У рацыянальным і пранізлівым лісце Мікалай Аўтуховіч заклікае апазіцыю да яднання і дзеяння.

Мікалай Аўтуховіч асуджаны да пяці гадоў пазбаўлення волі нібыта за незаконнае захоўванне патронаў. Вядомага актывіста спачатку спрабавалі абвінаваціць у тэрарызме, падрыхтоўцы замаху на кіраўніка Гарадзенскай вобласці і многае іншае. Справа, аказалася, шытая белымі ніткамі, што і высветлілася ў адкрытым судовым паседжанні. Але сёння Мікалая Аўтуховіча хвалюе не яго ўласная справа, а тое, што адбываецца ў краіне. Ліст палітвязня публікуе «Народная воля».

Дарагія сябры, спадары і ўсе тыя, хто праявіў салідарнасць у маёй справе!

Я хачу падзякаваць усім, хто на працягу і папярэдняга, і судовага следства аказваў мне маральную падтрымку. Калі б не Вы, то, паверце, цяжка было б выйграць гэты суд.

Я рады, што хоць штосьці змагло аб'яднаць усіх палітыкаў, прадстаўнікоў розных грамадзянскіх груп, дый простых грамадзян у супрацьстаянні следча-судовай машыне, якая ледзь не асудзіла мяне за тэрарызм на 20 гадоў пазбаўлення волі. Спадзяюся, што гэты вопыт сумеснай і зладжанай работы навучыць усіх нашых палітыкаў: толькі такімі арганізаванымі дзеяннямі яны могуць чагосьці дамагчыся, змогуць быць карыснымі нашаму народу.

Мы паказалі людзям, што трэба не баяцца, што трэба супраціўляцца; не маўчаць, а крычаць на ўвесь свет.

І, што мяне асабліва радуе, рэакцыя на ўсё гэта самавольства ў адносінах да мяне і маіх калег была не толькі ад міжнароднай грамадскасці, але мы атрымалі такую рэакцыю і ўнутры Беларусі.

Калі наша справа стала гучнай, вельмі шмат лістоў з месцаў пазбаўлення волі стала публікавацца і ў прэсе, і ў інтэрнэце. Гэтая хваля лістоў паднялася дзякуючы нашаму супраціву. Людзі на «зоне» зразумелі, што ў іх і там ёсць канстытуцыйныя і грамадзянскія правы, што месцы пазбаўлення волі гэта не «гета», дзе людзі становяцца аб'ектам гвалту і здзекаў з боку дзяржавы.

Вы не паверыце, колькі людзей сядзіць у турмах не таму, што яны вінаватыя, а таму, што за іх няма каму заступіцца. Судова-прававая сістэма, адчуваючы сваю беспакаранасць, садзіць і прэсуе ўсіх запар. Схема простая: ёсць праблема - будзе і вінаваты. Больш за тое, калі няма праблемы, а ёсць той, каго трэба пасадзіць, то знаходзіцца падстава.

Я бачу, што галоўная праблема ў турмах Беларусі - боязь людзей супраціўляцца гэтаму беззаконню. У «дзяржаўнай машыны» усё адпрацавана: яна шукае слабыя месцы ў чалавека і цісне. Як правіла, гэта ціск на сям'ю, на жонку, на дзяцей. І чалавек баіцца супраціўляцца, каб не зрабіць горш сваім блізкім.

У гэтай машыны ўсё пабудавана на страху. Але ў маім выпадку яны не ўлічылі тую акалічнасць, што я гатовы ісці да канца. Што мне не страшная смерць, што значна страшней жыць ў ілжы, -- і тут мяне зразумее кожны «афганец».

