Беларусь пагасіла дзяржаўны крэдыт, які быў узяты ў Азэрбайджану на 12 дзён для разьлікаў з «Газпромам».

Плянавы тэрмін вяртаньня крэдыту надыходзіў 5 ліпеня, але было прынятае рашэньне поўнасьцю разьлічыцца па гэтым крэдыце ўжо сёньня.

Кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка раней заявіў, што для пагашэньня доўгу перад «Газпромам» за газ, пастаўлены ў студзені‑красавіку гэтага году, быў узяты дзяржаўны крэдыт у Азэрбайджану на 200 мільёнаў даляраў. З гэтай сумы быў зроблены плацёж на адрас «Газпрому» ў памеры 187 мільёнаў даляраў.

Прыцягненьне дзяржаўнага крэдыту з Азэрбайджану было замацавана пастановай беларускага ўраду ад 22 чэрвеня. Прэс‑служба Лукашэнкі ў той дзень паведаміла, што адбылася тэлефонная размова кіраўніка Беларусі з прэзыдэнтам Азэрбайджану Ільхамам Аліевым.

Апроч таго, 25 чэрвеня ўрад прыняў пастанову № 969, якая ўступіла ў сілу задняй датай — 23 чэрвеня, у дзень пералічэньня плацяжу «Газпрому». Згодна з дакумэнтам, у 2010 годзе «Белтрансгаз» атрымаў бюджэтную пазыку ў памеры 186 мільёнаў 617 тысяч даляраў «для пагашэньня доўгу за пастаўлены «Газпромам» прыродны газ зь яе вяртаньнем не пазьней за 30 чэрвеня 2010 году».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?