Мінскае «Дынама» правяло першую гульню ў рамках трэцяга кваліфікацыйнага раўнду Лігі Еўропы.

Воляй лёсавання мінчанам давялося паехаць у далёкую Хайфу, каб сустрэцца з мясцовым «Макабі». З ізраільскай камандай нашы клубы перасякаліся двойчы. Спачатку ў 2000 годзе супернікам «Макабі» ў Кубку УЕФА была мазырская «Славія». Каманды двойчы згулялі ўнічыю, але за кошт голу на чужой пляцоўцы далей прайшло «Макабі».

А праз два гады Хайфа трапілася ў супернікі па Лізе чэмпіёнаў да бабруйскай «Белшыны». Беларусы былі двойчы бітыя — 0:1, 0:4.

Летась ізраільцяне гулялі ў групавым этапе Лігі чэмпіёнаў. Прайгралі ўсе матчы, але нікому без бою не саступілі. Вось такі складаны супернік дастаўся «Дынама».

У Ізраіль з камандай паляцеў апальны паўабаронца Антон Пуціла. Гэта павінна было даць шанцы беларусам.

Але не лёс. На 30‑ай хвіліне грузінскі нападаючы «Макабі» Уладзімір Двалішвілі забіў адзіны ў гульне гол.

Зрэшты, мінімальнае паражэнне ў гасцях пакідае камандзе Уладзіміра Гольмака якія‑ніякія шанцы. Матч у адказ адбудзецца праз тыдзень у Мінску.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?