калгасах, саўгасах, МТС распачалося спаборніцтва «за дасягненьне лепшых паказьнікаў у гонар 10-й гадавіны ўзьяднаньня». У музэях сьпешна стваралі выставы, прысьвечаныя даце. Адгукнуліся на юбілей прадстаўнікі творчай інтэлігенцыі. Пімен Панчанка ў вершы «Шчасьлівы верасень» пранікнёна пісаў:

    Мы верасень гэты назвалі шчасьлівым,
    Мы выйшлі, браты, з-пад запораў іржавых
    На нівы, з пары той – на вашыя нівы
    Пад сонца вялікай Савецкай дзяржавы.

Не «адставалі» і беларускія кампазытары. Народны артыст Н.Курцін да 10-годзьдзя напісаў музыку на вершы Я.Купалы «Я з заходняй – ты з усходняй», а заслужаны дзеяч мастацтва Беларусі Я.Цікоцкі стварыў «Песьню аб узьяднаньні» і сымфанічную паэму «Падзяка Сталіну». Т.Аладаў – песьню «Ў сонечную даль» на словы М.Танка.

Разам зь мерапрыемствамі, якія мелі характар беларускага маштабу, у кастрычніку пачала набіраць моц кампанія больш высокага ўзроўню – саюзнага. 16 верасьня ўрадавая камісія ўважыла за неабходнае падрыхтаваць ліст Сталіну ад беларускага народу. Юбілей пачаў набываць якасна новы статус, бо ліст Сталіну – гэта не ўсебеларуская дошка гонару. Спачатку, як гэта і практыкавалася ў партыйных структурах, яго абмеркавалі ў ЦК КП(б)Б, а потым скіравалі на абмеркаваньне сярод «працоўных». Каб уявіць маштаб абмеркаваньня, прывяду толькі статыстыку: у рэспубліцы адбылося 26 903 сходы, на якіх выступілі 64 363 чалавекі, а ўсяго ў абмеркаваньні ліста Сталіну ўдзельнічала 2 971 846 чалавек.

Апагеем сьвяткаваньняў сталі 29 і 30 кастрычніка 1949 г. 29 кастрычніка адбылася шостая (юбілейная) сэсія ВС БССР, на якой з дакладам выступіў старшыня СМ БССР А.Клешчаў. На адрас сэсіі былі дасланыя прывітальныя тэлеграмы ад С.Будзённага, М.Яроменкі ды іншых, у тым ліку і ад старшыні ЦК ПАРП Б.Берута ды старшыні СМ Польшчы Ю.Цыранкевіча. Урачыстыя паседжаньні гар-, рай-, і аблвыканкамаў адбыліся ва ўсіх гарадох рэспублікі. Аднак галоўныя сьвяткаваньні прайшлі ў Менску. Напэўна, упершыню сталіца была так упрыгожана. Увесь цэнтар гораду занялі пераносныя выставы. Так, у сквэры насупраць будынку ЦК КП(б)Б (цяпер насупраць адміністрацыі прэзыдэнта РБ) разьмясьцілі выставу «Партыя Леніна–Сталіна – арганізатар і натхніцель нашых перамог». На вуліцы Савецкай да Прывакзальнай плошчы (цяпер ад ст.мэтро «Кастрычніцкая» па праспэкце Скарыны да плошчы Незалежнасьці) разьмясьцілі 7 выставаў. Напрыклад, супраць сучаснага гмаху КДБ РБ месьцілася выстава «Ленін і Сталін – стваральнікі Беларускай дзяржавы», крыху далей, супраць сучаснага кінатэатру «Цэнтральны» – «Беларускі народ у Вялікай Айчыннай вайне». Карацей кажучы, гасьцям ды і месьцічам было на што паглядзець, падзівіцца, чым падсілкавацца, бо ў сьвяточныя дні крамы, у якія зьвезьлі з усёй рэспублікі прадукты харчаваньня, працавалі аж да паўночы.

У нядзелю 30 кастрычніка ў Менску адбыўся пяцідзесяцітысячны мітынг, на якім былі кіраўнікі рэспублікі, высокапастаўленыя чыноўнікі, дэпутаты ВС СССР і ВС БССР, дэлегацыі працоўных абласьцей, гарадоў ды вёсак, якіх прывезьлі на юбілей. Увечары прагрымеў сьвяточны салют. Плянавалася ўвечары на паветраным шары падняць у неба асьвечаны пражэктарамі партрэт Сталіна. Сюррэалістычная карціна магла атрымацца: цёмным кастрычніцкім вечарам над паўразбураным Менскам і прыціхлым шматтысячным натоўпам, павольна гойдаючыся, падымаецца ў вышыню падсьвечаны пражэктарамі вялізны партрэт правадыра. Гэта ўразіла б каго заўгодна. Аднак ад гэтай задумкі давялося адмовіцца. Тое, што тэхнічна лёгка ажыцьцявілі ў Маскве, сталася непасільнай тэхнічнай задачай у Менску. Задаволіліся толькі сьвяточным фаервэркам.

