Італьянская вайсковая паліцыя надоечы знайшла прыстанішча 10-гадовай Вікі Мароз – у Італіі яе называюць «Марыя». Дзьве жанчыны перахоўвалі яе ў сярэднявечным замку ў Альпійскіх гарах на мяжы з Францыяй. Замак належыць каталіцкай царкве і дае прытулак людзям, якія шукаюць духовага зацішку. «Нам амаль адразу стала вядома, што гэта тая дзяўчынка, пра якую пішуць газэты,» – прызнаўся адзін з куратараў цэнтру Франсыс Дарбэле.
Але «Марыя» сама міжволі выдала, дзе яна ёсьць. На відэазапісе, які прадстаўнікі яе «італьянскіх бацькоў» перадалі ў суд і на мясцовыя тэлеканалы, дзяўчынка прасіла пакінуць яе ў Італіі і казала, што знаходзіцца разам з сваімі «бабулямі».
Карабінэры, калі прыехалі за дзяўчынкай, стараліся не засмуціць яе. Яны ўмовіліся з жанчынамі разыграць спэктакль, каб дзяўчынка сама пагадзілася пакінуць замак і сесьці да іх у машыну.
«Марыя» ўпершыню прыехала ў Італію тры гады таму ў ліку дзясяткаў тысяч беларускіх сірот. Яе прыёмныя бацькі ўстрывожыліся, калі пабачылі на целе дзяўчынкі сьляды пабояў ды апёкі. Яны кажуць, што дзяўчынка распавядала пра жудасныя выпадкі сэксуальнага, фізычнага і псыхалягічнага ґвалту ў прытулку. Іхныя словы пацьвярджаюць псыхолягі і псыхатэрапэўты, якія гутарылі зь дзіцём. Свае справаздачы яны перадалі ў суд. А сёлета ў чэрвені, кажуць Алесандра Джуста і Марыя Барначын, дзяўчынка спрабавала ўтапіцца ў Міжземным моры. Калі яны яе ратавалі, яна вырывалася і крычала «Я лепей памру тут».
Суд у справах непаўналетніх у Генуі пастанавіў, што дзяўчынка мусіць вярнуцца ў Беларусь. Разам з тым, судзьдзі патрабавалі, каб «Марыю» перавялі ў іншы прытулак і хаця б першыя два тыдні за ейным станам маглі назіраць італьянскія дактары.
Але такі вырак не задаволіў ані прыёмных бацькоў, ані шмат каго з жыхароў мястэчка Кагалета.
8 верасьня «Марыя» мусіла вярнуцца ў Беларусь, аднак за гадзіну да вылету спадарыня Барначын заявіла карабінэрам, што схавала дзяўчынку.
Біскуп суседняга гораду Савона і дзяржаўны сакратар Ватыкану спрабаваў выступіць у якасьці пасярэдніка, аднак італьянскі ўрад заявіў, што судовае рашэньне мае быць выкананае, калі яно ня будзе адмененае пасьля разгляду апэляцыі.
❏
Сёньня апэляцыйны суд Генуі адклаў на некалькі дзён вынясеньне рашэньня ў справе Вікі Мароз.
Беларускі пасол Аляксей Скрыпко заявіў, што па вяртаньні ў Беларусь Віку ня будуць аддаваць у вілейскі інтэрнат, а, верагодна, уладкуюць у прыёмную сям’ю ці інтэрнат сямейнага тыпу.
Паводле словаў Аляксея Скрыпко, драматычная гісторыя Вікі сьведчыць пра неабходнасьць памяняць нарматывы ўсынаўленьня ў Беларусі.
«Патрэбныя больш празрыстыя і больш дакладныя нарматывы. Найбліжэйшым часам гэтае пытаньне будзе ўзьнятае. Патрэбная дыскусія, якая падрыхтавала б грамадзкасьць і сем’і, якія жадаюць усынавіць дзіцё, да непазьбежных зьменаў», – заявіў беларускі пасол у гутарцы з журналістамі перад Палацам правасудзьдзя Генуі.
Паводле Inopressa.ru (з спасылкай на Guardian) і «Агентства национальных новостей»/a>