Каля паўсотні беларускіх студэнтаў, якія навучаюцца ў Польшчы па стыпэндыяльнай праграме імя Кастуся Каліноўскага, сабраліся ў нядзелю а 18 гадзіне каля будынку бюро праграмы, што месьціцца на тэрыторыі Варшаўскага ўнівэрсытэту, каб выказаць сваё незадавальненьне. Нагодай для мітынгу стала прызначэньне на панядзелак 25 верасьня ў 13 гадзін даты ўрачыстага закрыцьця «Падрыхтоўчых курсаў».

26 верасьня ўсе беларусы мусяць разьехацца па розных гарадах, але нечакана высьветлілася, што больш за 50 чалавек адмовіліся ехаць па накіраваньні ў іншыя ўнівэрсытэты ды напісалі апэляцыйныя скаргі. Беларускім студэнтам прапанаваныя варыянты, што не адпавядаюць спэцыяльнасьці. Студэнты сьцьвярджаюць, што гарады ды ўнівэрсытэты накіраваньня былі вядомыя даўно, але сьпісы вывесілі толькі 20 верасьня. Прапановамі шмат хто быў шакаваны. Выпадак калі студэнту-магілёўцу, які вывучаў маркетынг прапанавалі вучыцца на мэталюрга патрапіў, нават, у польскую прэсу. Самы складаны момант – артыстычныя прафэсіі. Высьветлілася, што падобнае навучаньне каштуе занадта дорага – ня меней за 10 тыс. эўра за адзін год. У выніку, каля сямі чалавек, сярод якіх былыя студэнты Беларускай акадэміі мастацтваў ды музыкі, увогуле не атрымалі ніякага разьмеркаваньня.

У той жа час у студэнцкім інтэрнаце «Бабілён» Варшаўскай палітэхнікі, дзе жывуць беларусы, па ўсіх паверхах расклееныя аб’явы, што ўсе ўдзельнікі «стыпэндыяльнай праграмы для Беларусі» мусяць зьехаць з памяшканьня да 8 гадзіны раніцы 27 верасьня. Аб’явы падпісаныя кіраўніком студэнцкага інтэрнату Войцэхам Сыта. На далейшы тэрмін жытло для беларусаў не праплачанае – той, хто ня мае разьмеркаваньня пачынаючы зь серады рызыкуе застацца на вуліцы.

Каля 19 гадзіны да студэнтаў прыехаў Аляксандар Мілінкевіч, які цяпер знаходзіцца ў Варшаве. Разам з прадстаўніком «каліноўцаў» Вэнэдыктам Кляўзэ ён правёў перамовы з дырэктарам «Студыяў Усходняй Эўропы» Варшаўскага ўнівэрсытэту Янам Маліцкім, які ўласна і распараджаецца цяпер лёсам беларускіх студэнтаў.

Пасьля паўтарагадзіннай сустрэчы Мілінкевіч выйшаў да студэнтаў разам з Маліцкім ды запэўніў, што выйсьце будзе знойдзена. Маліцкі, у сваю чаргу, паабяцаў на працягу ночы пераразьмеркаваць накіраваньні ды вывесіць новыя сьпісы. Студэнты паставіліся да гэтай заявы досыць скептычна, але ў выніку разышліся, папярэдзіўшы, што не дазволяць сябе падмануць ды вернуцца да тэмы на наступны дзень.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?