У Купалаўскім тэатры адбудзецца апошняя прэм'ера гэтага сезону — спектакль «Офіс». Гэта п'еса нямецкай пісьменніцы Інгрыд Лаўзунд пра будзённыя прыгоды «офіснага планктону».
Тут пануе сістэма лютага кантролю, жалезабетоннай іерархіі. Гэта смех з нясмешных жартаў, толькі таму, што іх расказвае начальнік, прысвячэнне ладнага кавалку часу гонцы за годнай пасадай і зрынанню канкурэнтаў. Тут пануе сістэма, што знішчае асобу і асабістасць.

— «Офіс» — паўабсурдысцкі спектакль пра людзей, пазбаўленых роўнай паставы, — кажа рэжысёр-пастаноўшчык Кацярына Аверкава. — Досыць з'явіцца адносінам «начальнік—падначалены», як дзе-нідзе людзі забываюцца на простыя ісціны, на каханне і сяброўства».

«Офіс» — сучасная п'еса, дзе сюжэт развіваецца нелінейна. Гэта хутчэй набор скетчаў, сцэнак, падчас якіх стваральнікі спектаклю на ўласнае разуменне раскрываюць выразы кшталту «нож у спіну», «на ім твару няма».

У спектаклі занятыя Святлана Анікей, Арцём Бародзіч, Дзмітрый Есяневіч, Міхаіл Зуй, Аляксандр Малчанаў, Павел Харланчук, Ганна Хітрык.

Наступны паказ — 28 ліпеня ў нязвыклым месцы — на Малой сцэне канцэртнай залы «Мінск». Бо, нагадаем, сёлета пачнецца рэканструкцыя будынка тэатра.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?