Чытачы наракаюць, што наша рубрыка «Каханне і сэкс» аддае перавагу любошчам, зусім забываючыся на слова, якое ў назве рубрыкі ідзе першым. У адказ на гэтыя скаргі, а таксама (чаго хаваць!) пасля ашаламляльнага поспеху «Малога беларуска-беларускага слоўніка сэксуальных паняццяў»мы ўклалі беларуска-беларускі слоўнічак цяпер ужо паняццяў любоўных.

Калі ласка, сінонімы.

Абдоймы – абдымкі.

Атуляць – абдымаць, ахінаць (цяплом, пяшчотай).

Буська, буся — лёгкі пацалунак. «Дай бусю!» — пацалуй! Просяць як малых, так і вялікіх.

Датклівы — чуллівы, далікатны.

Жарсць — страсць, палкасць, захапленне.

Жарсны — палкі, гарачы ў каханні.

Заляцацца да жанчыны (мужчыны) — рас. ухаживать за женщиной (мужчиной), анг. to рay court to a woman (man).

Залёты — рас. ухаживания, анг. courting.

Залётнік — кавалер, рас. ухажёр, анг. ladies' man.

Замілаванне — любоў, шчасце.

Каханакпалюбоўнік. Вы закаханыя адно ў аднаго? Значыцца, вы каханкі, і няважна, жанатыя вы ці вы не, і ці жанатыя ўвогуле. А вось палюбоўніца (палюбоўнік) можа з'явіцца толькі ў жанатага мужчыны (замужняй жанчыны).

Лашчыць – гладзіць, пяшчотна датыкацца.

Любасць — любоў.

Любоўкаханне У сучаснай беларускай мове значэнні гэтых словаў не заўсёды супадаюць. Любоў можа быць да маці, а каханне – да дзяўчыны. Разам з тым, чуллівае і жарснае каханне да дзяўчыны можа перарасці ў глыбокую і ўсёабдымную любоў да яе. А вось рух у супрацьлеглы бок, ад любові да кахання, не заўсёды магчымы. Недарэчна будуць гучаць выразы «каханне да маці», а таксама «каханне да Радзімы» або «каханне да кнігі».

Пабрацца шлюбам — ажаніцца.

Узяць шлюб — ажаніцца.

Улялюшчыцца па самыя вушы — моцна закахацца, утрэскацца. Гэты выраз ужываецца з адценнем жартаўлівасці.

Не абмінем мы сваёй увагай і любоўныя эпітэты. Пададзеныя ніжэй ланцужкі дапамогуць апісаць сваё захапленне жанчынай ці мужчынам, бо пададзеныя ніжэй прыметнікі могуць, зразумелая рэч, з лёгкасцю памяняць свой род.

Прыгожая, гожая, харошая, пекная, грэчная, красная. файная.

Чароўная, цудоўная, вабная, прывабная, прываблівая, панадная, дзівосная, дзіўная.

Вытанчаная, вышуканая, далікатная, зграбная.

Асляпляльная, шыкоўная, раскошная, невыказная, невымоўная, ашаламляльная.

Клас
1
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?