Пасьля такога юбілею здавалася б, што і ў наступныя гады сьвята будзе адзначацца 29–30 кастрычніка. Аднак у 1950 г. ЦК КПБ прымае рашэньне сьвяткаваць дзень узьяднаньня… 17 верасьня. Усё вярнулася на кругі свае. І зноў няма адказу, хто і чаму прыняў такое рашэньне, але паўтаруся, што без Крамля тут не абышлося. З 1950 г. і па 1990 г. Беларусь лічыла днём узьяднаньня менавіта 17 верасьня – дзень «вызвольнага паходу Чырвонай Арміі».

У наступныя гады юбілей пачаў спакваля ніякавець. Не ажывіла яго нават 20-годзьдзе. 17 верасьня 1959 г. «Советская Белоруссия» адгукнулася на гэтую падзею толькі невялічкім артыкулам «Квітнее родная Беларусь». У ім падкрэсьлівалася, што «20 год рабочыя і сялянства, працоўная інтэлігенцыя заходніх абласьцей Беларусі, узьяднаныя ў адной сям’і савецкіх народаў, зь вялікім энтузіязмам будуюць новае жыцьцё». І на гэтым усё. Як і не было шумнага сьвяткаваньня 10 год таму.

Падкрэсьлім яшчэ адну акалічнасьць сьвяткаваньня 20-годзьдзя, якая засталася назаўважаная ці яе не пажадалі «заўважыць». Да 20-годзьдзя навуковыя супрацоўнікі Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ М.Арэхва і П.Пышкін падрыхтавалі да друку артыкул «Знамянальная дата ў гісторыі Беларускага народу», у якім у першым абзацы падкрэсьлівалі: «2 лістапада 1959 г. працоўныя нашай рэспублікі адзначаюць знамянальную дату (вылучана мной. – А.В.)». На першай старонцы гэтага артыкулу ёсьць аўтограф М.Арэхвы: «Аўтары тады (калі тады? – А.В.) прапаноўвалі адзначаць дату ўзьяднаньня Заходняй Беларусі з БССР 2 лістапада ў адпаведнасьці з пастановай Вярхоўнага Савету СССР. Мікалай Арэхва – заходнік, былы КПЗБовец, быў мудрым, дасьведчаным, з багатым жыцьцёвым і палітычным досьведам чалавекам. Калі ён прапанаваў сьвяткаваць дзень узьяднаньня не 17 верасьня, нават не 30 кастрычніка, а 2 лістапада, то я глыбока перакананы, што ён ведаў словы другога, ня менш вядомага КПЗБоўца – Максіма Танка. М.Танк, 27-гадовы паэт-пачатковец, 3 лістапада 1939 г. запісаў у сваім дзёньніку: «Сэсія Вярхоўнага Савету прыняла Закон аб уключэньні Заходняй Беларусі ў склад СССР і аб’яднаньні яе зь Беларускай Савецкай Сацыялістычнай Рэспублікай. Гэтую знамянальную падзею ўжо ніколі не выкрасьліць з нашай гісторыі. Я гэтую дату – дату, зь якой мы пачалі звацца людзьмі, – назаўсёды залатымі літарамі ўнёс бы ва ўсе нашыя календары, як самае найвялікшае сьвята пасьля Вялікага кастрычніка».

Чаму яны, змагары за нацыянальнае вызваленьне Заходняй Беларусі, чальцы КПЗБ, зьведаўшыя перасьлед, арышты, Лукішкі, лічылі сьвятам узьяднаньня не 17 верасьня, нават не 28–30 кастрычніка, а 2 лістапада? Бо ведалі, інтуіцыйна адчувалі, што 17 верасьня – надта сумнеўная дата, каб казаць аб «нацыянальным узьяднаньні беларусаў», праведзеным па-сталінску. Яны добра ведалі і памяталі, што калі Кампартыя Польшчы (КПП), а гэта значыць і яе «філіі» КПЗБ і КПЗУ, вылучыла лёзунг аб праве нацый на самавызначэньне «ажно да аддзяленьня», а гэта наўпрост датычыла Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны, то «крамлёўскі горац» правёў у 1937 г. такое крывапусканьне кампартыям Заходняй Беларусі і Заходняй Украіны за іх «нацыянальныя памкненьні», што яны аж 19 год не маглі апрытомнець. Толькі ў 1956 г., дзякуючы ў тым ліку і намаганьням таго ж М.Арэхвы, адбылася палітычная рэабілітацыя КПЗБ і КПЗУ. Аднак у верасьні 1939 г. І.Сталін ужо «запамятаў», што ён зрабіў у 1937 г. і, улічыўшы «нацыянальныя памкненьні беларусаў», «вызваліў» іх. Цяпер добра вядома, што «вызваленьне» было другарадным вынікам вялікай геапалітычнай гульні І.Сталіна і А.Гітлера за сфэры інтарэсаў у Эўропе. Аднак М.Арэхва і М.Танк таксама добра ведалі, што частка польскага грамадзтва далёка ня так успрымае падзеі 17 верасьня, як афіцыйная Варшава. Таму і прапанаваў былы КПЗБовец М.Арэхва сьвяткаваць дзень узьяднаньня не 17 верасьня, а 2 лістапада, як больш прымальную ў палітычным і ідэалягічным сэнсе дату. Аднак да яго прапановаў ніхто не прыслухоўваўся, і ўсё пакацілася старой накатанай сталінска-хрушчоўска-брэжнеўскай каляінай.

