Позна ўвечары 15 ліпеня галкіпер нарвежскай каманды па футзалу IOF Гі Франсуа Тукам дабраўся да Іспаніі. Урэшце завяршыўся паўтарамесячны бязглузды арышт чалавека, які не здзейсніў аніякага злачынства.

Ягоная сяброўка Інмакулада Гансалес ўначы даслала ліст праваабаронцам:

«Дарагія сябры! Нарэшце! Гі Франсуа Тукам быў адпушчаны сёння, і прыляцеў у наш дом у Валенсіі. Я хацела б павіншаваць Вас за выдатную працу, якую вы зрабілі, і ад шчырага сэрца падзякаваць за дапамогу, вас і вашых партнёраў. Яшчэ па тэлефоне ён распавёў, што страціў 40 кілаграмаў вагі і што самае горшае для яго было пад час арышту — недахоп вады. Яшчэ раз дзякуй, і памятайце, што я хачу супрацоўнічаць з Вамі. Моцна цалую. Жывуць правы чалавека!»

Нагадаем што грамадзяніна Камеруна Гі Франсуа Тукама, які меў від на жыхарства Іспаніі, 1 чэрвеня затрымала памежная служба аэрапорту «Мінск‑2» па падазрэнні ў падробцы пашпарту. Увесь гэты час за яго вызваленне і вяртанне змагалася ягоная іспанская сяброўка Інмакулада Гансалес.

У справе арышту Тукама, на жаль, застаюцца пытанні, якія патрабуюць калі не вырашэння, дык хоць асэнсавання. Напрыклад, як паведамілі ў амбасадзе Камеруна у Маскве, дакументы аб спраўджванні асобы Тукама і сапраўднасці ягонага пашпарту былі адпраўлены менскім памежнікам 28 чэрвеня.
Няўжо так доўга дастаўляецца афіцыйная пошта? Незразумела таксама, калі адбыўся суд над камерунцам, які вынес рашэнне аб дэпартацыі і якім чынам быў сплочаны штраф.

Аднак, спадзяемся, што час расставіць усе недастаючыя кропкі над «і».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?