Актывісты дэмакратычнага руху з Глыбокага і Мінска 26 чэрвеня ўшанавалі памяць ахвяраў сталінізму ў Бешанковіцкім раёне Віцебскай вобласці, паведаміў адзін з арганізатараў памінання, былы вязень ГУЛАГа мінчанін Сяргей Ханжанкоў.

Паводле яго слоў, у паездцы, арганізаванай са старшынёй аргкамітэта па стварэнні руху салідарнасці «Разам» Вячаславам Сіўчыкам, узялі ўдзел прыкладна 10 чалавек.

Як зазначыў Ханжанкоў, 26 чэрвеня 1941 года на вуліцы вёскі Нікалаева, размешчанай непадалёк ад гарадскога пасёлка Ула, на вачах мясцовых жыхароў супрацоўнікі НКУС расстралялі ад 1 да 2 тыс. зняволеных глыбоцкай турмы, этапаваных у Віцебск. У сваёй справаздачы начальнік канвою, сяржант дзяржбяспекі, паведамляў, што зняволеныя хацелі разбегчыся і крычалі «Няхай жыве Гітлер!».

Пазней відавочцы пахавалі ахвяраў гэтай трагедыі на ўскраіне Нікалаева, дзе ў 1990-я гады прадстаўнікі Польшчы і мясцовыя жыхары ўзвялі памятны знак. Ён складаецца з каталіцкага драўлянага крыжа вышынёй амаль пяць метраў, а таксама каменнай сцяны з мемарыяльнымі плітамі. На іх — тэксты на польскай і беларускай мовах, што распавядаюць аб расстрэлах зняволеных. Сярод вязняў глыбоцкай турмы было шмат палякаў, рэпрэсаваных савецкімі спецслужбамі пасля пачатку Другой сусветнай вайны і падзелу Польшчы паміж Германіяй і СССР, сказаў Ханжанкоў.

Паводле яго слоў, удзельнікі паездкі ўсклалі кветкі і лампады да памятнага знака, выканалі духоўны гімн «Магутны Божа».

Выступоўцы зазначалі, што пасля пачатку агрэсіі Германіі супраць СССР такія «этапы смерці» накіроўваліся на ўсход з турмаў усіх савецкіх гарадоў, да якіх падыходзілі войскі вермахта. Начальнікі канвояў атрымлівалі агульную інструкцыю расстрэльваць зняволеных на месцы ў выпадку ўзнікнення перашкодаў пры прасоўванні калон вязняў. Такой перашкодай магла стаць любая непрадбачаная акалічнасць. Апрача таго, канваіры расстрэльвалі і тых зняволеных, якія адставалі ад калоны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?