Зранку 16 ліпеня адбыўся суд над моладзевым актывістам Андрэем Кімам, які арганізоўваў у гадавіну Грунвальдскай бітвы «Бой падушкамі» ля Нацыянальнай бібліятэкі. Хлопцу прысудзілі ў Першамайскім РУУС г. Мінску мінімальны штраф у памеры 17 500.

«У РУУС праехаўся адзін ва ўсім аўтобусе. Першы раз у маім жыцці адбылося абсалютна нармальнае затрыманне і супрацоўнікі міліцыі дзейнічалі цывілізавана. Нават хачу падзякаваць міліцыянтам з першамайскага РУУС за прыстойныя паводзіны,» — апавядае Андрэй Кім.

«Баяцца падушак і за гэта прэвентыўна затрымліваць — гэта ўжо клінічная хвароба», — мяркуе Андрэй Кім. Цікава, што затрыманых ля бібліятэкі а 18‑ай гадзіне міліцыянты падманулі, паведаміўшы, што адвязуць у іншае месца, дзе адбудзецца санкцыянаваны бой падушкамі. Прэвентыўна затрымана было каля 130 чалавек, гэта самае масавае затрыманне за апошнія тры гады, зазначаюць праваабаронцы.

15 ліпеня пасля акцыі юнака затрымалі і адвезлі ў РУУС, дзе склалі пратакол за ўдзел у несанкцыянаваным мерапрыемстве. На судзе Андрэй Кім падаў хадайніцтва, дзе прасіў прысудзіць яму мінімальны штраф у памеры паловы базавай велічыні.

Суддзя Лушка пагадзіўся з прапановаю і без лішніх ваганняў вынес адпаведны прысуд.

«Быў гатовы да адміністрацыйнага штрафу і я яго атрымаў, — каментуе Андрэй. — Спадзяюся, наступны раз бой падушкамі пройдзе нармальна і будзе санкцыянаваным. Не хочацца падстаўляць людзей, якія прыйдуць на акцыю». Арганізатары бою падушкамі збіраюцца адразу падаваць наступную заяву на падобнае мерапрыемства і рабіць гэта, пакуль яго не дазволяць. Моладзевыя актывісты будуць намагацца да 8 верасня — Дня беларускай вайсковай славы — зладзіць дазволенае Мінгарвыканкамам мерапрыемства.

Наконт праведзенай ночы ў РУУС Андрэй Кім жартуе: «У мяне падушка была — усё нармальна».

Па дадзеных міліцыянтаў у бойцы падушкамі 15 ліпеня прыняло ўдзел 300 — 400 чалавек, удзельнікі мерапрыемства сцвярджаюць, што іх было, прынамсі, у два разы больш.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?