Святкаванне афіцыйнага дня незалежнасці ў Докшыцах уразіла сваёй бязглуздзіцай і трэшавасцю.

Па цэнтры горада былі развешаныя дынамікі, з якіх лілася афіцыйная прапаганда. Расповеды пра «прызнаную ва ўсім свеце адукацыю» і «высокую якасць айчыннага машынабудавання» так раздражнялі сваёй крывадушнасцю, што хацелася ўзяць камень ды трэснуць па якому з дынамікаў.

Днём на сцэне каля возера быў канцэрт. Вядоўца гаварыў па-беларуску, выступоўцы спявалі пераважна па-расейску. Людзей было няшмат. На святкаванне прыйшоў старшыня райвыканкама, у якога на грудзях была прычэпленая перагорнутая наадварот чырвона-зялёная стужка.

Атрыбутыка, з якой грамадзяне прыйшлі на вечаровую праграму афіцыйнага свята, не мела дачынення ні да «вызвалення», ні да «незалежнасці», ні да здаровага розуму. Пачварныя маскі, д’ябальскія рожкі, пірацкія сцяжкі. Нейкі мужчына прыйшоў у жоўта-чырвоным парыку.

Найбольш бавяцца гэтымі забаўкамі дзеці — вядома, са згоды і за грошы бацькоў. Але што вырасце з дзіцяці, якое з малых гадоў цягнецца да атрыбутыкі, якая стагоддзямі асацыявалася з найгоршымі сіламі зла?

Калі пачалося выкананне афіцыйнага гімна, мне давялося стаяць на самым высокім месцы пляцоўкі. Натоўп ні на кроплю не прыціх. З розных бакоў мільгацелі чырвоным колерам д’ябальскія рожкі. Не дай Бог, каб у вольнай Беларусі падчас спеву «Магутны Божа» так рабілася…

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?