Увосень я ўдзельнічала ў праекце "Навучальныя стажыроўкі ў Польшчы". Культурнае аб'яднаньне "Borussia" запрасіла мяне і іншых студэнтаў у польскі Ольштын. Здавалася б, што яшчэ я ня ведаю пра нашу заходнюю суседку...

Як на Радзіме, але…

Польшча сустрэла беларускіх і ўкраінскіх студэнтаў цёплым восеньскім сонейкам, а 180-тысячны Ольштын - цэнтар Варміньска-Мазурскага ваяводзтва - адразу зачараваў спакоем і суладнасьцю. Пасьля Другой сусьветнай Вармія і Мазуры ўвайшлі ў склад Польшчы, і сюды - "на землі адзысканыя" - пераехала шмат рэпатрыянтаў з СССР: Беларусі, Украіны, Літвы. Магчыма, таму ў катэдральным касьцёле сваім прыхільным позіркам сустрэла з бакавога аўтара Вастрабрамская Маці Божая. Як на Радзіме…

Па прыезьдзе мы наведалі ваяводзкі соймік - так прадугледжвала праграма. У сойміку пагутарылі з шэфам канцылярыі Віктарам Маркам Лейкам. Пасьля гутаркі зразумелі, што мясцовае самакіраваньне можа мець рэальную ўладу ды самастойна распараджацца прыбыткамі без аглядкі на цэнтар. У павятовым Шчытне мы пагутарылі зь людзьмі, што непасрэдна ажыцьцяўляюць мясцовае самакіраваньне. Аказваецца, што можна кіраваць ня толькі "зьверху", але й "зьнізу". Для насельнікаў былога СССР гэта нават цяжка ўявіць. Зрэшты, што казаць, калі ў мясцовым музэі, сярод рэчаў побыту сялянаў XIX ст. ёсьць прас і лядоўня.

І ніякага БРСМ

Будынкі Ольштынскага ўнівэрсытэту - 14 факультэтаў і 40 тыс. студэнтаў - месьцяцца на ўскраіне гораду, ствараючы цэлы студэнцкі гарадок. Гэта адзіны такога кшталту комплекс у Польшчы - акрамя вучэбных карпусоў ды інтэрнатаў на яго тэрыторыі ёсьць свае крамы, банк, пошта. Сапраўдны горад (плошчай 230 га) у горадзе! Асабліва нас уразіла цішыня: няма тлуму мітусьлівага гораду, як у Менску, а возера зь лебедзямі, палі, паркі настройваюць на засяроджанасьць і плённую працу. У студэнцкім гарадку ёсьць бібліятэка, стайня, канфэрэнц-заля, касьцёл, спартыўны комплекс, рэдакцыі радыё і газэт унівэрсытэту. І тут, як у "горадзе": студэнты маюць важкі голас у абмеркаваньні ўнівэрсытэцкіх пытаньняў, самі прапаноўваюць нейкія цікавыя праекты і атрымліваюць грошы на іх ажыцьцяўленьне.

На наступны дзень мы сустрэліся з удзельнікамі гуртка славістыкі Ольштынскага інстытуту нэафілялёгіі. Цікава было паразмаўляць з польскімі студэнтамі, што вывучаюць, акрамя расейскай, яшчэ беларускую і ўкраінскую мовы.

Прышчэпка салідарнасьці

Едзем у Гданьск. Настрой, як і надвор'е, сонечны. Найперш накіраваліся на гарадзкую суднавэрф, дзе нарадзілася "Салідарнасьць". Праходзячы цераз залі музэю прафсаюзу, думаеш, што менавіта гэтага пачуцьця не хапае зараз людзям у тваёй краіне - салідарнасьці. Адчуваньня, што за тваёй сьпінай вялікі натоўп, які думае так жа, як і ты. А пакуль гэтага ня будзе, нас ня зьдзівяць палічкі-экспанаты савецкай крамы, на якіх самотна стаіць соль і воцат, а гук "Размова кантралюецца" з тэлефоннай будкі будзе надалей палохаць і нагадваць тваю рэчаіснасьць.

Здаецца, Гданьск падобны на іншыя эўрапейскія гарады з старажытнай гісторыяй. Аднак блізкасьць да мора робіць сваю справу - і партовы горад мае сваю непаўторную атмасфэру. Можа, гэта гандляры бурштынам, дзякуючы якім горад падаецца адной вялікай ювэлірнай крамай, а мажліва, і нязвыклыя каменныя ганкі, упрыгожаныя кожны на свой манер.

* * *

Засталі мы і як у Польшчы адзначаецца Дзень усіх сьвятых. Пачынаеш лепш разумець краіну, калі ўвечары бачыш тысячы сьвечак на могілках і людзей, якія, адарваўшыся ад уласных турбот, паводле даўняга звычаю прыйшлі памаліцца за душы памерлых. У гэты момант ловіш сябе на думцы, што крыху зайздросьціш ім, бо яны добра ведаюць, чаго вартыя, і разам, грамадою дабіваюцца гэтага. Добра б нам так.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?