10-гадовая Віка Мароз, якую 30 верасьня ўначы даставілі з Генуі ў Беларусь, знаходзіцца пад даглядам беларускіх ды італьянскіх мэдыкаў і псыхолягаў у адной з адмысловых сацыяльна-пэдагагічных установаў Меншчыны. Паводле паведамленьня Беларускага тэлебачаньня, хутчэй за ўсё, гэта спэцыяльны інтэрнат у Барысаве, хаця дакладнае месца, дзе зараз дзяўчынка, прадстаўнікі міністэрства адукацыі Беларусі не называюць.

Як заявіў італьянскім журналістам амбасадар Беларусі ў Рыме Аляксей Скрыпко, дзяўчынку будуць даглядаць адмыслоўцы да таго часу, пакуль яна не адаптуецца да беларускіх умоваў. Паводле ягоных словаў, далейшыя кантакты Вікі зь сям’ёй Джуста-Барначын будуць залежаць непасрэдна ад паводзінаў самой сям’і.

Тым часам адвакаты Джуста-Барначын рыхтуюць зварот у Эўрапейскі суд у Страсбургу.

У інтэрвію сёньняшняй Corriere della Sera адзін з адвакатаў сямейнай пары Маўрыцыо Фрыцы сказаў: «Паводзіны італьянскай дзяржавы выклікаюць агіду. Усім нам мусіць быць сорамна. Тлумачэньні адносна вяртаньня дзяўчынкі дадому вартыя сьмеху».

Паводле адваката, Апэляцыйны суд у Генуі, які 28 верасьня адклаў сваё паседжаньне да панядзелка, нарэшце адхіліў прашэньне Джуста ды Барначын.

Дзеяньні італьянскіх праваахоўных структураў і юстыцыі сустрэлі рэзкую крытыку правых італьянскіх палітыкаў і шэрагу грамадзкіх дзеячоў.

У мястэчку Кагалета, дзе гасьціла Віка Мароз, прайшла грамадзянская акцыя пратэсту супраць дзеяньняў італьянскага ўраду.

Адмысловую службу ў Кагалета сёньня правёў сьвятар Даніла Грыла. Ён заявіў, што італьянцы, у якіх гасьціла дзяўчынка, павінны ведаць, дзе яна цяпер знаходзіцца. Ён заклікаў жыхароў мястэчка на знак салідарнасьці зь Вікай павесіць на свае вокны белыя палотны. На самым вялікім палатне сёньня напісана: «Каму было выгадна прынесьці ў ахвяру беларускую дзяўчынку?»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?