У рамках 22-га тура чэмпіянату Беларусі па футболе барысаўскі БАТЭ яшчэ больш замацаваў лідэрскія пазыцыі. Падапечныя Ігара Крывушэнкі перамаглі на берагох Сожа мясцовы «Гомель» – 1:0. Адзіны гол барысаўцы забілі на пятай дадатковай хвіліне гульні. Вызначыўся Дзьмітры Ліхтаровіч. За чатыры туры да фінішу выглядае, што толькі цуд можа не дазволіць БАТЭ стаць трохразовым чэмпіёнам краіны, бо каляндар спрыяе барысаўцам.
Прасьледвальнікі БАТЭ дружна атрымалі перамогі. Менскае «Дынама», дзякуючы хет-трыку Сяргея Кісьляка, перамагла нямоглую «Белшыну» – 3:1. З такім самым лікам салігорскі «Шахтар» перамог віцебскі «Лякаматыў», а МТЗ-РІПА ледзьве дастаў выйгранку ў жодзінскіх аўтазаводцаў – 1:0.
У астатніх матчах тура зафіксаваныя наступныя вынікі: «Дняпро» – «Нёман» 0:1, «Лякаматыў» (Менск) – «Дынама» (Берасьце) 3:2, «Нафтан» – «Дарыда» 2:0
Турнірная табліца цяпер выглядае наступным чынам: 1. БАТЭ – 47 пунктаў, 2. «Шахтар» – 42 , 3. МТЗ-РІПА – 42, 4. «Дынама» (Менск) – 42, 5. «Гомель» – 40...