Урачыстае адкрыццё фестывалю «Славянскі базар» пройдзе сёння на сцэне Летняга амфітэатра ў Віцебску.

Каля 5 тыс. гасцей з 34 краін свету возьмуць удзел у XIX форуме мастацтваў. Упершыню на фестываль прыедуць прадстаўнікі Чарнагорыі, Панамы і Кубы. У праграме «Славянскага базару» заяўлена 70 творчых праектаў, для правядзення якіх будуць задзейнічаныя 16 канцэртных і творчых пляцовак горада. Толькі на галоўнай сцэне — у Летнім амфітэатры — пройдзе 19 канцэртаў. Упершыню абноўленая плошча Перамогі стане месцам правядзення адразу двух канцэртаў.

XIX Міжнародны фестываль мастацтваў «Славянскі базар у Віцебску» захавае традыцыйную структуру і зноў падорыць сустрэчы з майстрамі мастацтваў Беларусі, Расіі і Украіны, дарослы і дзіцячы песенныя конкурсы, а таксама звыклую кіна- і тэатральную праграму.

Зорным інтэрнацыянальным складам удзельнікаў будзе адметны канцэрт урачыстага адкрыцця: Дзмітрый Хварастоўскі, Мікалай Баскаў, Ларыса Доліна, Юрый Антонаў, Стас Міхайлаў, Алена Ваенга, Іна Афанасьева, ансамблі «Песняры» і «Сябры», Таісія Павалій, Томас Андэрс, Чэні і Невегрын, Хелена Вондрачкава.

У канцэртных афішах фестывалю таксама пазначаныя імёны Аляксандра Сярова, Валерыі, Дзімы Білана, Тота Кутуньё. Арганізатары фестывалю не забыліся і аб спрактыкаванай публіцы. Для музычных гурманаў выступяць Ніно Катамадзе і група «Insight», джаз-кабарэ Сяргея Скрыпкі і кабарэ-бэнд «Сярэбранае вяселле». Знаўцы вакальнага мастацтва, без сумнення, будуць удзячныя за сольныя канцэрты Дзмітрыя Хварастоўскага і Сяргея Захарава. Не засталіся без падарунка і тэатралы. Для іх свае спектаклі прывязуць Маскоўскі тэатр на Паўднёвым Захадзе, Санкт-Пецярбургскі дзяржаўны моладзевы тэатр на Фантанцы. Святлана Кручкова будзе чакаць сваіх паклоннікаў на творчым вечары. У кінапраграме «Славянскага базару» — беларускія, расійскія і ўкраінскія фільмы. Вядомая актрыса Вера Глаголева прывязе ў Віцебск сваю рэжысёрскую работу — фільм «Адна вайна».

У фестывальную мітусню ўнясуць інтрыгу дарослы і дзіцячы конкурсы выканаўцаў эстраднай песні. У міжнародным конкурсе маладых выканаўцаў возьмуць удзел 19 канкурсантаў з 19 краін, упершыню ўключыцца ў барацьбу за Гран-пры прадстаўнік Кубы. Беларусь на міжнародным конкурсе выканаўцаў эстраднай песні «Віцебск-2010» будзе прадстаўляць Дзяніс Вяршэнка — уладальнік Гран-пры міжнароднага фестывалю-конкурсу сцэнічнага мастацтва «На высокай хвалі-2009» (РФ), ад Расіі заяўленая Ганна Малышава, прызнаная найлепшай на Усерасійскім конкурсе-фестывалі эстраднага мастацтва імя Б. Брунова. Журы дарослага конкурсу ўзначаліць зорка ўкраінскай эстрады Таісія Павалій — уладальніца Гран-пры конкурсу маладых выканаўцаў «Віцебск-1993» на «Славянскім базары».

На дзіцячым песенным конкурсе, які пройдзе 8-ы раз, будуць прадстаўленыя 22 удзельнікі з 19 краін, у тым ліку першы раз юныя артысты з Нідэрландаў і Чарнагорыі. За Беларусь выступяць Злата Ларчанка і Аня Зайцава.

Амаль 900 рамеснікаў і мастакоў стануць удзельнікамі Горада майстроў на «Славянскім базары ў Віцебску». Традыцыйнымі пляцоўкамі для размяшчэння народных майстроў і рамеснікаў будзе вуліца Чайкоўскага, вядучая да цэнтра «Дзвіна», і пляцоўкі каля канцэртнай залы «Віцебск». Старадаўнія вуліцы Талстога і Суворава, якія сталі нядаўна пешаходнымі, ператворацца ў салон пад адкрытым небам, дзе свае творы выставяць амаль 100 мастакоў.

Для тых, хто не зможа пабываць на фестывалі, Нацыянальная дзяржаўная тэлерадыёкампанія Рэспублікі Беларусь — галоўны вяшчальнік фестывалю — будзе весці трансляцыі на працягу ўсіх святочных дзён. Пачынаючы з 9 ліпеня гледачы Першага канала і тэлеканала «Лад» змогуць убачыць большую частку ўсіх канцэртаў фестывалю. Як чакаецца, асвятляць «Славянскі базар» прыедуць каля 400 журналістаў — прадстаўнікоў друкаваных і электронных СМІ з розных дзяржаваў.

Урачыстае закрыццё фестывалю пройдзе 15 ліпеня.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?