Сярод грамадзян Беларусі становіцца ўсё менш прыхільнікаў глыбокай інтэграцыі з Расіяй. Пра гэта гаворыцца ў адкрытым лісце «Внести ясность» Аляксандра Лукашэнкі на імя рэдактара расійскай газеты «Правда» Барыса Камоцкага.

Беларускі прэзідэнт палічыў неабходным праінфармаваць выданне «аб рэальнай сітуацыі, што склалася па гэтак званым газавым канфлікце» паміж Беларуссю і Расіяй. У лісце падрабязна выкладаецца перадгісторыя канфлікту і пазіцыя беларускага боку.

«Адразу хачу падкрэсліць, што перамоўны працэс па віне расійскага боку фактычна аказаўся сарваны, — зазначае Лукашэнка. — Хоць мы ўвесь час займалі гібкую канструктыўную пазіцыю, прапаноўвалі розныя варыянты ўзаемавыгаднага вырашэння пытання, былі гатовыя да прымальных кампрамісаў. Беларускія ініцыятывы ігнараваліся, а нашых прадстаўнікоў, уключаючы членаў урада высокага ўзроўню, прымушалі гадзінамі праседжваць у газпромаўскіх прыёмных».

«Аказваецца, што, на словах разважаючы аб недапушчальнасці перагляду ўрокаў гісторыі, расійскае кіраўніцтва насамрэч святасць братэрскіх сувязей ацэньвае ў кубаметрах газу і барэлях нафты», — падкрэсліваецца ў лісце.

Мы абсалютна не супраць прагматычнасці ў эканамічным супрацоўніцтве, — працягвае Лукашэнка. — Але яна павінна ў роўнай ступені тычыцца абодвух бакоў, улічваць увесь спектр двухбаковых узаемаадносін і адпавядаць духу інтэграцыйных працэсаў. І, вядома, засноўвацца на няўхільным выкананні ўсімі бакамі прынятых абавязацельстваў, без выключэнняў, абмежаванняў і адвольнага тлумачэння».

«Давайце будзем шчырыя: няўжо за дзеяннямі «Газпрома» ва ўсёй гэтай гісторыі ляжыць толькі грашовы інтарэс? Хіба ж пара соцень мільёнаў долараў можа быць вырашальнай для фінансавага становішча адной з найбуйнейшых транснацыянальных карпарацый? Упэўнены, што для ўсіх адказ вядомы», — піша беларускі прэзідэнт.

Падаплёка канфлікту, на думку Лукашэнкі, абсалютна ў іншым:

«Ён толькі частка той недружалюбнай палітыкі, якая на працягу апошніх гадоў планамерна праводзіцца ў адносінах да Беларусі.

Дастаткова ўспомніць нядаўнія «малочныя», «мясныя», «цукровыя», «нафтавыя» і іншыя войны. Я ўжо не кажу пра тую лінію, якую мэтанакіравана праводзіць большасць расійскіх СМІ і якая набыла характар сапраўднай інфармацыйнай агрэсіі».

Аўтар ліста мяркуе, што мэта відавочная: «пастроіць» кіраўніцтва Беларусі, прымусіць пайсці на ўступкі ва ўрон нацыянальным інтарэсам суверэннай дзяржавы, атрымаць смачны кавалак беларускай уласнасці.

«Мы, у Беларусі, усё гэта бачым і ацэньваем адпаведным чынам. Як вынік, сярод нашых грамадзян, на жаль, становіцца ўсё менш прыхільнікаў глыбокай інтэграцыі з Расіяй.

Беларусы пачынаюць ставіцца да самай блізкай для нас краіны — Расіі — з насцярожанасцю, чакаючы ад яе самых непрадказальных удараў», — сцвярджае Лукашэнка.

Тэкст адкрытага ліста апублікаваны ў «Правде» 29 чэрвеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?