Антыподы

Вось і перайшоў футбольны чэмпіянат свету свой экватар. Само гэтае слова тут вельмі пасуе ў самым непасрэдным сэнсе слова. Паняцце «экватар» многае тлумачыць у тым, што мы паспелі пабачыць. Прычыны паразаў адных і поспехаў іншых каманд можна патлумачыць менавіта геаграфіяй. У паўдзённым паўшар’і цяпер, як вядома, астранамічная зіма — як у ПАР, гэтак і ў краінах Паўднёвай Амерыкі.

Заўважце — усе краіны гэтага кантынента, якія прабіліся ў чвэрць‑фінал, знаходзяцца на поўдні ад экватара.

Няўдача спасцігла толькі Чылі. Выглядае, гэтым камандам не трэба было акліматызавацца ў часе. Што тычыцца надвор’я, дык яно і ў ПАР, і ў краінах Паўднёвай Амерыкі ў зімовы час бывае аднолькава капрызлівым.

А вось ЗША, Мексіцы і Гандурасу не пашанцавала. Што тычыцца Аўстраліі і Новай Зеландыі (іх некалі раней у Еўропе называлі антыподамі), дык там футбол яшчэ проста не дарос да сусветнага ўзроўню, хоць і яны, дарэчы, паказалі выдатныя фізпадрыхтоўку і валявыя якасці. Што тычыцца Афрыкі, дык тут ёсць нейкая загадка. Зборная ПАР, хутчэй за ўсё, проста не справілася з хваляваннем і адказнасцю. Усё такі выступаць у родных сценах няпроста. Ну, а калі глядзіш на гульню некаторых афрыканскіх каманд — Кот‑д’Івуар ці Камеруна, напрыклад, часам ловіш сябе на думцы, а ці не ёсць гэта клоны французскай зборнай? Гэтым разам далей за іншых прасунулася англамоўная Гана.

Тут ёсць яшчэ адна цікавая заканамернасць. На чэмпіянаце паўтарыўся класічны падзел, пра які заўсёды згадваюць падчас самітаў «дваццаткі» і супраць якога пратэстуюць антыглабалісты. Размова ідзе аб процістаянні высокаразвітай высокатэхналагічнай Поўначы і менш развітага, часам проста адсталага Поўдня.

Вітай, сум!

Большасць краін‑удзельніц чэмпіяната, у якіх найбольш высокі ўзровень жыцця, пацярпелі паразу. Швейцарыя (2‑е месца ў свеце) і Данія (4‑е) паказалі ўвогуле бяздарны футбол. Вылецелі Аўстралія (6), ЗША (9), Новая Зеландыя (10), Англія (12). З высокаразвітых краінаў засталіся толькі Нідэрланды (8), Германія (14) і Іспанія (19).

У астатніх футбольных фаварытаў узровень жыцця значна больш сціплы. Уругвай на 33‑м месцы. Дарэчы, адразу следам за ім ідзе Славакія. (Мне асабіста славацкія футбалісты сваім выглядам і манерай нагадалі маладых панкаў, а іх гульня — у нейкім сэнсе панк‑рок.) Аргентына на 38‑м, Бразілія на 41‑м, Парагвай на 57‑м, Гана на 79‑м (на усялякі выпадак, для параўнання — Беларусь займае ў гэтым рэйтынгу за 2009 год 85‑е месца!)

Еўрапейцам, канечне, было даволі складана адаптавацца да гульні ў Паўднёвай Афрыцы. Хоць да адносна нізкіх тэмператур, а часам і дажджоў, якія назіраюцца ў гэты сезон у розных мясцінах, дзе цяпер адбываецца турнір, немцам або галандцам прыстасавацца нескладана. А вось краіны міжземнамор’я з яго выключна мяккім кліматам — ад Грэцыі, Італіі і Славеніі да Францыі і Алжыра, турнір пакінулі. Пакуль засталіся толькі іспанцы.

Зразумела, тлумачыць усе асаблівасці ЧМ‑ 2010 выключна геаграфічнымі ці геаэканамічнымі прычынамі не даводзіцца.

Як і ўсе папярэднія чэмпіянаты, гэтае грандыёзнае свята футбола запомніцца заўзятарам, найперш, вялікімі расчараваннямі. Я маю на ўвазе менавіта сапраўдныя расчараванні, а не дробязі, кшталту таго, што на некаторых стадыёнах ужо зусім кепскія газоны, на трыбунах увесь час гучаць вувузелы (іх гук падчас тэлетрансляцыяў вельмі хутка перастаеш заўважаць), а суддзі дапускаюць недаравальныя памылкі (а на якім чэмпіянаце калі абыходзілася без такіх памылак?). Тое, што чэмпіёны і віцэ‑чэмпіёны свету вылецелі з турніру яшчэ ў першым коле, па вялікім рахунку, цяжка назваць расчараваннем. Хіба пры той гульні, якую яны дэманстравалі, нехта спадзяваўся на большае? Мабыць, толькі самі французы ды італьянцы.

Штурм унд Дранг

У кожнай каманды ёсць свае заўзятары. Калі адкінуць нацыянальныя прыхільнасці (мы ж глядзім чэмпіянат, нягледзячы на адсутнасць на ім Беларусі), дык выбіраем мы каманду, якая адпавядае нейкім нашым марам і ідэалам. Але ідэалам і ілюзіям наканавана разбурацца. Гэта падстава прагрэсу.

На жаль, каманда, якая мае свой непаўторны стыль, гуляе асабліва прыгожа і нестандартна, найбольш рызыкуе стаць ахвярай «тэндэнцыі».

Тых, хто выбіваецца з агульнай хвалі, не любяць чыноўнікі ФІФА, не любяць суддзі, не любяць каманды‑спаборнікі, для якіх галоўнае — вынік, а не гульня.

Некалі ў 70‑я, памятаю, многія перажывалі за галандцаў, якія прыдумалі татальны футбол, але не змаглі супрацьстаяць зборнай ФРГ, якая спавядала зусім іншую манеру гульні — больш акадэмічную, агрэсіўную, прыземленую. Сёння зборную Германіі не пазнаць. Адкуль узяліся гэтая лёгкасць, імклівасць, вынаходлівасць, нават інтэлігентнасць?

Проста нейкі стыль Sturm und Drang (Віхура і Націск) эпохі нямецкага рамантызму.

Нехта з расійскіх журналістаў пасля пройгрышу Германіі Сербіі вынес ёй прысуд. Маўляў, раней у каманды быў высокі баявы дух, яна грала, нібыта, у нейкі «тэўтонскі футбол» і перамагала ўсіх запар. А цяпер у зборнай ФРГ гуляюць палякі, туркі, арабы, бразільцы — і вось вам вынік. Але ж у тым і справа, што калі мы бачым на полі Міраслава Клозе, Лукаша Падольскага, Месута Азіла, Жэрома Баатэнга, ды іншых, мы не думаем пра тое, хто з іх натруалізаваны немец, а хто не. (А яны, адрозна, ад французаў, не думаюць пра тое, у каго з іх больш «зорны» статус). Мы бачым адзіную каманду, якая грае ў натхнёны футбол. Прыкладна як некалі галандцы. Якія цяпер гуляюць у значна больш рацыянальны футбол.

Але не выключана, што фінальную чацвёрку ўсё ж складуць прадстаўнікі Паўднёвай Амерыкі. Тэндэнцыя, аднак…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?