Прайшоў онлайн з лідэрам кампаніі «Гавары праўду», паэтам Уладзімірам Някляевым.

Аяталла напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 10:47

Спадар Някляеў, а чым займаліся вы і вашае атачэнне да таго моманту, як у вас з’явіліся рэсурсы на гп-кампанію? Пытанне з’явілася не проста так. Вашае атачэнне вельмі любіць паўтараць, што толькі вы нешта робіце, а астатнія не робяць нічога. З апошнімі некалькімі месяцамі ўсё ясна, а вось што было раней? Чым вы займаліся? Як вы змагаліся з рэжымам, як працавалі з людзьмі, што вяшчалі, аб чым маўчалі?

Магчыма, не кожны аятала пра тое ведае, але я — літаратар. І ўвесь час займаўся справай, якой павінен займацца чалавек маёй прафісіі: пісаў.

Пра што вяшчаў — можна прачытаць у маіх кнігах. Хоць бы ў апошніх: «Цэнтр Еўропы», «Кон». У драме «Армагедон», якая друкуецца ў «Дзеяслове».

Маўчаў пра тое, што яшчэ не напісана.

***

Праўдзесьвет напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 11:04

Гэта праўда, што грошы не пахнуць?

Што б я вам ні адказаў — на слова не паверыце. Паспрабуйце прынюхаццца…

Алесь* напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 11:28

Спадар Уладзімір, чаму на вашу думку частка беларускай апазіцыі, якая называе сябе «пра-эўрапейскай», хавае свае фінансавыя рэсурсы і шукае вашыя? З чым гэта можа быць зьвязана?

Мяркую, пошук фінансавых рэсурсаў звязаны з тым, што тыя, хто іх шукае, хацелі б іх знайсці.

Зьміцер напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 12:07

Паважаны спадар Някляеў, перш хацеў бы падзякаваць вас за вашую працу і за тое, што вы здолелі кінуць выклік гэтай анты-беларускай уладзе! Спадзяюся, што ў вас усё атрымаецца! Маё пытаньне да вас наступнае: вы за наданьне адзінай дзяржаўнай мовы ў Беларусі — беларускай? І ці вы з’яўляецеся прыхільнікам павяртаньня нацыянальнай сымболікі, б-ч-б сьцяга і герба Пагоня?

Дзякуй,

Спадзяюся, Зьміцер, вас задаволіць вершаваны адказ. Верш даўні, але нічога не змянілася ні ў сітуацыі, ні ў маіх адносінах да яе.

НА 20 ЛІПЕНЯ 1999 ГОДА
Народу можа засціць зрок
Без дай прычыны.
Ды бачыць Божа кожны крок
На звод Айчыны.


У вочы вам адплаты час
Зірне сурова.
Каб дзеці апраўдалі вас —
Вярніце Мову!

Няма пачаткау і канцоў,
Усё — працяг.
Каб не ўскіпела ў жылах кроў —
Вярніце Сцяг!

Улады сверб, што вас скубе,
І славы сверб —
Пакіньце ўсё сваё сабе,
Вярніце Герб!

Дальбог, пра гэта не са зла
Малюся ў скрусе,
А каб зямля вас прыняла
На Беларусі.

marta напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 13:12

Сп. Някляеў, што Вы найбольш цэніце ў

1.жанчынах 2.сябрах

3.калегах?

Якімі сваімі якасцямі можаце пахваліцца?

Дзякуй

У жанчынах: уменне паддавацца лепцы — і заставацца самой сабой.

У сябрах: здольнасць сябраваць тады, калі сябраваць немагчыма.

У калегах: тое, што яны ўмеюць рабіць.

Пахваліцца магу ўменнем заставацца самім сабой, сябраваць тады, калі сябраваць немагчыма і рабіць тое, што ўмею рабіць.

Павел напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 13:27

Сп. Уладзімір, Вы веруючы чалавек? Калі так, то як выглядае Вашае рэлігійнае жыццё?

Маё рэлігійнае жыццё выглядае гэтак, як выглядае любая ўнутраная праца кожнага чалавека: нябачна. Ну, калі не лічыць таго, што блізкія бачаць мяне ў час малітвы. Але можна маліцца — і не быць вернікам. Калі малітва — не ўнутраная праца.

aleks_nesterow напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 13:38

Спадар Някляеў,

Як скансалідавацца, як не баяцца, як верыць?

Дзякуй!

Проста скансалідавацца, проста не баяцца, проста верыць.

Андрэйка напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 13:43

Паважаны Уладзимір Пракопавіч! У мяне да вас ёсць маленькае пытанне:

— Ці збіраецесь вы ўдзельнічаць у якасці кандыдата на «выбарах» прэзідэнта Рэспублікі Беларусь 2010–2011? Вы ўжо шмат раз гаворылі што: — падумаю, потым вырашу! АДКАЖЫЦЕ ЎЖО!

За самы дакладны адказ- ДЗЯКУЙ!

УЖО АДКАЗВАЮ — і гэта САМЫ ДАКЛАДНЫ АДКАЗ: буду ўдзельнічаць у выбарах, калі будуць выбары.

Алена напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 14:49

Уладзімір Пракопавіч, а якое ў вас хобі? :)

Алена, я не хабіст.

