Працэнт малавыгадны — 8,75%. Гэта супастаўна з коштам аблігацый Грэцыі.

Пра размяшчэнне еўрааблігацый паведаміў сёння журналістам міністр фінансаў Беларусі Андрэй Харкавец.

Паводле слоў міністра, даходнасць аблігацый — 8,75%. «Купон 8,75% адпавядае ацэнцы ўсяго рынку. Тут не мы дыктуем палітыку, тут ацэнка інвестараў. Таму мы зыходзім з таго, як нас ацэньваюць інвестары і наколькі эфектыўна мы з імі папрацавалі», — цытуе яго агенцтва БЕЛТА.

Агенцтва Standard & Poor’s прысвоіла папярэдні рэйтынг беларускім аблігацыям на ўзроўні B+.
«Гэта папярэдні рэйтынг. Ён можа ўдакладняцца па факту выпуску. Гэта стандартная ацэнка, зыходзячы з ацэнкі эмітэнта перш за ўсё», — растлумачыў Андрэй Харкавец.

Як паведамлялася, указам № 245 ад 13 мая Савету Міністраў Беларусі прадастаўлена права ў 2010–2011 гадах выпусціць аблігацыі на суму да $2 мільярдаў з тэрмінам абарачэння не менш як 5 гадоў і размяшчэннем іх за межамі краіны.

Указ прыняты ў мэтах прыцягнення замежных інвестыцый у эканоміку. Выпуск аблігацый дазволіць ураду не браць крэдытаў ад МВФ ці Расіі. Іх можна атрымаць пад значна ніжэйшы працэнт, аднак МВФ звязваў выдачу крэдытаў з выкананнем эканамічных, а Масква — палітыка-эканамічных патрабаванняў. У выбарчы год для адміністрацыі Аляксандроа Лукашэнкі тое падавалася непрымальным.

Даходнасць беларускіх аблігацый больш чым на 6% вышэйшая за даходнасць аблігацый Нямеччыны, якія лічацца пунктам адліку. Даходнасць 5-гадовых дзяржаўных аблігацый Германіі на сёння складае прыкладна 2,2%. Для параўнання таксама, аблігацыі Грэцыі, што балансавала на мяжы банкруцтва, на сёння ідуць пад 11%, хоць яшчэ ў маі-чэрвені размяшчаліся пад 8%, а да гэтага года — пад 3,5%.

Высокае апрацэнтаванне беларускіх аблігацый выклікана як сумневамі ў сярэднетэрміновай стабільнасці беларускай эканомікі, так і навіною: Беларусь выпусціла еўрааблігацыі ўпершыню, а першы блін, як кажа прымаўка, сабаку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?