Умоўна іх можна падзяліць на дзве групы — «афіцыйныя» і «неафіцыйныя». Першыя — распрацаваныя турыстычнымі структурамі. Лідэрства ў гэтай сферы належыць Белавежскай пушчы.

Дзед Мароз і дзікія звяры

Супрацоўнікі нацыянальнага парку распрацавалі чатыры веламаршруты — ад 10 да 45 км. Неабходнае абсталяванне даюць на месцы. У дадатак тут разбудаваная інфраструктура з кавярнямі, рэстаранамі і гандлёвымі радамі. А цікавостак у Пушчы шмат — ад Дуба-патрыярха і Царскага тракта да Дзеда Мароза і дзікіх звяроў.

Праходзіць маршруты па Пушчы можна як самому, так і групай да 16 чалавек. Тут жа, на мяжы з Польшчай, дзейнічае памежны пункт пропуску для арганізаваных раварыстаў. Маючы жаданне і візу, можна заехаць роварам у суседнюю краіну.

Турыстычны цэнтр Белавежскай Пушчы — (01631) 56-398, [email protected]

Тры краіны за тыдзень

Іншы відовішчны веламаршрут — Аўгустоўскі шлях. Ён называецца «За сем дзён у тры краіны на ровары і байдарцы». Прапануецца наведаць Беларусь, Польшчу і Літву па шляху Аўгустаў — Мікашоўка (Польшча) — памежны пераход «Рудаўка Лясная» (шлюз «Кужынец», шлюз «Ваўкушак» — Дамброўка — шлюз «Дамброўка» — Сапоцкін —Гродзенскі ўмацаваны раён № 68 (Лінія Молатава) — форт Гродзенскай крэпасці — Санічы — рэчкі Марыха, Чорная Ганьча, Шляміца, азёры Яндрэня, Кавеня, Савек — Нямнова — памежны пераход «Пералом» — Друскенікі (Літва).

Як і ў Белавежы, на Аўгустоўскім канале велатурыстам прапануюць арандаваць усё неабходнае.

У наваколлі ёсць аграсядзібы, гатэлі і іншыя пункты абслугі турыстаў. Узровень абслугоўвання пакідае жадаць лепшага, аднак інфраструктура паступова развіваецца.

Гэты маршрут, акрамя шэнгенскай візы,

патрабуе ад турыстаў падрыхтоўкі, каб вытрымаць фізічныя нагрузкі. Кампенсацыя за гэта — краявіды трох краін.

Інфармацыю пра маршруты па Аўгустоўскім канале можна атрымаць у большасці беларускіх турфірм. Альбо непасрэдна ў фірме «Нямнова Тур».

«Нямнова Тур» — тэл. +375 152 74-29-43. Е-mail: nemnovotour_grodno@ tut.by

Для аматараў ровара, што любяць падарожнічаць вольна, раім некалькі маляўнічых мясцінаў, злучаных адносна непрацяглымі пераездамі.

Стоўбцы — Мір — возера Кромань — Налібоцкая пушча — Коласава — Койданава

Маршрут складаны, разлічаны на два дні з адной начоўкай. Але хто прайшоў яго — не забудзецца. Акрамя магчымасці наведаць знакаміты Мір, падарожжа дазволіць адпачыць сярод дзікай прыроды. Возера з Пушчай гэтаму паспрыяюць.

Да Стоўбцаў можна дабрацца электрычкай. Пры нагодзе ў мястэчку можна пабачыць Нёман, тут яшчэ зусім невялікі.

Сядзібы: «У опушки», Налібоцкая пушча, Стаўбцоўскі раён, т.: (029) 674-70-74 (Вольга), 348-70-41 (Зміцер)

«Стары млын», каля в. Ячанка, Стаўбцоўскі раён, т.: (029) 641-23-22 (Алег), 674-70-74 (Вольга)

Асіповічы — уздоўж Пцічы — Мар’іна Горка

Яшчэ адзін цікавы двухдзённы маршрут пачынаецца з Асіповічаў. Дабраўшыся туды электрычкай, можна далей скіравацца ўздоўж ракі Пціч па вялікай дузе да Мар’інай Горкі.

Што праўда, з аграсядзібамі ў тых ваколіцах складана. Бярыце намёты.

Пціч неверагодна прыгожая. Кожныя некалькі гадзін маршрут будзе праходзіць праз месцы зліцця гэтай павольнай ракі з яе шматлікімі прытокамі: Шаццю, Даколькай, Арэсай, Асачанкай, Нератоўкай, Няслаўкай…

Блакітныя Азёры

Маршрут па Блакітных Азёрах пралягае праз Нарач — Швакты — Балдук — Глублю.

Тут вас чакаюць сапраўдныя прыродныя дзівосы — Лысая гара, звярыныя сцежкі, завалы паваленых дрэваў ды пахкія балотныя ягады.

Як няма ўласнага транспарту, дабірацца да Нарачы складана. З Мінска прыйдзецца даехаць да Маладзечна, а адтуль ужо дызелем у кірунку Нарачы (найбліжэйшая станцыя — Княгінін). Падобным чынам і назад у сталіцу. Пры адсутнасці ў Беларусі спецыяльных вагонаў для перавозу ровараў, такое падарожжа можа ператварыцца ў пакуты.

Сядзіба: «Нарачанка», вул. Падлесная, 12, в. Нарач, Мядзельскі р-н, т.: (01797) 49-0-84, (01797) 55-0-39

* * *

Гэта далёка не поўны пералік магчымых трасаў. У ваколіцах кожнага вялікага горада знойдзецца мноства цікавых мясцінаў, куды можна даехаць роварам.

Спрактыкаваны раварыст можа за дзень адолець 70 км шляху, пры гэтым знойдзецца час і на азнаямленне з наваколлем.

Падарожнічаючы з малодшымі школьнікамі, не варта планаваць пераходаў, даўжэйшых за 10—20 км.

Выпраўляючыся ў падарожжа па «дзікім» маршруце,

варта браць з сабой прылады, неабходныя для тэрміновага рамонту «жалезнага каня».

Могуць быць і праблемы з начлегамі — з аграсядзібамі лепей дамаўляцца загадзя, а гатэльчыкі райцэнтраў даволі дарагія. Альтэрнатыва — намёты.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?