Без выканання пэўных умоваў Расею гэты праект не цікавіць.

Масква адмовілася падпісваць з Менскам пагадненне аб будаўніцтве першай беларускай АЭС да стварэння сумеснага прадпрыемства, якое будзе прадаваць электраэнергію з АЭС, паведамляе «Інтэрфакс». Раней беларускае кіраўніцтва заяўляла, што пакет пагадненняў аб збудаванні АЭС будзе падпісаны да канца ліпеня 2010 года.

Спрэчка ўзнікла вакол долі ва ўласнасці будучай АЭС. Расея хоча атрымаць у збытавым СП не менш за палову, каб атрымліваць большую частку зыску ад АЭС. Беларусь спадзявалася збудаваць АЭС за кошт расейскага крэдыту. Кошт будоўлі можа скласці нават 10 млрд даляраў. Скажам, новая АЭС у літоўскай Ігналіне будзе каштаваць 16 млрд даляраў. Праўда, яе будуць будаваць па больш сучаснай тэхналогіі.

«Пытанне доляў бакоў у прадпрыемстве можа быць прадметам абмеркавання, але тэрміны яго стварэння, на якіх настойвае расейскі бок, непрымальныя», - сцвярджае крыніца агенцтва ва ўрадзе Беларусі.

Крыніца таксама дадала, што Беларусь прапанавала расейскім партнёрам пабудаваць трэці блок АЭС, які працаваў бы толькі на экспарт і з'яўляўся ўласнасцю расейскага боку.

Аднак Расея гэтую прапанову адхіліла.
Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?