юля напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 14:51

Ведаю, што Вы любіце прэферанс. Увогуле, Вы азартны гулец? :)

Некалі, упершыню сеўшы за стол, каб згуляць у прэферанс, я выйграў 440 рублёў. Пры маёй студэнцкай стыпендыі (14 рублёй) гэта было больш чым дастаткова, каб адчуць сябе Крэзам. Але толькі гіпатэтычна, бо тыя людзі (адзін — прафесар медыцыны, другі — прафесар этнаграфіі, якія ўзялі мяне гуляць трэцім, бо трэці з іх кампаніі не прыйшоў) грошы мне не аддалі. Патлумачыўшы сваё рашэнне тым, што наяўнасць іх у такой колькасці можа адмоўна паўплываць на маю несфармаваную свядомасць. Дык яно й паўплывала: я трываць не магу жлабоў незалежна ад іх рэгалій і званняў. Нават незалежна ад таленту.

Прафесар медыцыны даволі хутка пасля таго (хоць і быў прафесарам медыцыны) памёр, а прафесар этнаграфіі доўга «адкупляўся», пастаўляючы мне навуковую, так бы мовіць, кліентуру: тых, хто жадаў стаць кандыдатам ці доктарам этнаграфічных навук, але нічога, апроч жадання, для гэтага не меў. І я пісаў за іх дэсэртыцыі, якія каштавалі больш за 440 рублёў. Значна больш, так што цяпер да беларускай прафесуры я не ў прэтэнзіях.

Што да таго, ці я азартны… Не азартныя людзі напачатку спякотнага жніўня ціха абіраюць на лецішчах апошнія вішні. Недадзяўбаныя шпакамі.

nespartovy_4alavek напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 14:55

Ці практыкуеце спорт? Ці кунаецеся ў палонку? Бегаеце па раніцах? Катаецеся на ровары?

Як ставіцеся да пабудовы лядовых палацаў па ўсёй краіне?

З усяго вамі прапанаванага выбраў бы ровар…

Помню, як у дзяцінстве, калі мне яго купілі, я мыў той ровар у рэчцы і нёс дахаты на сабе, каб колы не запэцкаць… А ноччу падамаўся, каб зірнуць, як бліскаюць у цемры спіцы і нікіляваныя абады.

З лядовымі палацамі ніяках успамінаў не звязана, таму я да іх абыякавы.

Кірыл напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 15:29

Недзе у лютым Вы абвесцілі пра пачатак кампаніі «Гавары Праўду». Я пытаў у сяброў і знаёмых, якія не карыстаюцца інтэрнетам, кажуць, што пра вас нічога не чуваць. Чаму так адбываецца?

Адбывацца так можа па дзвюх прычынах: ці нічога не чуюць — ці нічога не кажуць. Хутчэй, па другой, бо ўсе масавая «казальнікі» ў сённяшняй Беларусі для праўды перакрытыя.

borat напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 15:36

Чаму вы не збіраецеся падтрымаць на выбарах Віталя Рымашэўскага, кандыдата ад самай ідэйнай, маладой і перспектыўнай палітычнай сілы? Віталь сумленны чалавек, і заўсёды гаворыць праўду.

Вашыя дарадцы супраць Рымашэўскага?

Тут такая дылема: ці мне падтрымліваць сябе самога — ці Віталя Рымашэўскага. Маю час падумаць.

Увогуле ж і да БХД (найперш на Паўла Севярынца), і да Віталя я адношуся з павагай. Яны робяць тое, што ў сённяшняй Беларусі трэба рабіць. Каб беларусы не ўваходзілі ў хрысціянскія храмы паганцамі.

Алексей напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 15:52

Владимир Прокофьевич, я искренне поддерживаю компанию «Говори правду», вы делаете очень правильное и полезное дело! Я очень хотел бы присоединиться к этой компании и вот уже месяц веду переписку с [email protected] мне отвечают, что вот свяжутся и… не связываются… Почему так?! Вам не нужны активисты?!

Так увогуле не можа быць, мы ідзем на кантакт нават з тымі, хто нас не падтрымлівае. А ўжо з тымі, хто хоча быць з намі… Нейкая тут тэхнічная накладка, абавязкова разбярэмся.

Падайце свае кантакты на мой сайт: nekliaev.by

mikola ramanau напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 16:01

sp. Nekliaeu. pavaga da tago sto vy robice,adnak u mene ni padymaecca ruka kinut kamen u insyh kandydatau u Prezydenty (lukasenka ne u zalik). adnak sto iost-'sumlennye vybary'?ti (3 razy tfu)2015 prydecca pacynac usio spacatku? ne pytaius u vas,kali 'pa-pravilam’guliat, uzo na Belarusi pavinen vybiracca 3 Prezydent? Brussel.

У іншых кандыдатаў у прэзідэнты камянёў я не кідаю. Ні ў якіх кандыдатаў ніякіх камянёў. Нам трэба дамаўляцца, а не камянямі кідацца. Каб пасля гэтых выбараў насамрэч было названае імя новага прэзідэнта Беларусі.

Марцинкевич напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 16:44

Владимир Прокофьевич, признание ничтожным договора аренды между «Движением вперед» и ООО «Тина Влати» и ожидаемая последующая ликвидация «Движения Вперед» ставит под удар активистов компании «Говори правду» (как известно в РБ действия от имени незарегистрированной организации является уголовным преступлением) может есть смысл последовать примеру «Молодого Фронта» и зарегистрироваться в Чехии или любом другом государстве?!

