Гутарка з палітолагам, рэдактарам сайта imperiya.by Юрыем Баранчыкам.

«Наша Ніва»: Ці ёсць імавернасць таго, што Расія не падтрымае на выбарах Лукашэнку?

Юры Баранчык: У прынцыпе, ёсць. Асабліва, калі ўлічыць апошнія падзеі ў міждзяржаўных адносінах. Маю на ўвазе газавы канфлікт, падпісанне Мытнага саюзу.

«НН»: Што канкрэтна Маскве не падабаецца ў паводзінах Лукашэнкі?

ЮБ: Тут цэлы шэраг момантаў. Адмаўленне падтрымаць Расію ў асецінскім канфлікце, заігрыванне з Захадам, невыкананне двухбаковых абавязкаў. Пры гэтым Лукашэнка не спыняецца выбіваць з Расіі датацыі. Здаецца, што такая несумленнасць і абурыла расійскае кіраўніцтва.

«НН»: А кіргізскі варыянт падзей у Беларусі рэальны?

ЮБ: Я не думаю. Асабіста я праціўнік такога развіцця падзей. Чаму ў Кыргызстане так склалася? Бо нядаўна прайшлі прэзідэнцкія выбары, і чакаць наступных яшчэ тры гады людзі не маглі, гледзячы на тыя бясчынствы, што вытваралі Курманбек Бакіеў са сваім сынам. Таму і ўзніклі беспарадкі. Для нас больш прымальны варыянт свабодных і адкрытых выбараў, каб усе кандыдаты атрымалі роўную колькасць эфірнага часу, роўныя магчымасці. І не так важна, хто пераможа. Вось ва Украіне на свабодных выбарах перамог Юшчанка з дапамогай амерыканцаў. Цяпер Юшчанка сышоў, і ўжо мала хто помніць пра такога прэзідэнта. Тое самае павінна паўтарыцца і ў нас.

«НН»: Але на сёння такі варыянт выглядае фантастычным.

ЮБ: Сапраўды, варыянт малаверагодны. Зрэшты, гэта залежыць ад таго, у якім стане на выбары падыдуць праціўнікі дзейснай улады. Вось была сітуацыя ў Сербіі. Апазіцыя ішла на выбары з канкрэтнымі фактамі фальсіфікацый. У нас апазіцыя пакуль досыць інертная. Зрэшты, пазіцыя ЗША і Еўрасаюзу заўсёды па беларускім пытанні была яснай, калі да іх далучыцца Расія, гэта будзе іншая справа. Калі нават бліжэйшыя партнёры не прызнаюць яе легітымнасці.

«НН»: У адным з апошніх артыкулаў Вы пісалі, што Масква яшчэ дае Лукашэнку шанец сысці прыгожа.

ЮБ: Гэта было б найбольш адэкватна і прымальна як для самога кіраўніцтва, так і для беларускага народа. Трэба лагічна і рацыянальна растлумачыць гэтае рашэнне. Можна ж не проста сысці, а забяспечыць варыянт з пераемнікам. Важна таксама захаваць стабільнасць у пераходны перыяд.

«НН»: А некага з апазіцыянераў Масква можа падтрымаць?

ЮБ: Ну, як на мой погляд, то апазіцыя заўсёды была празаходняй. То няхай яе падтрымлівае Захад, але ён не можа. Што датычыць Саннікава, то ён заўсёды пазіцыянаваў сябе як палітык празаходні. Спроба сыграць на расійскай карце хутчэй заключаюцца ў тым, што ён мае адносіны з часткай расійскіх апазіцыянераў. Уладзімір Някляеў пакуль не мае яснай пазіцыі ў гэтым пытанні. Да выбараў засталося не так шмат часу, пара бы ўжо і вызначыцца. Някляева толькі Мілінкевіч называе прарасійскім. Сябе ж Мілінкевіч называе прабеларускім, пры гэтым жыве за амерыканскія грошы.

«НН»: Інфармацыйная атака ў расійскіх СМІ на беларускае кіраўніцтва будзе працягвацца?

ЮБ: Будзе залежыць ад паводзін Мінска. Калі з’явяцца новыя агрэсіўныя выпады ў бок Масквы, то не выключана, што будзе працяг тых перадач, што паказваліся на НТВ і «России». Проста трэба паводзіць сябе ў рамках прыстойнасці і не выносіць на людзі тыя супярэчнасці, што накапіліся паміж двума прэзідэнтамі.

***

Юры Баранчык — кандыдат філасофскіх навук, былы дырэктар Інфармацыйна-аналітычнага цэнтра НДІ Тэорыі і практыкі дзяржаўнага кіравання Акадэміі кіравання пры прэзідэнце. Кіраўнік інтэрнэт-праекта imperiya.by.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?