Гэта не з калёнкі Лёліка Ушкіна: адказаць на гэтае пытаньні мусілі сёлета дзевяціклясьнікі на абласных алімпіядах па беларускай мове. Пытаньні, зацьверджаныя Міністэрствам адукацыі, рыхтавалі сёлета супрацоўнікі Белдзяржунівэрсытэту.

Адказаць на іх ня лёгка нават падрыхтаванаму чалавеку. "Ліліпутам і карлікам" аўтар гэтых радкоў азадачыў многіх адукаваных людзей: рэдактара часопісу "Роднае слова" Міхася Шавыркіна, паэта й выкладчыка БДУ Андрэя Хадановіча і яшчэ дзясятак чалавек з вышэйшай філялягічнай адукацыяй. У тым ліку і сяброў клюбу "Што? Дзе? Калі?".

Бальшыня (правёўшы "фанэтычны аналіз") рабіла выбар на карысьць "карліка": ён меншы, бо ў ім 6 гукаў. Да таго ж, мае памяншальны суфікс "-ік". Частка казала, што "ліліпут" меншы, бо такімі гэтых стварэньняў апісаў Сўіфт.

Які ж правільны адказ, пацікавіцеся вы? Ліліпут!

Што праўда, адназначна патлумачыць гэты "правільны" адказ складана. Напрыклад, журы Віцебскай вобласьці прапанавала 2 (!) абгрунтаваньні.

Першае. У беларускай мове назвы больш дробных істотаў гучаць больш мякка. Таму "ліліпут" зь дзьвюма мяккімі [л'] драбнейшы, чым "карлік" зь цьвёрдым [р].

Другое. Прадстаўніца журы патлумачыла, што ва ўдзельнікаў павінна ўзьнікаць асацыятыўная гукавая сувязь "лілі-мілі". Таму "ліліпут" па сугуччы зь "мілімэтрам" і "міліграмам" будзе меншы за "карліка".

Грушы на вярбе! Калі першы варыянт аргумэнтацыі слушны, то "леў" (мяккае гучаньне [л']!) драбнейшы за "яшчарку" (яна і "шыпіць", і "рычыць"), а "зьлейшы" гучыць больш пяшчотна за "дабрэйшага". Пра "лілі-мілі" я ўвогуле маўчу.

Галоўны інспэктар упраўленьня агульнай сярэдняй адукацыі Тамара Саўчук зьдзівілася майму тэлефанаваньню: "А чаму вам гэтае пытаньне падаецца недарэчным?"

Аўтар пытаньня дацэнт БДУ Ўладзімер Куліковіч паведаміў мне, што 80% школьнікаў інтуітыўна выбіраюць "ліліпута". Прынамсі, такія вынікі паказала менская абласная алімпіяда. А што рабіць астатнім 20%, у якіх няма такой "інтуіцыі"? І як можна, пардон, інтуіцыю закласьці ў навуковы паказьнік?

Аўтар тлумачыць, што "ліліпут" гучыць больш мякка, што ліліпутаў прыдумаў і апісаў Сўіфт, а карлікі - гэта людзі, ніжэйшыя за 150 см. Усё так, але пры чым тут фанэтыка?!

Магчыма, калі б аўтар пытаньня ўзяў выдуманыя словы (якую-небудзь "жажагабу" і "банікусю"), без трывалай сэнсавай прывязкі, пытаньняў да яго кампэтэнтнасьці не ўзьнікала б. Вялася б гаворка пра фонасэмантыку, псыхалінгвістыку й іншыя рэчы, якіх у школе яшчэ не вывучаюць.

У азначаным жа выпадку маем, што нават "Тлумачальны слоўнік беларускай мовы" паведамляе пра сынанімічнасьць словаў "ліліпут" і "карлік": "Ліліпут - чалавек вельмі маленькага росту; карлік".

Ня думайце, што праблема "ліліпута й карліка" - адзіная прэтэнзія школьнікаў да алімпіяды. Якога роду назоўнік "валі" (з націскам на першы склад)? Вы ня можаце бяз слоўніка адказаць, хто гэта? Генэрал-губэрнатар у Іране! Толькі не пытайцеся, чаму гэта павінны ведаць школьнікі на адімпіядзе па беларускай мове. Гэта вялікая службовая таямніца супрацоўнікаў Міністэрства адукацыі й выкладчыкаў БДУ!

Затое не выклікае сумневаў іншая "таямніца" алімпіядаў. Навошта трэба раздаваць удзельнікам алімпіядаў загадзя падрыхтаваныя асадкі (на віцебскай абласной алімпіядзе было зроблена менавіта так)? У савецкі час у школах асадкі з стрыжнямі аднолькавага колеру (альбо аднолькавы атрамант) практыкаваліся на кантрольных і выпускных работах для таго, каб настаўнік мог незаўважна зрабіць праўкі. Звычайна для паляпшэньня працы фаварыта. Не хачу беспадстаўна вінаваціць работнікаў адукацыі, але ўсё ж не разумею: нашто аднолькавасьць асадак?

Вось такія алімпіядныя развагі. "Лілі-мілі, тралі-валі"...

Фота Арцёма Лявы

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?