Усё так: улада «знічтожыла» установу «Рух наперад», каб знішчыць кампанію «Гавары праўду». Папросту: судзіць і садзіць актывістаў кампаніі за дзейнасць ад імя незарэгістраванай арганізацыі. Таму мы прыдпрынялі меры ў чымсьці падобныя на прапанаваныя вамі.

padarozhny напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 17:01

Уладзімер Пракопавіч!

Як Вы ставіцеся да заклікаў сп. Пазьняка байкатаваць прэзідэнцкія выбары? Ці сапраўды байкот — адзіна магчымы шлях да зьмены існуючай палітычнае сыстэмы на Беларусі?

Загадзя дзякую!

Я не выключаю байкот як адзін з магчымых сцэнароў прэзідэнцкіх выбараў. Але гэты сцэнар для некага, не для мяне. Ён разлічаны на перамогу ў нейкім будучым — невядома якім. А я бачу магчымасць перамогі цяпер — і зраблю ўсё магчымае і немагчымае, каб яна адбылася. МЕНАВІТА З ГЭТАГА БАЧАННЯ (а не з расейскіх ці яшчэ якіх грошай) і ўзнікла кампанія «Гавары праўду».

У адначассі сцэнар перамогі і сцэнар байкоту — несумяшчальныя.

Аматар напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 17:58

Спадар Някляеў, карыстаючыся магчымасьцю хацеў бы падзякаваць вам за вашую шчырую працу! Дзякуй, што не схаваліся, не змірыліся, не прыстасаваліся.

Таксама, хацелася б выказаць адну заўвагу па працы. «Палявая праца» досыць марудна ідзе. Людзі, вельмі доўга чакаюць адказаў ад кампаніі «ГП» па супрацоўніцтву. Адзін мой сябра чакае ўжо больш за 2 тыдні. Нельга губляць людскі рэсурс! Трэба як мага эфектыўней працаваць! Людзі — гэта галоўнае! Грошы толькі трэцяя частка неабходнага, але ж без людзей яны пшык.

Ну і нарэшце маё пытаньне: ці будзеце вы працягваць ездзіць па рэгіёнах Беларусі?

Гэта ўжо другі закід пра няўважлівасць да магчымых актывістаў кампаніі «Гавары праўду». Значыць, нешта тут ёсць…

Зразумела, што галоўнае — людзі. Нічога ў людзей, апроч іх саміх, няма.

Па рэгіёнах буду ездзіць, як ездзіў. Хоць з кожнай паездкай гэт ўсё больш складана.

пытанне напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 19:46

Ці маеце прагноз, калі будуць выбары? Ці хопіць часу, каб добра падрыхтавацца да іх? Сапраўды, пра Вас ведаюць толькі ў інтэрнэце. А ці прыйдзеце Вы да мільёнаў неінтэрнэтных выбарцаў?

Выбары адбудуцца ў гэтым годзе. Новы год, хутчэй за ўсё, пачнецца з дэвальвацыі беларускага рубля, што прывядзе да схуднення і без таго не надта пухнатага бюджэту кожнай сям’і. Папулярнасці кіраўніку краіны такая непапулярная дзея не дадасць.

Калі планаваць удзел у выбарах ад сёння, заняцца імі толькі цяпер, дык добра падрыхтавацца, канечне, немагчыма. Але мы пачалі падрыхтоўку да іх значна раней.

З усяго, што мы прааналізавалі, сістэматызавалі і падрыхтавалі да дзеянняў вынікае, што да нас могуць прыйсці мільёны выбарцаў.

Чуб напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 20:06

У неправавой дзяржаве і абмежаванай медыйнай прасторы «пайсці ў народ» не простым выступоўцам, а з канкрэтнымі дзеяннямі — правільны шлях, калі толькі гэта не піар, а руцінная праца з шараговымі грамадзянамі.

Спадар Уладзімір, некаторыя кандыдаты ў прэзідэнты ўжо зараз заклікаюць людзей выходзіць у дзень выбараў, калі яны будуць адбывацца па сцэнару 2006 года, на плошчу. Як вы лічыце, ці можа Плошча паўплываць на ход падзей?

Плошча, як і байкот — адзін са сцэнароў прэзідэнцкіх выбараў.

Усяго сцэнароў чатыры. Я называю кожны з іх (умоўна, для сябе) па іх апратцы. Гэта выбары, на якіх:

1. Усе ў чорным (або нібыта выбары, у якіх тое, хто за каго галасаваў, назаўсёды застанецца чорным, невядомым, бо не мае ніякага значэння: пераможца вызначаны загадзя).

2. Усе ў паласатым (або выбары з дамоўленасцю паміж Расіяй, Еўразвязам і ЗША пра кандыдата ад апазіцыі).

3. Усе ў белым (або байкот).

4. Усе ў сваім (або плошча).

Па першым сцэнары ўсе застаюцца пры сваіх інтарэсах: Лукашэнка пры прэзідэнцтве, лідэры апазіцыі пры лідэрстве ў апазіцыі.