Апошні раз увагу юбілею надалі з нагоды 30-годзьдзя. 17 верасьня 1969 г. у канцэртнай залі філярмоніі адбыўся ўрачысты сход, на якім прысутнічала практычна ўсё партыйна-савецкае кіраўніцтва рэспублікі – П.Машэраў, Ц.Кісялёў, У.Лабанок, І.Клімаў, вэтэраны вайны, дзеячы КПЗБ, дэпутаты ВС БССР, шматлікія госьці. З дакладам выступіў першы намесьнік старшыні СМ БССР У.Лабанок, які прыгадаў, што ў «панскай Польшчы» існаваў жорсткі нацыянальны і сацыяльны прыгнёт беларускага народу, падкрэсьліў, што толькі дзякуючы кіраўніцтву камуністычнай партыі і дапамозе СССР удалося «вызваліць адзінакроўных братоў-беларусаў», распавёў аб посьпехах сацыяльна-эканамічнага і культурнага разьвіцьця заходніх абласьцей Беларусі. З нагоды 30-годзьдзя ўзьяднаньня Інстытут гісторыі партыі пры ЦК КПБ правёў навуковую сэсію, прысьвечаную гэтай даце.

А што далей? А далей гэтае сьвята ціха зьнікла. З агульнарэспубліканскіх сьвят яно было выкрасьлена і набыло статус акадэмічных сэсіяў, якія праводзіліся, галоўным чынам, пад патранатам Інстытуту гісторыі партыі пры ЦК КПБ.

На 40-годзьдзе «Савецкая Беларусь» 18 верасьня 1979 г. адгукнулася невялікім артыкулам доктара гістарычных навук А.Мацко, які паўтарыў паноўны тэзіс аб тым, што «савецкі народ ня мог астацца абыякавым да лёсу сваіх адзінакроўных братоў – беларусаў і ўкраінцаў. Ён падаў ім братэрскую руку дапамогі, узяў пад сваю абарону, выратаваў ад фашысцкага парабашчэньня».

50-годзьдзе на афіцыйным узроўні ўвогуле «не заўважылі». Верасьнёўскія падзеі 1939 г. сталі настолькі «неактуальныя», што галоўная газэта рэспублікі («Советская Белоруссия») ні 17, ні 18 верасьня 1989 г. ні адным радком не згадала аб тым, што ж адбылося 50 год таму.

Аднак напярэдадні юбілею, 14 верасьня, у Менскім гаркаме партыі адбылася сустрэча вэтэранаў КПЗБ (М.Арэхвы, М.Танка ды іншых), якія «выказалі крытычныя заўвагі з нагоды незаслужанага замоўчваньня знамянальнай даты ў жыцьці беларускага народу – узьяднаньня карэнных зямель у адзінай Беларускай дзяржаве». Прапаноўвалася адзначаць дзень узьяднаньня ці 17 верасьня, як гэта і было раней, ці 28 кастрычніка. З гэтай прапановай сакратар Менскага гаркаму партыі У.Галко і зьвярнуўся ў ЦК КПБ. Аднак кіраўніцтва палічыла мэтазгодным адзначаць сьвята 14 лістапада, калі 3-я пазачарговая сэсія ВС БССР (1939 г.) прыняла закон аб «Прыняцьці Заходняй Беларусі ў склад БССР»). 11 студзеня 1990 г. Прэзыдыюм ВС БССР прыняў указ «Аб аб’яўленьні 14 лістапада Днём узьяднаньня Заходняй Беларусі зь Беларускай ССР». Так ужо самі беларусы ў чарговы раз перанесьлі сьвята.

«Новая каманда», што прыйшла да ўлады, таксама спачатку не надавала ўвагі верасьнёўскім падзеям. 60-годзьдзе (1999 г.) магло паўтарыць лёс 50-годзьдзя і літаральна ў апошні момант гісторыкі ды ўлада спахапіліся. У Менску адбылася навуковая канфэрэнцыя, прысьвечаная 60-годзьдзю ўзьяднаньня, Інстытут гісторыі НАНБ выпусьціў неблагі зборнік навуковых працаў «Назаўсёды разам», улада правяла ўрачыстае паседжаньне пад лёзунгам-ідэалягемай «Единство Беларуси, освещенное историей и устремленное в будущее».

Надалей гэтая дата зноўку зьнікае з поля зроку ўлады, гісторыкаў ды грамадзкасьці. А што ж тычыць сьвята, то ўсё ж у абсалютнай большасьці насельніцтва Беларусі ўзьяднаньне асацыюецца з «вызвольным паходам Чырвонай Арміі», які адбыўся 17 верасьня 1939 г.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?