Цяпер форум за незалежнасьць можа ладзіць і БРСМ. Піша Аляксандар Класкоўскі.

Тыя апанэнты рэжыму, што ўзброіліся пасьля выбараў тэзай пра хуткі аб’яднальны рэфэрэндум, зноў атакавалі вятрак. На прэсавай канфэрэнцыі для расейскіх журналістаў Лукашэнка пераканаўча давёў, што не зьбіраецца аддаваць Крамлю ні каліва ўлады. Во неспадзяванка!

Павісае ў паветры вылучаная Партыяй БНФ ідэя форуму і блёку "За незалежнасьць". Пасьля чарговага сэансу дзяржаўніцкай рыторыкі такі форум сьмела можа ладзіць і БРСМ.

Выглядае на тое, што колькі часу таму прыўладныя паліттэхнолягі спрытна падкінулі праціўнікам – у краіне і на Захадзе – тэму інкарпарацыі. У той сьвісток і сышла апазыцыйная пара. Хоцькі-няхоцькі згулялі паводле ўладнага сцэнару. У ролі пудзіла. На той прэсавай канфэрэнцыі прагучала, што ў выпадку паглынаньня тут будзе горай, чым як у Чачэніі. Бо апазыцыянэры "сьпяць ды бачаць сябе ў нацыянальна-вызвольнай вайне героямі". Лідэры апазыцыі, якіх дзяўбуць за нерашучасьць, могуць цешыцца хіба з таго, што іх мэтафарычна паставілі на адну дошку з апантанымі маджагедамі.

Увогуле ж (як і прагназавала наша "Палітычная кухня" паўгоду таму) Крамлю вылучаны сустрэчны пазоў: вайсковыя аб’екты, транзыт, мяжа ды мытня... Разам з патэнцыйнай супрацьтанкавай абаронай набягае на два мільярды. Паловай Менск лёгка разьлічыцца за падаражэлы газ. А Расея толькі "абняславіцца".

Усе гэтыя крыўдныя для Крамля рэчы Лукашэнка падвёў пад катэгорыю "голай праўды". Можна сказаць і мацней.

Чаму ж Менск пачуваецца так упэўнена? Ды таму, у прыватнасьці, што праз газавы канфлікт зь ім Пуціну надта ж недарэчы нэрваваць Эўропу. Магчыма, гаспадар Крамля вырашыць для сябе праблему-2008 акурат праз ачольваньне нейкай энэргетычнай супэркарпарацыі, гэткага "Газпрому" ў квадраце. І пры такім пляне – псаваць імідж надзейнага дастаўніка энэргарэсурсаў? Прасьцей зноў адкупіцца ад сварлівага партнэра. Дый пагроза страціць апошняга хаўрусьніка б’е ніжэй за пояс. Асабліва недарэчы "поўны разрыў" (а так жа ж і прагучала!) напярэдадні новых электаральных кампаній у самой Расеі. Народ не зразумее, навошта пакрыўдзілі братоў-беларусаў.

Чаму прымітыўны піяраўскі млын спраўна працуе столькі гадоў? Найперш таму, што не мяняецца імпэрская сутнасьць расейскай дзяржавы. Тыя ж комплексы і фобіі. Гэта Крэмль зашчаміў лапу ў інтэграцыйную пастку. Ды такая нявыкрутка, што церпіць, нават калі зь Менску даюць па пысе не горай, чым з Тбілісі.

Натуральна, і беларускі кіраўнік рызыкуе. А што застаецца? Іншая рэч, што ягоныя праціўнікі – як звонку, так і ў краіне – зь дзівоснай упартасьцю наступаюць на граблі. Дэмакратычная кааліцыя дайшла да поўнага каляпсу. Што дэ-факта прызнаў Мілінкевіч, узяўшыся фармаваць аўтаномны рух "За свабоду!". Удалых пэрсаналісцкіх рухаў у найноўшай гісторыі Беларусі яшчэ не было.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?