Па другім сцэнары Лукашэнка не застаецца. Але рэалізаваць гэта сцэнар (ва ўсялякім разе на сённяшні дзень) наўрад ці магчыма: у адносінах да Беларусі паміж Расіяй, Еўразвязам і ЗША вельмі вялікая нестыкоўка. Пайсці на перамовы з Захадам пра нейкага «парытэтнага» кандыдата ў прэзідэнты азначала б для Расіі прызнанне Беларусі (і ўжо канчатковае) як цалкам незалежнай краіны, паўнавартаснага суб’екта міжнародных зносін. На гэта сённяшняя Расіія яшчэ не гатовая. Здавалася б, вось-вось, вось-вось, але ўсё яшчэ не і не.

Трэці сцэнар — гэта перанос перамогі на нейкі (які немагчыма акрэсліць) тэрмін. Не выключана, што яшчэ на столькі ж гадоў, колькі ўжо рэжым існуе.

Паколькі тры названыя сцэнары або не падыходзяць, або наўрад ці магчымыя — застаецца чацвёрты.

Сонны ветах напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 20:17

Ці лічыце вы нармальным падыгрываць Расіі? Ці сапраўды гэта нармальна змешваць маральны выбар з выбарам геапалітычным — з выбарам на карысць Пуціна? Ведаючы шмат каго з вашай каманды асабіста, у мяне няма сумневу ў тым, што яны гатову матку родну запрадаці дзеля задавальнення свайго трыбуха? У 2006 годзе многія з іх альбо ігнаравалі працу на карысць адзінага, альбо працавалі на выбарах у расійскіх рэгіёнах — зашыбалі капейку. Іншыя ж банальна здалі іншага дэмкандыдата — Казуліна — як толькі з тым здарылася бяда. Як вам вашая камнада? Ці падабаецца?

Калі вам вядома, хто з маёй каманды, каму і за колькі прадаў родную матку, кажыце наўпрост: той, таму і за столькі. Але, наколькі я ведаю, усе нашы родныя маткі пры родных дзетках.

Каманда збіралася з адным падыходам: прафесійным. Прагматычным. Без разборак, хто каму вораг. Не сябраваць, а працаваць. І каманда працуе. Не без хібаў. Але — менавіта праз прафесійнасць — на сённяшні дзень не зроблена ніводнай непапраўнай памылкі.

А наконт падабаюцца, не падабаюцца: яны самі ў люстэрка глядзяцца.

Body art напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 20:23

Владимир, Вы делаете интересную кампанию! Планирует ли Ваше движение принимать участие в сборе 100.000 подписей за выдвижение Сергея Сидорского в президенты Беларуси? Как Вы относитесь к Сидорскому лично? Знакомы ли Вы с ним? Будете ли Вы его поддерживать после того, как он в сентябре заявит о своем решении принять участие в выборах?

Калі спадар Сідорскі выкажа намер вылучацца кандыдатам у прэзідэнты Беларусі і не знойдзе магчымасці сабраць для гэтага 100 000 подпісаў, мы яму дапаможам. Бо гэта будзе крок рызыкоўнага чалавека — нават пры падтрымцы Расіі. Можна сказаць: тым больш пры падтрымцы Рассіі. І нават не рызыкоўны — адчайны крок. Не цяжка ўявіць, якую ён выкліча антырускую істэрыю — і кім стане ў такім выпадку сённяшні прэм’ер. Акажацца, што ён не толькі матку родную прадаў…

Казімір напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 22:29

1) Ваша кампанія мае ідэалогію \«Сябруем супраць Лукашэнкі\». Людзям гэтага недастаткова. Яны хочуць знаць чым Ваша Беларусь будзе лепшай ад ягонай, якую сацыяльна-эканамічную мадэль Вы прапануеце, які геапалітычны выбар? Вы ўхіляецеся ад адказаў, бо не маеце пазіцыі, ці не можаце пакрыўдзіць аўтараў стратэгіі?

2) Ці Вы згодныя, што сёння ў Беларусі ідзе змаганне не толькі за дэмакратыю, але і за самастойнасць краіны, яе эканамічны суверэнітэт. І калі ў падчас змагання з рэжымам згубім незалежнасць, то не будзе ні свабоды, ні мовы, ні гісторыі, ні культуры. Вы адчуваеце сваю адказнасць?

Грамадзянскую кампанію «Гавары праўду» я распачаў менавіта праз адчуванне адказнасці. З гэтым жа адчуваннем давяду яе да канца. Да выніку. Да немагчымасці страціць незалежнасць, свабоду, мову, гісторыю, культуру.

Жан Жэнэ напiсаў (ла)Лiпень 30, 2010 у 22:42

Вы, паважаны спадар Някляеў, трэба так разумець, вельмі праўдзівы чалавек, які патрабуе праўды і ад іншых. У Беларусі існуе пэўная частка людзей з нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыяй, і гэта праўда. Адсюль вынікаюць пытанні: як вы ставіцеся да гомосексуалізму ўвогуле, і ці накіраваны вы ў сваёй палітыцы неяк падтрымліваць зняважаныя ў нашай кансерватыўнай краіне сексуальныя меншасці?

Зневажаць нікога не збіраюся. Але мае асабістыя адносіны да нетрадыцыйнай сексуальнай арыентацыі — традыцыйныя.

Саня напiсаў (ла)Лiпень 31, 2010 у 0:42

Слышал Вы в 2006 были в команде Козулина. Почему? Какие у Вас сейчас с ним отношения?! Также мне интересно Ваше отношение к Александру Милинкевичу?!

