Гомельскі абласны суд 23 ліпеня разгледзеў касацыйную скаргу абвінавачванага ва ўхіленні ад прызыву каардынатара стваранай партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя» Яўгена Якавенкі.

Абласны суд пакінуў у сіле рашэнне суда першай інстанцыі, але прымяніў да Якавенкі закон аб амністыі і зняў з яго судзімасць. Амністыя была прыменена да актывіста апазіцыі як да асобы, якая пацярпела ад катастрофы на Чарнобыльскай АЭС.

Як паведамлялася раней, 6 чэрвеня суд Цэнтральнага раёна Гомеля прызнаў Якавенку вінаватым ва ўхіленні ад прызыву і прыгаварыў яго да года абмежавання волі з накіраваннем ва ўстанову адкрытага тыпу.

Якавенка не лічыць сябе вінаватым. Ён заяўляе, што не ўхіляўся ад прызыву і не атрымліваў позвы, а толькі настойваў на рэалізацыі свайго канстытуцыйнага права на вядзенне з ім перапіскі на беларускай мове. Малады чалавек запатрабаваў таксама рэалізацыі свайго права на альтэрнатыўную службу.

Шэраг палітычных партый і грамадскіх аб’яднанняў выступілі ў абарону абвінавачванага прызыўніка. У Гомелі быў створаны аргкамітэт у падтрымку Якавенкі — у яго склад увайшлі праваабаронцы, апазіцыйныя палітыкі і іншыя прадстаўнікі грамадскасці.

«Фармальна з мяне знята судзімасць, але ж фактычна я не апраўданы, — заявіў БелаПАН Яўген Якавенка. — Крыўдна, што мае высновы ніхто не слухаў і абласны суд таксама палічыў мяне вінаватым. У судзе нада мною нават адкрыта пасмяяліся: маўляў, судзімасці няма, таму цяпер рыхтуйся да чарговага прызыву. Але я сваю пазіцыю мяняць не буду і па-ранейшаму буду патрабаваць ад ваенкамата прысылаць позвы на беларускай мове».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?