Палата прадстаўнікоў у панядзелак цягам ранішняй сэсіі у двох чытаньнях прыняла зьмены і дапаўненьні ў некаторыя законы Беларусі па пытаньнях правядзеньня выбараў і рэфэрэндумаў.
Асноўныя зьмены датыкаюць правядзеньня мясцовых выбараў, якія маюць адбыцца ўзімку. Цяпер дэпутатаў у мясцовыя Саветы дэпутатаў будуць абіраць у адзін тур, па большай колькасьці галасоў, незалежна ад таго, ці набраў кандыдат 50% плюс адзін голас на выбарах. Гэткім чынам улады мяркуюць зэканоміць на правядзеньні выбараў. Трэба адзначыць, што дадзеныя зьмены не датычаць прэзыдэнцкіх і парлямэнцкіх выбараў.
Дэпутат менскага райсавету Юрась Зяньковіч ацэньвае дадзеныя зьмены са станоўчага боку. На ягоную думку, такі крок будзе спрыяць запаўненьню пэўных дэпутацкіх месцаў кандыдатамі ад апазыцыі. «На мінулых выбарах шмат нашых людзей не прайшлі ў саветы, бо ім не хапіла некалькіх дзясяткаў галасоў, каб пераадолець плянку ў 50%, цяпер яны маюць рэальныя шанцы». Зяньковіч кажа, што дадзеныя зьмены паспрыяюць кансалідацыі апазыцыйных кандыдатаў на хуткіх выбарах. Бо ў новых умовах абсалютна немэтазгодна выстаўляць на пэўных акругах некалькіх дэмакратычных кандыдатаў.