Так, на мінулых прэзідэнцкіх выбарах я быў у камандзе Аляксандра Казуліна. Чалавека, удзелам якога ў тых выбарах яны і запомніліся. Адносіны ў нас сяброўскія.

З Аляксандрам Мілінкевічам такімі адносінамі, на жаль, не магу пахваліцца. Але ўсё яшчэ можа быць… Пры нашай самай першай сустрэчы пасля прэзентацыі кампаніі «Гавары праўду», на якой мы абмяркоўвалі план далейшых дзеянняў, ён сказаў, што паўсюль і заўсёды гатовы падставіць мне сваё сяброўскае, моцнае, мужчынскае плячо.

Зараз розныя людзі рознае пра нашыя адносіны кажуць, але сам ён слоў сваіх назад не забіраў. І я не забіраў у яго сваю кнігу з надпісам, які пачынаецца словамі: «З нязменнай павагай…»

Ваш выбар напiсаў (ла)Лiпень 31, 2010 у 1:39

На мінулых прэзідэнцкіх выбарах каманда «адзінага» (тады яшчэ Мілінкевіча) ставіла на пра-заходні вектар падтрымкі. На гэтых выбарах відавочна, што Захад будзе мець стрыманую пазіцыю. У той час, як непакоіць пазіцыя Расеі, якая, натуральна прымушае Лукашэнку да «міру з Крамлём». Вашыя недобразычліўцы ў стане беларускай апазіцыі бачучы сваю бездапаможнасьць перад уладай, Крамлём ды Захадам, а таксама перад вашай кампаніяй асабіста, распусьцілі чуткі, што нібыта вы з’яўляецеся «пра-расейскім» кандыдатам. Натуральна, што гэта палітычная валтузьня і гэтакзваныя «самыя еўрапейскія» хочуць адцягнуць ад кампаніі «ГП» частку дэмакратычнага актыву. Тым не менш, ці гатовыя вы ісці на кампраміс па вылучэнню адзінага кандыдата з іншымі палітычнымі структурамі ў Беларусі? І ці гатовыя вы на выбарах ісці да канца, то бок альбо да вашага поўнага знішчэння, альбо да самай улады? І ці не будзе ў нас «экскурсіі Мілінкевіча-2» узору 2006 года? Можа ўсё вырашым за 1–2 дні?

Я вагаюся, пакуль прымаю рашэнне. Быць ці не быць. Прыняўшы, не вагаюся.

Наўпрост пытанне — наўпрост адказ: гатовы на ўсё. Як ісці на кампраміс (з кожным і з усімі), гэтак і йсці да канца. Да поўнага, як вы кажаце, знішчэння, альбо да самай улады.

Ніякіх экскурсій не будзе.

Гавару п. напiсаў (ла)Лiпень 31, 2010 у 8:01

Уладзімір Пракоф’евіч, скажыце, а колькі яшчэ трэба вывесіць шыльдаў і зладзіць банкетаў, каб такім няхітрым чынам уцерціся ў давер да пэўнай апазіцыйнай часткі грамадства, той — невялікай — што абляпіла інтэрнэт? А што з астатнім грамадствам? Прапаную павесіць адну вялікую шыльду ў гонар (хто там сярод беларусаў папулярны з гістарычных ці літаратурных персанажаў?) Пятра І ці А. С. Пушкіна і зладзіць адзін вялікі банкет на ўсіх беларусаў (толькі без хрустальных фужэраў на тонкіх ножках, а папрасцей, — з чаркамі-кубкамі). Можа ўжо тады да вас пацягнуцца людзі? А так, на маю думку, усё квёла нешта ў вас выходзіць.

Дзякуй за параду. Фужэры на тонкіх ножках — гэта насамрэч неяк квелавата…

Мы думалі пра адзін вялікі банкет для ўсіх беларусаў. Такі, які б ніколі не сканчаўся. Я нават песню пад яго напісаў: «Гуляць дык гуляць!» Але ні ў Расіі, ні ў Еўразвязе ідэю не падтрымалі.

Сергей напiсаў (ла)Лiпень 31, 2010 у 10:17

Уважаемый Владимир, на сегодняшний день видно, что некоторые кандидаты (в частности, Милинкевич и Санников) не будут работать на победу, а будут работать исключительно на легитимацию режима в стиле «выборы ради выборов». Их мы знаем по итогам 2006 года, когда после решительных призывов по ТВ, газетах и на Октябрьской они струсили и сказали «приходите завтра». Мой вопрос к вам следующий, а какой собственно ваш прогноз на предстоящие президентские «выборы»? В случае нарушений (скорее риторическое утверждение) будете ли вы протестовать и не будет ли этот протест закончен «цветами» на Площади Освободителей.

На падобнае пытанне я ўжо адказваў.

Серж напiсаў (ла)Лiпень 31, 2010 у 11:22

Уважаемый Владимир, на сегодняшний день видно, что некоторые кандидаты (в частности, Вы) не будут работать на победу, а будут работать исключительно на легитимацию режима в стиле «выборы ради выборов». Их мы знаем по полной бездеятельности до 2010 года. Мой вопрос к вам следующий, а какой собственно ваш прогноз на предстоящие президентские «выборы»? В случае нарушений (скорее риторическое утверждение) будете ли вы протестовать и не будет ли этот протест закончен «цветами» на Площади Освободителей.

