Фота Юліі Дарашкевіч.

Дзмітро Паўлычка абсалютна дакладна прачытаў скразную метафару верша «Ляўкі»:

«Уладзімір Някляеў… Яму належаць праніклівай сілы радкі пра тое, як жыў і як пачуваўся ў савецкім часе беларускі прарок, — хвалены ўладай і ёю ж забіты Янка Купала:

Быў страшны Купала, на ім,

Яшчэ даваенным, жывым,

Святочна кашуля гарэла!

Праз гэты вобраз можна ўбачыць і Паўло Тычыну ды Максіма Рыльскага, Уладзіміра Сасюру ды Андрэя Малышку, на якіх гэтаксама гарэла іхняя святочная, прэзідыумная апратка! Вось жа, усё, што за таталітарным рэжымам мела святочнае прызначэнне, — гарэла, пякло, спальвала надламаныя сэрцы. Паэзія Уладзіміра Някляева напоўненая нечаканымі метафарамі, за якімі — пакутная доля Беларусі». (Прадмова Д. Паўлычкі да кнігі перакладаў Святланы Жолаб «Річка — нескінченна», «Кіеў», 2007.)

А вось жа некалі (пры першай публікацыі ў часопісе «Полымя») Анатоль Вялюгін (сам, без мяне) у радках:

«Ён будзе на сходках начных

Спяваць, зратаваных ад кулі

Сяброў абдымаць, на якіх

Святочна палалі кашулі!», — зрабіў праўкі:

«Сяброў абдымаць — і на іх

Святочна запальваць кашулі!»

Змяніўся скразны сэнс метафары, якім Анатоль Сцяпанавіч ахвяраваў або дзеля экспрэсіўнасці («і на іх святочна запальваць кашулі» — канечне ж, больш экспрэсіўна, чым «на якіх святочна палалі кашулі»), альбо каб свядома ад скразнога сэнсу адысці. Болей падобна да другога, бо апошнія радкі верша таксама змененыя.

Было:

«Усё гэта будзе пасля.

Усё гэта будзе ніколі.

Пасля — у мальбе і праклёнах,

Ніколі — у спратах віны

Мільёнаў маўклівых, мільёнаў

Жывых і святочна спалёных,

Саснёных, як смутныя сны…»

— а стала:

«Пасля — у мальбе і праклёнах,

Ніколі — у спратах віны…

Адзін і адзіны з мільёнаў,

Адзін і адзіны, спалёны

На ростанях смутных вайны».

«Працую, панімаеш, над паляпшэннем…» — часцяком, калі я заставаў яго над праўкамі рукапісаў, дасланых у рэдакцыю часопіса «Полымя», дзе ён загадваў аддзелам паэзіі, казаў Адмірал, як у літаратурным асяродку называлі Анатоля Вялюгіна, светлая яму памяць. Іншым разам пасля ягонай працы над паляпшэннем у тэксце не заставалася нічога, што б нагадвала арыгінал.

  • * *

Наскрозь рускаму і менавіта па-руску таленавітаму («Я пил из черепа отца за счастье на земле…») Юрыю Кузняцову я неяк даводзіў, што Дастаеўскі хоць і рускі пісьменнік, але беларус з сяла Дастоева, што пад горадам Іванавым, знакамітым сваімі кажухамі. «Чаму ж тады ён пра тое не згадаў нідзе і ніколі?» — спытаў Кузняцоў і быў вельмі здзіўлены, калі я працытаваў яму, узяўшы ў ягонай жа бібліятэцы кнігу:

«Усякая здаровая, зямная сіла верыць у сябе і ў сваю праўду, і гэта ёсць найпершая прыкмета здароўя народнага. Гэтая народная вера ў сябе і ва ўласныя сілы — зусім не застой, а, наадварот, зарука жыццёвасці і энергіі жыцця і ні ў якім разе не выключае прагрэсу і вялікага поспеху. Без гэтай веры ў сябе не выстаяў бы, напрыклад, на працягу вякоў беларускі народ і не ўратаваў бы сябе ніколі…»

  • * *

У пошуках праўды страчваеш шчасце.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?