Марозным студзеньскім днём 1943 г. партызаны Кіраўскага атраду Расонскай брыгады імя Сталіна сабраліся на пастраеньне. Рапартаваць выпала каржакаватаму мужчыну, які і раней крыху заікаўся, а цяпер у бедалагі, апрача «т-т-т, к-к-к», нічога з вуснаў не выходзіла. Таварышы тады параілі прасьпяваць гэныя словы, і ён засьпяваў:

– Таварыш камандзір, казармы гараць! Нам трэба адступаць.

Зрэшты, пастраеньне было фармальнасьцю. І так было відаць, што казармы гараць. Чорны дым шугаў высока ў неба, языкі полымя прабіваліся з вокан і даху. Іскры падалі ў роў, на дне якога пад сьнежным покрывам і лёдам працякаў ручай Сьмерд, які тут жа, у вёсцы Саколішча, упадаў у рэчку Нішчу.

Падпаліць казармы загадаў сам камандзір атраду – надоечы пасыльны са штабу брыгады прывёз загад: спаліць, каб не засталіся ворагу. На Расонскі партызанскі край сунуліся дзьве карныя экспэдыцыі. Адна – з чыгуначнай станцыі Дрэтунь, другая – зь Себежу. Каб прыпыніць іхняе нашэсьце, у партызанаў было нямала сіл – пяць тысяч ваяроў. Праўда, ваякі 7-й і 11-й калінінскіх брыгад (яны прыйшлі з Калінінскай вобласьці і знаходзіліся ў вёсках паблізу Расон) аказаліся няважныя. Іх баяліся пусьціць у бой, бо пры першай сутычцы з ворагам маглі разьбегчыся. Камандаваньне гэтых расейскіх брыгад толькі й чакала аказіі, калі можна было б адправіць свой кантынгент за фронт, у Чырвоную Армію.

Своеасаблівую дапамогу расонскім змагарам аказалі латыскія партызаны. На дзесяцёх санях з новенькімі аўтаматамі, кулямётамі і гранатамі яны прымчаліся напярэймы карнікам, якія наступалі з боку Себежу. У занесенай сьнегам канаве занялі паміж вёскамі Прахорава і Паўлава абарону з разьлікам «ні кроку назад». Ваяўнічы дух ад латышоў перадаўся нашым партызанам. Яны выкацілі зь лесу гармату і прамой наводкай падбілі танк, які суправаджаў экспэдыцыю. Наступ карнікаў захлынуўся. Вораг адступіў.

Так што яўна пасьпяшаліся партызаны спаліць раскошныя, цёплыя казармы, пабудаваныя немцамі (з прыцягненьнем мясцовых мужчынаў) яшчэ ўвосень 1941 г. Цяпер атрад імя Кірава вымушаны быў перасяліцца ў цагляную будыніну, што каля вёскі Янкавічы. А гэта за дзесяць кілямэтраў ад Сакалішча. Партызаны-кіраўцы ўжо ня будуць мець магчымасьці часта наведваць свае сем’і.

Партызанскае камандаваньне чамусьці лічыла, што карнікі адначасова будуць наступаць на Расонскі раён і з боку Полацку. Таму было дадзена заданьне кіраўцам перакрыць бальшак, які вёў з Полаччыны ў Сакалішча, дрэвамі. Сьпілоўваліся высокія яліны і сосны так, каб яны падалі на шлях.

Савецкі плякат 40-х гадоў.

Да лесарубаў пад’ехалі на лыжах у масхалатах кадравыя партызаны. Такімі называліся тыя, хто перад самай вайной служыў у войску і меў баявую вывучку. Яны крыху звысоку глядзелі на партызанаў, якія дагэтуль і пры савецкай, і пры нямецкай уладзе толькі й ведалі што корпацца ў зямлі. Некаторыя з кадравікоў былі аматарамі моцна мацюкнуцца.

– Здарова, мужыкі, такую вашу растакую! Завалілі дарогу, а нам цяпер круціся каля пнёў.

– А куды сьпяшаецеся?

– Ёсьць заданьне. Спаліць гарадок.

– Спаліць?!

– А што? Чаго насы павесілі?

– Мы там нядаўна жылі.

– А й праўда… Але нічога не папішаш. Заданьне ёсьць заданьне. Так што не крыўдуйце й не кляніце… Ну, мы паехалі.

Гаворка ішла пра ваенны гарадок (кодавая назва «6-ты ўчастак»), пабудаваны каля вёскі Ўладычына на пачатку 1930-х ва ўмацаваным раёне, які цяпер модна зваць «Лініяй Сталіна». Тут, на ўзьлесьсі, былі прасторныя казармы для чырвонаарамейцаў і камандзіраў, інтэрнат для іх сем’яў. Воданапорная вежа, сталоўка, склады, канюшня… Усё было збудавана з тоўстых хвояў і ялін.

Гэтыя дыхтоўныя памяшканьні з дазволу нямецкай улады занялі ў ліпені 1941 г. вяскоўцы, у якіх у выніку баёў згарэлі хаты. Восеньню наступнага году мужчыны пайшлі ў партызаны, а за імі неўзабаве вымушаны былі перасяліцца на Расоншчыну іхнія сем’і. Гарадок апусьцеў. І вось зусім зьнік зь зямлі. Засталіся попел ды абгарэлая цэгла.

Нямецкія жаўнеры і цывільнае насельніцтва. Вёска Шацілава (Полаччына). 1941 год.

Падобны лёс яшчэ раней напаткаў гарадок («7-мы ўчастак»), які знаходзіўся ў разрэджаным лесе паблізу вёскі Лісуны. Доўга гарэлі смалістыя бярвёны. Уначы небакрай набываў барвова-злавесную афарбоўку. Гэта ўжо справа іншых партызанаў, з брыгады «За Савецкую Беларусь» (пазьней, у сакавіку 1943 г., перайменаваную ў брыгаду імя Ракасоўскага, дзе камісарам быў Пятро Машэраў, у пэрспэктыве першы сакратар ЦК Кампартыі Беларусі).

Першае зьяўленьне ўлетку 1942 г. партызанаў гэтай брыгады ў маёй мясцовасьці адзначылася разгромам сэпаратарнага пункту ў вёсцы Сякі. Ушчэнт былі разьбітыя апараты, а на дзьвярах прыклеена папера са словамі: «Пейте, девки, сами молоко. Красные недалеко».

Нямецкі плякат 40-х гадоў.

Неўзабаве, у жніўні, гэтая брыгада пасьпяхова правяла буйную апэрацыю, якая прынесла ёй заслужаную славу. Быў падарваны чыгуначны мост цераз раку Дрысу на Баніслаўскім разьезьдзе, у выніку чаго рух цягнікоў спыніўся на тры тыдні.

Але зь песьні слова ня выкінеш. Былі й неразумныя дзеяньні. Тыя ж бяз дай прычыны падпалы, пажары, якія не наносілі ворагу шкоды, а партызанам не прыбаўлялі славы. Зрэшты, пра гэта ў сваіх успамінах апошнія лічылі за лепшае прамаўчаць.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?