Адказваў на падобнае пытанне раней.

Бабруйчанка напiсаў (ла)Лiпень 31, 2010 у 11:59

якія вынікі ёсць ад кампаніі «Гавары праўду», якую карысць яны прынеслі беларусам ці могуць прынесці, і што будзе з усімі «говоріправдовцамі» якія збеглі са сваіх партыяў да вас пасля таго, як прайдуць прэзідэнцкія выбары?

Вынікі дзейнасці кампаніі «Гавары праўду» такія: у нас ужо амаль паўгода ДЗЕЙНІЧАЮЦЬ сябры тых партый, з якімі ў тых партыях толькі ГАВАРЫЛІ пра дзейнасць.

Пасля таго, як пройдуць прэзідэнцкія выбары, трэба будзе з м я н я ц ь Беларусь. Занятак — для ўсіх, працы хопіць і партыйным, і беспартыйным. Так што ні з кім нічога кепскага не будзе.

daroha напiсаў (ла)Лiпень 31, 2010 у 12:28

добры дзень. ці маеце вы ўласную праграму да прэзыдэнцкіх выбараў, уласнае бачаньне разьвіцьця краіны? буду ўдзячны хаця бы за некалькі тэзысаў. што вы думаеце наконт працэсу люстрацыі ў выпадку зьмены ўлады ў краіне? ці патрэбная люстрацыя ў беларусі, калі так, то якая менавіта? якое разьвязаньне бачыце для праблемы дзяржпазыкі? ці застануцца на тэрыторыі краіны замежныя вайсковыя аб’екты пасьля зьмены ўлады? ці будзе зьмененая канстытуцыя пасьля зьмены ўлады, альбо застанецца сыстэма кіраваньня «цьвёрдай рукі», каб разграбсьціся з усёй спадчынай сёньняшняга рэжыму?беларуская атамная станцыя — ці працягнецца рэалізацыя гэтага праекту пасьля зьмены ўлады, альбо будзе спыненая?

загадзя ўдзячны за разгорнуты адказ.

Праграму развіцця краіны мы, безумоўна, маем. І прадставім яе на абмеркаванне, калі пойдзем на выбары.

Пра люстрацыю ў праграме няма ні слова. Як і ўвогуле пра рэзкія крокі, якія могуць выклікаць супроцьстаянне ў грамадстве, сацыяльны выбух. Акцэнты зробленыя на эканамічныя, а не на палітычныя праблемы.

Іра напiсаў (ла)Лiпень 31, 2010 у 12:30

Спадар Уладзімір, у тым выпадку, калі вы будзеце прэзідэнтам, ці будзеце вы надаваць прыярытэт у дзяржаўных установах маладым людзям, ці старой наменклатуры? І што будзе рабіцца для таго, каб маладыя людзі, якія атрымалі еўрапейскую адукацыю і жывуць ды зарабляюць за мяжой, змаглі б прыехаць у Беларусь і працавалі на карысьць сваёй Радзімы, але ў добрых умовах, то бок нічога не страчваючы для сябе асабіста?

Балюча глядзець, як перацякае, пераліваецца за межы Беларусі наша моладзь. Прычым, самая таленавітая. Не бачачы перспектывы, моладзь проста збягае — і гэта рэальны паказальнік таго, як насамрэч пачуваецца яна ў нашай самай шчаслівай краіне.

Усе нашы найпершыя, арыентаваныя на высокія тэхналогіі, праграмы па рэфармаванні эканомікі могуць быць рэалізаваныя толькі з удзелам сапраўдных, насамрэч высокіх прафесіяналаў, спецыялістаў. У гэтыя праграмы (а не проста да маці, да хаты) мы і будзем спрабаваць вяртаць нашу моладзь, прапануючы ёй прыстойныя ўмовы. І не апошняй будзе перспектыва кар’еры, з чым у замежжы — найбольшая праблема. Зарабіць табе там дадуць, але ў эліту патрапіць ты зможаш хіба праз шалёны талент ці праз выпадак.

беларускамоўная напiсаў (ла)Лiпень 31, 2010 у 16:17

Адкажыце, калі ласка, чаму Вы праводзіце рускамоўную кампанію? Якія вашы мэты: зрабіць Беларусь суверэннай дзяржавай або зрабіць асабістую перамогу?

Няўжо вы думаеце, што мне, беларускаму паэту, тое, пра што вы пытаецеся, баліць менш, чым вам?..

Беларусь і цяпер рускамоўная краіна. Так што ў гэтым накірунку я наўрад ці змагу «зрабіць асабістую перамогу». Хутчэй — у зваротным.

Моисей Абрамович напiсаў (ла)Лiпень 31, 2010 у 16:58

где по-вашему пролегает граница лояльности собственному государству и иностранным государствам, выделяющим средства «на борьбу с режимом», «на развитие демократии», «на правду» и т. д.? и не считаете ли вы что бесплатный сыр, тем более в политике, бывает только в мышеловке?

Шаноўны Майсей Абрамавіч, я хоць і люблю сыр, але не так моцна, каб публічна аспрэчваць народную мудрасць…

Нехта з Мехiка напiсаў (ла)Лiпень 31, 2010 у 18:29

Пракопавiч, а што Вы скажаце Лукашэнку пры сустрэчы з iм — i ў выпадку сваёй перамогi, i ў выпадку сваё паразы.

