У панядзелак ад ранку інфармацыйная агенцыя «Тэлеграф» і Беларускі Партызан паведамілі, што бліжэйшым часам Аляксандар Мілінкевіч можа адмовіцца ад месца лідэра аб’яднанай апазыцыі і засяродзіцца на руху «За свабоду», які ён цяпер акурат і фармуе.

«Тэлеграф» паведамляе, што такое рашэньне Мілінкевіч зьбіраецца прыняць у сувязі зь нездавальняючай работай палітрады аб’яднанай апазыцыі, якая почасту зацягвае прыняцьце рашэньняў па розных пытаньнях. Агенцыя ў сваім паведамленьні спасылаецца на прэс-службу Аляксандра Мілінкевіча.

Прэс-сакратар Мілінкевіча Павал Мажэйка кажа, што ніякіх падобных заяваў яны не рабілі, і ўвогуле не разумее, адкуль маглі зьявіцца такія чуткі. «Гэтую дэзу маглі кінуць як нашыя прамыя канкурэнты, гэтак і спэцслужбы», – кажа сп.Мажэйка.

Сп.Мілінкевіч таксама кажа, што гэта ўсё хлусьня, бо ён ніколі не гаварыў нічога падобнага. «Пакуль існуе кааліцыя і пакуль я абраны яе лідэрам, я не зьбіраюся нікуды сыходзіць зь яе. Проста апошнім часам я ўзяў на сябе адказнасьць па стварэньні руху «За свабоду», відаць, гэта і сталася зачэпкай, каб заявіць, што Мілінкевіч сыходзіць з кааліцыі».

Аляксандар Мілінкевіч паведаміў таксама, што напрыканцы лістапада мае адбыцца форум «За незалежнасьць», які значыцца на парадку дня кааліцыі аб’яднаных дэмакратычных сілаў.

Фота Юліі Дарашкевіч

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?