Ад Грузіі Беларусь можа набрацца толькі добрага.

Прыцягвае ўвагу пашырэнне беларуска-грузінскіх кантактаў: нібыта сустрэча Лукашэнкі і Саакашвілі ў Крыме; потым нібыта намер МЗС Беларусі забараніць паездкі грамадзян у самаабвешчаныя Абхазію і Паўднёвую Асетыю, (пазней зняпраўджаны), нарэшце інтэрвію Міхаіла Саакашвілі БТ, праўда, з не вельмі акуратнай інтанацыяй у пасажы пра зніклых (каб убачыць у тым інтэрвію абяленне Лукашэнкі, трэба вельмі хацець яго ўбачыць).

Бяда звяла Лукашэнку з М. Саакашвілі. Але беларускі прэзідэнт апыноўваецца ў добрай кампаніі:

Па-першае, Грузія патэнцыяльна можа быць пасярэднікам у кантактах з ЗША. Грузія увогуле магла б быць вельмі важным хаўруснікам Беларусі, побач з Украінай (процівага Расіі ў СНД), Літоўскай рэспублікай і Польшчай (прасоўванне стасункаў з Брусэлем).

Па-другое,

у Грузіі ёсць чаму павучыцца у плане інстытуцыянальных рэформаў: грузінскія эканамічныя рэцэпты Беларусі востра неабходныя і актуальныя на шляху да top-30 у рэнкінгу Doing Business. Грузія ў гэтым спісе займае пачэснае 11 месца, найвышэйшае сярод краінаў Усходняй Еўропы і Цэнтральнай Азіі. Не пераймаць грузінскі досвед беспрэцэдэнтных і паспяховых рынкавых рэформаў было б глупствам.

Шкада, што гэтае сяброўства, падобна, грунтуецца на варожасці да Крамля, які працягвае разгортваць інфармацыйную кампанію супраць асабіста Лукашэнкі. Але той факт, што магчымасцяй нармалізацыі адносін Лукашэнкі і Крамля не бачыцца ніякіх, падказвае, што ўгрунтаванае на анты-крамлёўствебеларуска-грузінскае партнёрства патэнцыйна можа быць і больш працяглым і трывалым. Да таго моманту, пакуль адзін з прэзідэнтаў не апынецца ў адстаўцы.

Крытыкаваць Саакашвілі за кантакты з Лукашэнкам? Разважаючы прагматычна, нам трэба разумець, што

трэба ўцягваць Беларусь у кантакты з заходнім светам і штурхаць на шляху пераўтварэнняў, у тым ліку і праз Грузію.
Хай Захад цягне, а Расія пхае ў спіну.

А што тычыцца палітыкі як бруднай справы, дык куды больш уражвае,

як магло хапіць цынізма ў Крамля «ўспомніць» пра зніклых палітыкаў праз адзінаццаць гадоў пасля тых трагічных падзей
і пасля чатырнаццаці гадоў палітычнага і фінансавага спонсарства таго самага Лукашэнкі, які цяпер паводле «сенсацыйнага» НТВшнага фільма апынуўся дыктатарам і забойцам.

***

А за інфармацыйнай вайной Лукашэнкі і Крамля ўвогуле прыемна назіраць. Хай і Крэмль, і Лукашэнка нарэшце распавядуць праўду пра адно аднаго ў прайм-тайм. Хоць такая будзе свабода слова і такі плюралізм меркаванняў у злашчаснай так званай Саюзнай дзяржаве.

P.S. А вось з'явіўся і такі-сякі «наш адказ Чэмбэрлену» на СТВ: цалкам праўдзівы тэлесюжэт пра адсутнасць свабоды слова ў Расіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?