Прапаную паехаць у Мехіка.

awa напiсаў (ла)Лiпень 31, 2010 у 23:54, А калі пасьля выбараў «новы» прэзідэнт прапануе вам міністэрскую пасаду (напраклад, мін. культуры), вы згадзіцеся ці не? Увогуле, што вам лепш падабаецца — адміністрацыйна-камандная ці творча-індывідуальная работа?

Мяркую, я магу працаваць толькі ці паэтам пры паэце, ці прэзідэнтам пры прэзідэнце. Сам пры сабе.

Чаму так мяркую?.. Спрабаваў працаваць пры прэзідэнце паэтам — не выйшла.

Свай…йак напiсаў (ла)Жнiвень 1, 2010 у 8:38

Ваша компания «Говори правду» породила огромную базу компромата на нечистых на руку судей, милиционеров, врачей, таможенников, а самое главное чиновников находящихся (ившихся) у кормушки на самом верху, там фигурируют самые громкие фамилии. Хорошо теперь все-все знают, а дальше, что??? Отстранить от власти этот мафиозный спрут Ваша команда в состоянии, в состоянии «отмести этот мусор», в состоянии вернуть страну ее народу. Очень показателен в этом плане рынок Ждановичи при взгляде сверху, торгуют ныне там люди всех наций и всех цветов кожи, это хорошо, ибо это признак цивилизации и нормальных отношений в обществе, вот только Беларусам место осталось только на «блошином рынке». Так с какой целью Вы ведете эту пиар акцию, под очередного ставленника кремля или под возрождение национальной идеи???

Моцна прамоўлена, але я не зразумеў, пра што?..

Лужкоў у Маскве пагнаў быў з рынкаў «лиц кавказской национальности». Вынік: рынкі спусцелі. Толькі дзе-нідзе бабулі гандлявалі кропам…

Дарэчы (не ўпэўнены, праўда, дарэчы ці не?), анекдот пра бабулю і кроп. Сам прыдумаў, дык і распавядаю.

Сядзіць бабуля, прадае кроп. Бабуля ссохлая, кроп звялы. Новы беларус на «мэрсе» спыняецца, шкада яму бабулю стала. Але асцерагаецца проста так гроша даць, каб не пакрыўдзіць, таму пытае: «Колькі, бабка, кроп?» Тая кажа: «Тысячу». Ён тысячу падае, кроп не бярэ, едзе… Назаўтра тое самае — і так кожны дзень. Праз месяц тысячу падае, кроп не бярэ, едзе, а бабуля ўслед: «Гэй, чакай! Сёння кроп ужо дзве тысячы!.."

Вось вам і нацыянальная ідэя, Свай…йак.

з Мазыра напiсаў (ла)Жнiвень 1, 2010 у 11:18

Спадар Някляеў, а што вы можаце сказаць тым, хто яшчэ вагаецца: дапамагаць вашай кампаніі, ці не? Чаму ваша дзейнасьць лепшая і эфектыўнейшая за іншыя апазіцыйныя структуры ў Беларусі?

Тым, хто яшчэ вагаецца, дапамагаць нашай кампаніі ці не, магу сказаць: не вагайцеся! Бо ўсё значнае, што будзе адбывацца ў Беларусі ў блізкай і аддаленай будучыні, будзе адбывацца з удзелам кампаніі «Гавары праўду». Значыць, з вашым удзелам, калі вы кінеце вагацца.

Менскі напiсаў (ла)Жнiвень 1, 2010 у 19:06

Не так даўно Мілінкевіч заявіў (http://nn.by/?c=ar&i=41650), што будзе чакаць пакуль улада сама сыйдзе. Ці гатовыя вы чакаць пакуль улада саступіць вам? Ці вы будзеце змагацца за ўладу?

Не ведаю, як Мілінкевічу, а мне ўлада саступіць не абяцала. Так што няма чаго чакаць.

sabotaz напiсаў (ла)Жнiвень 1, 2010 у 21:32

Говорить правду — это ходить по тонкому льду. Вы рисковый человек и это хорошо. Интернет страница — это хорошо, может пора выпустить газету?

Успехов Вам. Жыве Беларусь!

Чаго толькі мы не выпускаем… Мала, не хапае, не да ўсіх трапляе. Тым больш, што многае забіраюць, канфіскуюць. Пашыраем сетку распаўсюду, друкуем новае… Зноў канфіскуюць, некага арыштоўваюць. І гэтак месяц за месяцам, тыдзень за тыднем, з дня ў дзень. Так што спадзяюся: калі-небудзь дойдзе да ўсіх. Ну, тое, што дойдзе…

Николя напiсаў (ла)Жнiвень 1, 2010 у 22:50

Планируете ли Вы принять участие в неформальной встрече Президента России Медведева с белорусскими политиками и общественными деятелями в конце сентября в Москве? Какие вопросы Вы намерены поднимать на встрече?

Калі такая сустрэча адбудзецца і мяне на яе запросяць, дык што-небудзь я там падыму… Як за савецкім часам жартавалі: апроч фужэра…

Са Жлобiна напiсаў (ла)Жнiвень 1, 2010 у 23:09

Прэч Фядуту з Процькай — i Жлобiн вас падтрымае!

