«I am a passenger»

Iggy Pop

Краявіды ратуюць ад скрухі й нуды,

выпадковым маршрутам імчыш не туды,

але ў цалкам адвольным напрамку.

Бо жыцьцё і прырода – праявы гульні,

пару тыдняў шалёных у лёсу сьцягні

і свавольнічай бесьперастанку.

Сьвінафэрмы, ангары – някідкі той фон,

што знутры вырывае прыглушаны стогн,

натуральны ў тутэйшых шыротах.

Кожны ночны ліхтар – нібы казачны эльф.

Непаўторны палескі жаночы рэльеф

пазбаўляе спакою і цноты.

Гэты край выклікае іронію й жах.

Як выходзіш і чуеш у тамбуры пах

адпаведных інтымных сэкрэцый,

сэрца поўніцца злосьцю. Часовы сусед

запрашае на доўгі й дурны тэт-а-тэт.

І ў кішэні – апошні сэстэрцый.

Ноч, вакзалы, лясы – букалічны ляндшафт.

Краявіды тутэйшыя – цудны варштат,

каб пазбавіцца шкодных ілюзій:

у акне сузіраеш сумбур і каляж,

то быў пляж, а праз хвілю калгасны міраж,

дзе – калгасьнік, накладзены ў зюзю.

Сьвет падобны на казачную карусэль.

І падсеўшы на гэты шалёны кактэйль

зь небясьпечных інгрэдыентаў,

будзеш вечным наркотам. Вандроўным катом.

Непатрэбнымі стануць здароўе і дом –

гэты вечны гарнір хэпі-эндаў.

Сны-кавалкі. Прадмесьцяў брутальны бязлад,

дзе пануюць убоства і матрыярхат,

а дзяцей вырабляюць па п’янцы.

Як казаў мой любімы Букоўскі: «Любы

ідыёт мае права на шчасьце, абы

той ня быў мудаком і засранцам».

Сьпяць фальклёрныя цёткі з пружанскіх мясьцін;

праз адсек выюць песеньку бацька і сын,

і жыцьцё, бы задымлены тамбур,

увабраўшы гісторыйкі нечых няпрух,

па маршруце старым паўтарае свой рух

і фартуне ўцісквае хабар.

Аніколі ня скажаш дакладна: за што

любіш дух кантрабанды і моцны настой

з дыялектавых лекавых траваў.

Кожны рынак мясцовы – малы бабілён:

там штурхаюць, паклаўшы на страх і закон,

мірыяды кустарных тавараў.

У правінцыі зьнік рамантычны налёт.

Праз галечу, закінутасьць, страх, недарод,

штовячэрнія махачы-тосты

традыцыйна кладуць на штомесячны плян.

Тут у кожным раёне свой родавы клан –

местачковая коза ностра.

Тут самота – паўсюдны галімы рэфрэн:

ён гучыць у размовах, ліецца са сцэн

непаўторным айчынным дэфэктам.

І ня важна, адкуль гэты культавы плач, –

ім заражаны кожны тутэйшы смаркач,

кожны акр тутэйшага гета.

Салаўіны джэм-сэйшн лунае ўгары.

Адзінокі цягнік паўз раўніны й бары

перавозіць таемныя грузы.

У статычным экране азёраў – блакіт.

І настолькі п…дата, што – кленчыш крэдыт

у сваёй незгаворлівай музы.

Але ўвечары, гледзячы на зарапад,

правінцыйны аматар прыгожых баляд,

цыгарэтку запаліш нясьпешна

і адчуеш, як скоўвае холад башку,

як лягчэе ад казачнага парашку...

І становіцца тупа і сьмешна.

Берасьце, жнівень-верасень, 2006

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?