У цэнтры Менску можна пакаштаваць крамбамбулю, вараную не прамысловым, а саматужніцкім спосабам. У кавярні «Грунвальд» (вул. Маркса, 19) 50 г напою каштуе каля 4 тыс. рублёў. Пабывала «грунвальдзкая» крамбамбуля нават на аднайменным полі падчас штогадовага фэсту. Рыцарскі інтэрнацыянал ацаніў.

У кавярні крамбамбулю вараць другі год. «Людзі хваляць, — кажа дырэктар «Грунвальду» Аляксандар Астрашэўскі. — Гэты напой жаночы. Мужчыны кажуць, што дужа складаны смак — сьпярша мяккі, пяшчотны, салодкі. Потым — спэцыі. Затым востры рэшткавы смак, але імгненны — каб не хацелася запіваць, як гарэлку... Дзяўчатам падабаецца!»

Рэцэпт крамбамбулі, апублікаваны Эдвардам Зайкоўскім і Галінай Тычкай, зь якога пачалася гісторыя музычнага праекту, Астрашэўскі крытыкуе: «Калі пакладзеш столькі гвазьдзікоў, як напісана, атрымаеш парфуму «Чырвоная Масква». Сваю крамбамбулю ў «Грунвальдзе» вынайшлі спосабам «навуковага тыку». «А хто іх пільнаваў, тых рэцэптаў, па шляхецкіх дварах! Варылі, як хто ўмеў, — кажа сп.Аляксандар. — Са спэцыямі можна экспэрымэнтаваць, як хто сам любіць: некаму падабаецца лаўровы ліст — на здароўе, нехта больш цынамону ці перцу дадасьць — таксама не забараняецца...» Адзінае: суайчыньнікі могуць пабаяцца «сапсаваць» варкай гарэлка. Але й на гэта ёсьць «паратунак», усьміхаецца дырэктар «Грунвальду»: «Трэба ўсё аддаць у жаночыя рукі».

Крамбамбуля кожнае варкі розьніцца ад іншае. Як лак у старых скрыпічных майстроў. У нейкую трапляе больш адных спэцыяў, у нейкую — іншых. Залежыць ад мёду. Грэцкі смак больш гаркавы, ліпавы — салодкі.

Спецыфічны напой патрабуе спэцыфічнага заедку. У рэстарацыі Астрашэўскага на Пцічы такім заедкам сталі піражкі зь мясам (ялавічына, сьвініна, нават пячонка). У «Грунвальдзе» (на фота) падаюць грэнкі з шмальцам. Намазваеш прасмажаную хрусткую чорную грэнку сумесьсю, у якой на смак угадваеш скваркі, цыбулю, яблыкі, — і не разумееш грэцкіх багоў: навошта нэктар і амброзія, калі ёсьць такая смаката?! І губляесься ў выбары: ці то зрабіць яшчэ глыток крамбамбулі, ці то зьесьці яшчэ грэнку.

Рэцэпт крамбамбулі паводле Астрашэўскага:

Узяць паўлітра гарэлкі, адліць 100 г, зьмяшаць з такою ж колькасьцю вады. Разбоўтаць усё зь мёдам (1—2 сталовыя лыжкі). Мускатнага арэху дадаць зусім крыху. Цынамону — ня больш за 1 чайную лыжку (лепей — менш). Гвазьдзікоў — зусім крыху і ні ў якім разе не таўчы: гвазьдзік — рэч вельмі пахкая. Чырвоных перцаў дастаткова 1—2 — толькі каб на гэтым настойвалася крамбамбуля. Усё гэта кіпяціць 10 хвілінаў. Потым асьцярожна даліць астатнюю гарэлку і пакінуць у пасудзіне на 5 хвілінаў. Працадзіць праз 4 слаі марлі ў бутэльку, дадаць каліва чорнага перцу.

Фота Андрэя Лянкевіча

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?