Першы электрацягнік, сабраны для Мінска швейцарскай кампаніяй Stadler, прыбудзе ў Беларусь ужо ў студзені 2011 года.

Састаў электрацягніка даставяць са Швейцарыі на шасці грузавіках, даўжыня кожнага з якіх складзе 34 метры, вышыня 5 метраў. Перадэксплуатацыйныя выпрабаванні цягнік пройдзе ў лакаматыўным дэпо ў Баранавічах, пасля чаго яго даставяць у Мінск.

Паводле інфармацыі БЧ, у зборцы цягніка возьмуць удзел беларускія спецыялісты маторвагоннага дэпо сталіцы, якія адправяцца ў Швейцарыю для дэталёвага азнаямлення з вытворчасцю гэтай тэхнікі. Там жа пройдуць навучанне беларускія машыністы, якія будуць кіраваць новымі цягнікамі.

Кантракт на куплю дзесяці сучасных электрацягнікоў са швейцарскай кампаніяй Stadler БЧ заключыла ў межах праекта «Гарадская электрычка». Кошт кожнага цягніка — 6 мільёнаў еўра. Шэсць цягнікоў злучаць станцыі Мінск-Пасажырскі і Ждановічы, чатыры будуць працаваць на рэгіянальных маршрутах. У перспектыве плануецца, што гарадская электрычка злучыць сталіцу з гарадамі-спадарожнікамі.

Чакаецца, што першая электрычка будзе запушчаная ў 2011 годзе.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?