27 ліпеня спаўняецца 20 гадоў з дня, калі Вярхоўны Савет прыняў Дэкларацыю аб дзяржаўным суверэнітэце Беларускай ССР.

Памятаю, у той дзень мы з татам і цёткаю ездзілі ў госці да сваякоў у Янаўскі раён. У дарозе неадрыўна слухалі трансляцыю з Авальнай залы. Там адбывалася неймавернае: вялася гаворка пра суверэнітэт Беларусі, што яшчэ некалькі месяцаў было табу.

Дыскусія была напружаная, змагаліся дзве канцэпцыі. Адна, умоўна кажучы, «дазволеная Масквой», тыпу той, якую пару дзён да таго прыняла Украіна. Другая — умоўна, кажучы, «прыбалтыйская».

Паводле першай, суверэнітэт абвяшчаўся, але легітымнасць СССР не ставілася пад сумнеў. Паводле другой, незалежнасць не абвяшчалася, а пацвярджалася, аднаўлялася. Пры такой пастаноўцы пытання ўваходжанне ў СССР аўтаматычна разглядалася як нелегітымнае, а знаходжанне земляў Беларускай Народнай Рэспублікі ў СССР разглядалася як акупацыя.

Першы варыянт суверэнітэту даваў шанец Саветам захаваць кантроль. Так пасля будзе з суверэнітэтамі аўтаномій у Расіі, якія рэальна аказаліся незрэалізаванымі. Паказальна, у самой дэкларацыі ўжывалі слова «суверэнітэт», а не «незалежнасць».

Другі варыянт ствараў пераемнасць з БНР і адмаўляў пераемнасць з СССР.

Народы Балтыі выбралі другі варыянт, што выклікала шал Масквы. Такім чынам яны засцерагаліся ад любых юрыдычных падставаў для ўдзелу СССР у вырашэнні свайго лёсу.

Прыняць такі варыянт у Беларусі было нерэальна. Аднак сама пастаноўка такога пытання моцна ўплывала на мазгі. Я, 16-гадовы юнак, адразу засімпатызаваў варыянту БНФ, варыянту аднаўлення БНР — без аніякай сувязі з праклятым СССРам.

Варыянт Дэкларацыі, прапанаваны Народным Фронтам, наколькі я памятаю, набраў 47 галасоў. Тактычны крок — такі самы варыянт у мякчэйшай форме, прапанаваны дэпутатам ад Оршы Глушкевічам і падтрыманы, наколькі памятаю, Віктарам Ганчаром, сабраў 57 галасоў (усяго ў Вярхоўным Савеце налічвалася 345 дэпутатаў). Гэтыя лічбы, як і дэталі той трансляцыі, дагэтуль трымаюцца ў галаве. Так суперажываў я, юнак, тое, што адбывалася ў далёкім Мінску, у ягоным цэнтры, пад камуністычнымі барэльефамі Авальнай залы. Аднак і прынятая ў выніку Дэкларацыя ў «дазволенай» форме, трыма сотнямі галасоў, была рэвалюцыйная па змесце, бо легалізавала ідэю незалежнасці і дэзарыентавала савецкую ідэалагічную машыну.

Тыя падзеі яшчэ будуць прааналізаваныя гісторыкамі як важны момант у здабыцці нацыяй незалежнасці.

Удзельнік тых падзей Лявон Баршчэўскі расказвае пра некаторыя моманты прыняцця дакумента, які зрабіў Беларусь дзяржавай.

Андрэй Дынько

«НН»: Чаму не ўдалося захаваць пераемнасць паміж незалежнасцю 1918 і 1990 года? Чаму ў Дэкларацыі няма згадак пра БНР?

ЛБ: У першым праекце Дэкларацыі, які Апазіцыя БНФ прадставіла ў першы ж дзень сесіі Вярхоўнага Савету, была згадка пра Вялікае Княства Літоўскае і Беларускую Народную Рэспубліку як папярэднікаў нашай дзяржаўнасці. Аднак той праект быў адразу ж адхілены. Камуністычная большасць і слухаць нічога не хацела, яна ведала пра БНР хіба са сваіх партшколаўскіх лекцый. Шанцаў захаваць пераемнасць не было. Нават калі прымалася Канстытуцыя 1994 г., дзе ў праекце таксама былі адсылкі да БНР, і там прымянілі іншую фармулёўку — «абапіраючыся на шматвяковую традыцыю беларускай дзяржаўнасці». Гэта задаволіла ўсіх.

Адсутнасць гістарычнай адукацыі перашкаджала ў першую чаргу. Страх перад Масквой таксама браў сваё. Усе былі ў рабалепным становішчы перад Крамлём. Калі б там сказалі, што трэба галасаваць за БНР, то і прагаласавалі б.

«НН»: Якія пазіцыі Дэкларацыі было найцяжэй «прабіць»?

ЛБ: Грамадзянства, свая валюта і свае Узброеныя сілы. На гэта камуністычная аснова Вярхоўнага Савету не хацела згаджацца. Урэшце, удалося дамагчыся кампрамісу. Прынялі хітрую фармулёўку — «мае права на валюту, грамадзянства і Узброеныя сілы». Гэта была наша вялікая перамога.

«НН»: Здавалася б, гэтыя пункты базавыя для незалежнай дзяржавы.

ЛБ: Абсалютная большасць дэпутатаў не была гатовая да суверэнітэту. Для іх гэта была нейкая гульня ў незалежную краіну. Першы раз за пастаноўку пытання ў парадак дня прагаласавала толькі 65 чалавек. Потым Мікалай Дземянцей пабываў у Маскве і рэзка змяніў сваё стаўленне. Відаць, пасля таго, як Расія 12 чэрвеня прыняла сваю Дэкларацыю аб суверэнітэце. Дземянцей вярнуўся з процілеглымі пазіцыямі.

