Пад слаямі старой тынкоўкі ў Саборы Раства Прасвятой Багародзіцы ў Глыбокім падчас першага за апошнія 130 гадоў рамонту знойдзеныя старажытныя роспісы – выявы мальтыйскіх крыжоў ды герба ордэна кармелітаў. Унікальную знаходку не збіраюцца даследаваць. Яе – далей ад граху – намерваюцца зафарбаваць цішком ад каталікоў і Міністэрства культуры.
Роспісы могуць датавацца XVII стагоддзем, калі ў Магілёве, Мядзелі, Вільні, Пінску, Гродна паявіліся кляштары кармелітаў, а ў Глыбокім за грошы мсціслаўскага ваяводы Язэпа Корсака для іх быў узведзены ў стылі сармацкага барока мураваны касцёл Успення Маці Божай.
У 1735 годзе паводле праекта вядомага дойліда Рэчы Паспалітай Яна Глаўбіца ў храме былі змененыя галоўны фасад і інтэр’ер. У гісторыю ён увайшоў як першы ўзор віленскага барока ў Беларусі. «У касцёле быў вялікі арган. Меліся вялікія хоры. Кармеліты ўтрымлівалі 40 музыкаў, якія па святах гралі не толькі ў храме, але і на балконе над уваходам. Сцены і столь упрыгожвалі роспісы, пра якія відавочцы казалі, як пра жывапіс «невыказальнай прыгажосці», – пісаў вядомы даследчык беларускай даўніны Сапуноў.
– Сцвярджаюць, што храм быў цалкам распісаны. Мы тынкоўку дбайна змывалі слой за слоем, і намёку на тое не заўважылі. Калі б там лікі святых былі! А гэтыя сімвалы маюць каштоўнасць толькі для каталікоў, – ацэньвае сучасны стан роспісаў цяперашні настаяцель храма айцец Сергій.
Высвятліць ўзрост і сапраўдную каштоўнасць фрэсак, знойдзеных у Глыбокім, могуць толькі вучоныя і толькі пасля правядзення зандзіравання і адмысловага хімічнага аналізу. Але спецыялістаў у Глыбокае не клічуць.
– Калі б гэта было сур’ёзна, мы б іх абавязкова запрасілі. Але фрэскамі назваць тое, што адкрылася пад тынкоўкай на калонах, цяжка. Я ў кармеліцкай сімволіцы не спецыяліст. Падаецца, гэта мальтыйскі крыж памерам каля метра, стужка, – па усім відаць, не хочацца праваслаўнаму святару айцу Сергію ацэньваць па заслугах культурны след, які пакінулі ў храме каталіцкія папярэднікі.
Між тым намеснік кіраўніка дэпартаменту па захаванні гісторыка-культурнай спадчыны Міністэрства культуры Ігар Чарняўскі ўпэўнены, што «нават калі б у глыбоцкім храме захаваліся ўсяго толькі некалькі сантыметраў роспісаў» – гэта было б дастойнае адкрыццё для беларускай культуры ўвогуле. Часам і састаў рэшткаў фарбы шмат што можа паведаміць спецыялістам.
– Кожны помнік культуры, тым больш такі старажытны – загадка, – даводзіць і рэстаўратар Уладзімір Ракіцкі. – Перш чым распачынаць нават дробязныя рамонтныя работы, трэба рабіць даследаванне, ці захаваліся хаця б рэшткі «жывых» фрэсак.
Відавочцы сцвярджаюць, што тынкоўку са сцен храма змывалі брандспойтам, які падаваў ваду пад вялікімі ціскам.
– Няхай гавораць, што заўгодна, а змывалі тынкоўку спецыяльнай машынай, якая дазваляе рэгуляваць ціск. Было толькі тое, што і засталося, – абвяргае абвінавачванні ў адрас майстроў аднаго з мінскіх будаўнічых упраўленняў айцец Сергій.
І гэта таксама магчыма – большасць роспісаў маглі закінуць яшчэ ў XIX стагоддзі. Кармеліты моцна пакрыўдзілі царскія ўлады тым, што прымалі актыўны ўдзел у паўстанні Кастуся Каліноўскага ў 1863–1864 гадах. Цар забараніў дзейнасць ордэна, а глыбоцкі касцёл разам з кляштаром перарабілі ў праваслаўную царкву. Царскі ўрад асігнаваў на гэтыя патрэбы суму ў 27 тысяч рублёў срэбрам, якой з лішкам хапіла б, каб знішчыць у храме усе сляды кармелітаў босых нават без брандспойтаў. Па адных звестках, шыкоўныя фрэскі замазалі шэрай фарбай. Па другіх – яны загінулі падчас надбудовы цэнтральнага купалу. Зрэшты, былы ўваход у касцёл, дзе цяпер месціцца алтар сабора, цалкам замаскіраваць так і не ўдалося. Людзі больш-менш дасведчаныя адразу ж яго заўважаюць.
Некаторыя беларускія рэстаўратары спадзяюцца, што фрэскі часоў кармелітаў могуць яшчэ захавацца пад купалам. Пакуль гэта адзінае месца ў храме, да якога яшчэ не дайшлі рукі дбайных будаўнікоў, пасля маніпуляцый якіх рэдкі рэстаўратар наважыцца ўзяцца за аднаўленне знойдзеных рэшткаў роспісаў.
– Хутчэй за ўсё мы іх проста зафарбуем. Калі хто захоча пабачыць і даследаваць, дык у нас засталіся здымкі, – дзеліцца планамі айцец Сергій. – Гэта не помнік, а жывы храм. Не носіць жа чалавек каталіцкі крыж пасля таго, як перахрысціўся ў праваслаўе.
Вось і мальтыйскія сімвалы, на думку святара, у царкве недарэчныя – толькі спакушаюць сучасных кармелітаў, якія вярнуліся ў Беларусь ў 1990-х гадах. А раптам тыя, дачуўшыся пра знаходку, заявяць свае правы на храм? Хоць айцец Сергій і сцвярджае, што ставіцца да чужой спадчыны вельмі ўважліва – калі знаходзіць у сутарэннях ці закінутых каморах касцёльныя рэчы, адразу ж передае іх каталікам.
– Зафарбаваць фрэскі, пакуль няма грошай для даследаванняў, – не самая благая ідэя. Галоўнае, каб фарба была адпаведнай па саставу і канчаткова не загубіла фрэскі, а закансервіравала іх, – лічыць Ігар Чарняўскі. – Абы ўсё гэта праводзілася пад пільным наглядам спецыялістаў.
Але ў глыбоцкім саборы якраз спяшаюцца закончыць рамонт цішком, лічачы, што выкананнне фармальнасцей накшталт папярэдніх даследаванняў і атрымання дазволу Міністэрства культуры нясе гібель храму, які ўнесены ў Дзяржаўны спіс помнікаў архітэктуры рэспубліканскага значэння.