У Палацы мастацтваў (Казлова, 3) распачаўся традыцыйны фэст сучаснага мастацтва «ДАХ».

Міжнародны фестываль эксперыментальнага мастацтва «ДАХ» упершыню прайшоў у 2001 г. у берлінскім цэнтры «Тахелес». З таго часу амаль кожны год гэты фэст ладзіцца то ў Берліне (у жылым доме, ператвораным у адну вялікую выставачную залу), то ў Мінску (у адносна рэспектабельным Палацы мастацтваў) і нязменна збірае пад свой дах тых, хто не цураецца эксперыментаваць у розных кірунках мастацтва.

Сёлетні фэст праходзіць пад кодавым назовам MAGEIA CEREBRUM («Цёмныя таямніцы мозгу»). Расцягнуты на цэлы месяц фестываль пазнаёміць наведнікаў з творчасцю тых мастакоў, якія эксперыментуюць са словам, гукам, жэстам, фарбай. Экспазіцыя на працягу фестывалю зменіцца тры разы. Музыкі, лiтаратары, перформеры i тэатральныя суполкi будуць чаргавацца бесперапынна…

Сама цікавыя імпрэзы першага фестывальнага тыдня:


«Механёры Культуры

13 ліпеня, аўторак. Перформанс ад «Механёраў культуры». Тэатр перформансу (назавем яго так) «Механёры культуры" зладзiў блiзу пяцiдзесяцi перформансаў (і не зладзiлi яшчэ больш). Механёры - майстры бойкi з млынамі. Замест ветрака – Яе Вялікасць Культура, якая ўжо колькі гадоў, паводле механёраў, «варушыць сваiмi павучынымі канцавінамi». МК часам сям-там чаго-небудзь цыруюць, падбiваюць, выпраўляюць, каб гэты гмах змог дажыць да самага Канца. Механёры iснуюць у кожнай краiне свету (а сярод іх ёсць і беларускі мастак, мінчук-берлінец Алесь Родзін), аднак эпiцэнтр заўседы знаходзiцца ў Беларусі. Пачатак а 18-й. Прыходзьце: ведаючы МК, можна сказаць, што будзе таямнічае і ўрачыстае дзейства.


15 ліпеня, чацвер. Праект «Філаматы-Філарэты». Бард Аляксей Жбанаў і сябры нечакана далучыліся да фэсту сучаснай культуры. Чаму нечакана? Бо ягоны праект — гэта даніна класічнаму бардаўскаму выкананню. Што робіць яго адметным, дык гэта пераклады вершаў філаматаў і філарэтаў на беларускую мову: Адама Міцкевіча, Яна Чачота ды інш. Аўтары ўводзяць творчасць філаматаў і філарэтаў з дапамогай бардаўскай песні, узнаўляюць перарваную повязь культуры, спрабуюць пераадолець штучную мяжу паміж беларускамоўнай народнай і польскамоўнай шляхецкай культурай Беларусі ХІХ ст.


16 ліпеня, пятніца. Падляшскае кіно. Падляшша – край польска-беларуска-ўкраінскага сужыцця, дзе судакранаюцца культуры. Суполка Filmowe Podlasie Atakuje/«Кінападляшша атакуе!» прэзентуе чарговы зборнік кароткаметражных стужак сваіх сяброў, якія здабылі прызы на разнастайных кінафэстах, а таксама стужкі пачаткоўцаў. Пачатак а 16-й.


Вера Бурлак у ролі...

19 ліпеня. «Кабарэ Матыльды Штор" - Dostoevskij coming back/«Дастаеўскі вяртаецца». КМШ – беларускі дэкаданс. Імпазантныя літаратары Вера Бурлак, Віктар Жыбуль і Максім Іўкін выконваюць арыгінальныя прыпеўкі, вершы. Сябе лічаць наўпроставымі спадкаемцамі адэскіх куплетыстаў, стваральнікаў кабацкіх песняў і маэстра Вярцінскага. Дастаеўскі пачне вяртацца а 16-й.


Анна Герасімава

21 ліпеня, серада. Умка и Броневик. Літаратурная вечарынка выдавецтва «Галіяфы» з удзелам Вольгі Гапеевай, Арцёма Кавалеўскага, Веры Бурлак, Віктара Жыбуля, Змітра Пляна, Сяргея Календы, Усевалада Гарачкі, Вікі Трэнас, Міхася Башуры, Змітра Вішнёва спалучыцца з канцэртам класікаў расійскага року «Умка и Броневик». Песні Умкі (у жыцці – вядомай расійскай перакладчыцы з ангельскае і літоўскае Анны Герасімавай) – інтэлектуальны рытм-энд-блюз, які часта параўноўваюць з амерыканскім псіхадэлічнымі гуртамі 70-х. Калі колісь зладзяць расійскі Вудсток – дык УиБ, пэўна, будуць там за хэдлайнера. Пачатак а 20-й.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?