«НН»: Як ўспрымалі жыхары Беларусі прыняццё Дэкларацыі?

ЛБ: Мы шмат тады ездзілі па краіне, сустракаліся з людзьмі ў сталіцы і па рэгіёнах. Тлумачылі ўсё па пунктах. Тая актыўная частка, якая прыходзіла на сустрэчы, на мітынгі, яна успрымала пазітыўна. Мы тлумачылі, чаму неабходная незалежнасць. А сярод людзей хадзіла легенда аб Машэраву, які не хацеў Маскве аддаваць харчаванне, якога і так бракавала. Людзі думалі, што менавіта таму і забілі Машэрава, што не апошнюю ролю ў гэтым адыграла адсутнасць суверэнітэту і незалежнасці ад Масквы. Людзі лёгка ўспрымалі тыя ідэі. Дыктат Масквы тады быў відавочны.

«НН»: А праціўнікі Дэкларацыі былі?

ЛБ: Калі падпісалі Віскулёўскія пагадненні, сацыялагічныя службы падавалі да 69% прыхільнікаў такога рашэння сярод насельніцтва. Народ саспеў ужо на той час. У ліпені 1990-га працэнт быў меншы. Але менавіта актыўная частка, нават і сябры КПСС, прыхільна ставіліся да суверэнітэту. Яны лічылі, калі прыняць такую дэкларацыю, потым можна будзе пагандлявацца з Масквой.

«НН»: 27 ліпеня 1990 года у вас не было адчування, што незалежная Беларусь, гэта фантастыка?

ЛБ: У мяне такое адчуванне было на пачатку 1990 года. Тады думалася што прыхільнікаў незалежнасці ў нас можна на адной канапе пасадзіць. Але падзеі развіваліся хутка. На выбарах кандыдаты ад БНФ раптам былі выбраныя. А хто не быў, то набраў 48–49% галасоў. З усімі падтасоўкамі.

Тады з’явілася адчуванне, што нас шмат хто падтрымлівае і што ідэя правільная. Потым быў Сойм БНФ, які канчаткова паставіў мэту дасягнення незалежнасці. Паступова мы ў гэта паверылі. У тым ліку дзякуючы напорыстасці Зянона Пазняка, які пастаянна паўтараў, што нам без незалежнасці нікуды.

Думаю, што гістарычна мы зрабілі абсалютна слушна. Учора я ехаў у таксі і таксіст увесь час хваліў Лукашэнку за тое, што ён трымаецца незалежнасці.

«НН»: Варта лічыць 27 ліпеня Днём незалежнасці? Альбо варта выбраць іншую дату?

ЛБ: Калі Анатоль Вярцінскі, дэпутат, прапанаваў абвясціць 27 ліпеня святам, Сяргей Навумчык, сказаў, што гэта пакуль не такі і важны дзень у параўнанні з 25 Сакавіка. На што Вярцінскі адказаў мудрай фразай: «Беларусам трэба прывыкаць да незалежнасці. Калі яна будзе святкавацца 3–4 разы на год, то не зашкодзіць».

Канчатковую ж незалежнасць, я лічу, мы здабылі нават не 25 жніўня 1991 года, калі Дэкларацыя набыла моц закона, а 10 снежня, калі была дэнансаваная саюзная дамова. Вось гэта быў найважнейшы акт. Тады была пастаўленая кропка.

Я лічу, што дата 10 снежня таксама прэтэндуе быць днём беларускай незалежнасці. 25 сакавіка, 27 ліпеня, 25 жніўня і 10 снежня — вось чатыры даты, якія мы маем права святкаваць.

* * *

Лявон Баршчэўскі

Нарадзіўся 4 сакавіка 1958, лінгвіст, перакладчык, грамадскі дзеяч і палітык, былы старшыня Партыі БНФ. У перыяд 1990 — 1995 быў дэпутатам Вярхоўнага Савету XII склікання, уваходзіў у склад парламенцкай апазіцыі БНФ. Быў сябром камісіі па пытаннях адукацыі, культуры і захавання гістарычнай спадчыны, а таксама сябрам камісіі па міжнародных справах і замежнаэканамічнай дзейнасці.

* * *

Паводле Дэкларацыі аб суверэнітэце

Беларусь абвяшчалася суверэннай дзяржавай, «на аснове ажыццяўлення беларускай нацыяй яе неад’емнага права на самавызначэнне, дзяржаўнасці беларускай мовы, вяршэнства народа ў вызначэнні свайго лёсу». Вышэйшай мэтай суверэнітэту прызнавалася забеспячэнне свабоднага развіцця і дабрабыту грамадзянаў. Носьбітам суверэнітэту краіны і адзінай крыніцай дзяржаўнай улады абвяшчаўся беларускі народ.

* * *

Дзякуючы Дэкларацыі, прыжылося слова «мытня»

Дэкларацыю шмат перапраўлялі, абмяркоўвалі па-беларуску, але мова чыноўнікаў была, мякка кажучы, недасканалай. Назаўтра, пасля прыняцця, тэкст правілі яшчэ стылістычна. І на калідоры Станіслаў Шушкевіч, сустрэўшы Баршчэўскага, запытаўся, як па-беларуску будзе «таможня». Баршчэўскі адказаў — «мытня». І слова ўвайшло ў Дэкларацыю, а потым прыжылося.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?