Не зважаючы ні на што, працэс разбурэньня старога гораду ў Менску толькі набірае хаду. Вось ужо зьнішчылі дазваньня й дом №12 на рагу вуліцаў Герцэна й Гандлёвай. Той самы, дзе чвэрць стагодзьдзя красавалася мармуровая шыльда, надпіс на якой сьведчыў, што тут знаходзіцца Верхні горад, што ён “ахоўваецца дзяржаваю” і г.д. Уважалася, што гэты дом — помнік грамадзянскага дойлідзтва канца XVIII — пач. ХІХ.
А на вуліцы Рэвалюцыйнай, былой Койданаўскай, славутай сваімі “дарэвалюцыйнымі” дамамі, на два будынкі стала меней. Зьнішчаныя яшчэ два ўнікальныя для Менску помнікі: дамы №4 і №6 Яны вызначаліся ня толькі таўшчынёю сьценаў, глыбокімі аркамі з старадаўнімі крыжовымі скляпеньнямі, але й... невыказным духам сівое даўніны. Іхныя забаўныя дворыкі утойвалі ў сабе багата таямніцаў, пэўна, ажно ад часоў Напалеона. Такіх у Менску не было больш нідзе. Ужо ў дасавецкі час яны былі старадаўнімі. Ад усяе спадчыны гэтак званае “дакастрычніцкае” пары ў Менску цяпер засталося заледзьве з тузін аўтэнтычных мураванак. Няма сумневу, што і іх даб’юць цягам бліжэйшай пары гадоў. Горад, які паўстае на іх месцы, усё болей нагадвае танную кантрафактную падробку. Ад дарэвалюцыйных часоў на вуліцы Рэвалюцыйнай ужо мала што засталося.
Дома, на якім была прымацаваная гэтая “ахоўная грамата” болей няма.
Тут больш за 200 гадоў стаялі дзьве камяніцы, што былі днямі дашчэнту разбураныя.