Як паведамляе ўпраўленне ДАІ ГУУС Мінгарвыканкама, 22 ліпеня ў 18.00 вадзіцель матацыкла «Сузукі», рухаючыся па МКАД з боку вуліцы Мантажнікаў у напрамку вуліцы Громава і спрабуючы аб’ехаць аўтамабіль, які рухаўся наперадзе, сутыкнуўся на трэцяй паласе з другім аўтамабілем.

Пасля гэтага матацыкліст паспрабаваў перастроіцца ў чацвёртую паласу і ўчыніў сутыкненне яшчэ з адным аўтамабілем, а затым, працягваючы рух, сутыкнуўся з машынай, якая стаяла на трэцяй паласе. Пасля трэцяга сутыкнення матацыкліст упаў. З чэрапна-мазгавой траўмай лёгкай ступені і пераломам абедзвюх костак правага перадплечча ён шпіталізаваны ў бальніцу хуткай медыцынскай дапамогі. У выніку ДТЗ пашкоджаны матацыкл і тры аўтамабілі, з якімі ён сутыкнуўся.

Раніцай таго ж дня адбылося яшчэ адно ДТЗ з удзелам матацыкліста. Прыкладна ў 10.30 вадзіцель матацыкла «Сузукі», рухаючыся па вуліцы Мірашнічэнкі з боку вуліцы Гамарніка ў напрамку МКАД, учыніў наезд на жанчыну 1944 года нараджэння, якая перасякала праезную частку па нерэгуляваным пешаходным пераходзе. Паколькі на момант ДТЗ дакументаў на матацыкл у вадзіцеля не было, транспартны сродак дастаўлены на штрафную стаянку.

Жанчына ад атрыманых траўмаў памерла ў бальніцы.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?