Так, такія нашы прынцыпы -- ветэранаў вайны ў Афганістане. Што мы там перажылі, не дай Бог нікому перажыць ў мірны час. Мы зарабілі сабе аўтарытэт у народа як воіны, байцы, і мы пакуль не зрабілі памылак, за якія нас хто-небудзь мог бы крытыкаваць (вядома, не бяром у разлік некалькіх адыёзных «афганцаў», прыкормленых уладай, якія са страху кідаюцца на сумленных і прынцыповых грамадзян). Я бачу, што на падыходзе час іншых людзей, але без нашай сумеснай салідарнасці гэты час можа так і не наступіць.

Наш народ хоча пераменаў, народ гатовы выбраць іншы, цывілізаваны шлях для развіцця Беларусі. Але для таго, каб людзі пайшлі за намі, патрэбна рэальная і разумная праграма пераменаў, якая была б зразумелая любому чалавеку.

Трэба знайсці самы праніклівы пасыл да людзей, які мог бы іх прымусіць не баяцца і перамагаць. Калі апазіцыя гэта зможа, то пад сцягам пераменаў можна зрабіць рэальнае прасоўванне да дэмакратыі ўжо ў найбліжэйшым годзе.
Я зараз у турме, але тут побач са мной знаходзяцца прадстаўнікі ўсіх слаёў насельніцтва, мы на самым дне гэтага ўбогага жыцця, і прасвет ў маім жыцці і ў жыцці гэтых людзей залежыць толькі ад Вас, мае дарагія суграмадзяне.

Я бачу, як шмат людзей у турме спадзяюцца на гэтыя прэзідэнцкія выбары, паколькі вераць, што пасля іх у іх у лёсе многае памяняецца. Асабіста я стаміўся верыць у тое, што нехта прыйдзе і дапаможа нам змяніць існуючы рэжым улады. Гляджу, як

народ радуецца таму, што Расея, нарэшце, адумаліся і заганяе Аляксандра Лукашэнку ў тупік, як людзі спадзяюцца, што менавіта Расея развяжа гэты вузел.

Але ў мяне асабіста няма надзеяў на Расею. Не зможа яна зрабіць гэтага, час пайшоў, мы самастойная дзяржава, і калі наспела неабходнасць змены ўлады, то зрабіць гэта мы павінны толькі самі, каб потым нікому і нічым не быць абавязаным.

Так, знешне ціск неабходны, паколькі і мацаваўся цяперашні рэжым з знешняй дапамогай, але гэта ціск будзе моцным толькі тады, калі будзе такое ж ўнутры Беларусі.

Я рады, што ў палітыцы з'явілася шмат маладых і яркіх асоб, і гэта нягледзячы на тое, што 16 гадоў праводзілася жорсткае здушэнне любых грамадзянскіх ініцыятываў. І таму звяртаюся да ўсіх палітыкаў -- яднайцеся, стварайце агульную каманду з стойкіх, ідэйных і мужных людзей, здольных стаць элітай новай улады. Толькі ў гэтым гарантыя пераменаў.

Я гатовы Вас падтрымаць чым змагу. У мяне зараз не той стан, каб абвясціць чарговую галадоўку, але калі пачнецца народнае абурэнне, то, будзьце ўпэўнены, што тут, у турме, мы знойдзем спосаб распачаць дзеянні ў знак салідарнасці з Вамі. Але сёння лёс пераменаў залежыць ад Вас, паколькі Вы на волі.

Вось, у прынцыпе, і ўсё, што хацеў напісаць. На гэтым тыдні сканчаю знаёміцца з пратаколам судовага следства, і хутка мяне адвязуць у калонію горада Івацэвічы. Я зразумеў, што ўсе свае праблемы, у тым ліку са здароўем, змагу вырашыць толькі тады, калі буду на свабодзе, а таму ў мяне ўсе надзеі на Вас.

Калі на гэтых выбарах мы не пераможам, то буду сядзець я ад званка да званка, як кажуць зняволеныя. І для мяне гэта будзе канчатковы прысуд майму здароўю, таму што законных падстаў з такім прысудам вызваліцца раней тэрміну проста няма.

Так што Вы ўжо не падвядзіце!

З павагай,

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?