Во! На сустрэчы з Мядзведзевым падыму тост за Фядуту і Процьку! Каб некага са Жлобіна жаба задушыла!

Тано напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 10:51

Какие еще улицы и проспекты в Минске Вы собираетесь переименовывать?

Дзяржынскага, Свярдлова, Мясніковіча, Кнорына, Ваупшасава, Калініна, Крупскай, Леніна, Розы Люксембург, Клары Цэткін, Пуліхава, Суворава ды іншых «слаўных сыноў і дачок беларускага народа». А ў гарвыканкаме нам кажуць, што няма такой вуліцы, якую можна было б перайменаваць у вуліцу імя Васіля Быкава.

Какой бы вы сделали памятник лукашенко? В каком виде — конная статуя? Лыжероллер на велосипеде, с Колей на руках?

Бадай што, ён — у лыжах на кані, а конь — на веласіпедзе…

А ўвогуле помнік Лукашэнку некалі можа стаяць. Нармальны. Калі ён зразумее, што для гэтага ў час трэба сыйсці. Каб не замінаць будучыні тых, хто можна паставіць яму нармальны помнік.

Таццяна напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 10:57

Добрый дзень, паважаны спадар Уладзімір!

хочу спрасіць Вас як Вы лічыце у Александра Казуліна таксама была за спіной падтрымка — яго дэлегіровала на той скандальны Ўсебеларускі з’езд партыя? Аднак усе скончылася турмой. Чым адрозніваецца Ваш падыход праз збор подпісаў ад грамадзянаў.

Дзякуй

Тым, што ад пачатку мы зробім усё і так, што і як патрабуецца зрабіць для ўдзелу ў гэтым сходзе. Яно, праўда, не азначае, што скончыцца ўсё не можа тым самым…

Арцём напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 10:59

Што Вы будзеце рабіць, калі Вас не пусцяць на сход? Па шчырасці, фармальна Вы парушаеце працэдуру вылучэння і ўлады маюць праву на сілавую сустрэчу с Вами.

Мы не парушаем працэдуру. Прачытайце: дэлегаты вылучаюцца ад працоўных калектываў ці па месцы жыхарства. Вось мы па месцы жыхарства і вылучымся. А можам яшчэ і ад працоўнага калектыву — не праблема.

На выпадак, калі не пусцяць, мы мыем падрыхтаваны сцэнар. Зразумела, не мардабойны.

Сяргей напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 11:00

Калі па ўмоўных нормах для вылучэння делегатам патрэбна каля 3000 галасоў, навошта вам збіраць 20 тысяч. Ці не лепей энергію вашых валанцёраў скіраваць у больш карысных варунках?

Нідзе не сказана, што для вылучэння дэлегатаў на Ўсебеларускі народны сход патрэбная тая ці іншая колькасць галасоў. Яны ўвогуле вылучаюцца безгалоса. Гэта мы самі падлічылі: калі дэлегатаў гэтым разам будзе, дапусцім, 5000, дык кожны будзе прадстаўляць прыблізна 2000 грамадзян. Вось мы і вырашылі сабраць подпісаў у 10 разаў болей, каб у паўнамоцтвах дэлегата праўды выключыць любыя сумневы.

І ёсць, калі ўжо казаць усю праўду, яшчэ адна мэта гэтай акцыі: праверка структуры напярэдадні выбараў. Яе мабільнасці, гатоўнасці. Ніхто гэтага не робіць, а мы робім. Не ўсе нават ведаюць, што ў іх структурах рэальна адбываецца, на што яны здольныя. А мы ведаем. І гэта ёсць ні што іншае, як адказныя адносіны да справы, што патрабуецца і ад лідэраў кампаніі, і ад кожнага валанцёра.

прадстаўляў напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 11:16

Вак крытыкуюць: маўляў, удзелам у Усебеларускім сходзе вы тым самым легатымізуеце гэту псеўдаакцыю. Ці не падаецца Вам, што сваім удзелам Вы пагаджаецеся з сфальсіфікаванымі вынікамі рэферэндуму 1996-га года? Пракаментуйце калі ласка.

Калі казаць пра легетымнасць, дык ад 20 ліпеня 1999 года няма ў нас легетымнасці ніякай, ні ў чым і ні ў кім. Тым не менш, усе нешта робяць, у нечым удзельнічаюць. Да прыкладу, у тых ж выбарах прэзідэнта. У той час як дзейны прэзідэнт — нелегітымны. Дык чаму ў выбарах браць удзел можна, а ў сходзе, які ёсць падрыхтоўкай да выбараў, — не?

У рэальных умовах гэта нармальны палітычны крок.

Алеся напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 11:21

Паважаны спадар Някляеў! Я памятаю, што праходзіла кампанія- паштоўка ў адміністрацыю прэзыдэнта. А Вы самі пісалі такую паштоўку? Што ў ёй было?

Верш.

«Стаю на асфальце я ў лыжы абуты…»

Таццяна напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 11:21

Таварыш Някляеў, Вы хаця б маеце ўяўленне, наколькі КУЦЫЯ правы дэлегатаў? Чаго тады пыжыцца?

Вы ўсё адно нічога не даб’ецеся!

Вас ЗАУЛЮЛЮКАЮЦЬ і выведуць адтуль, як Казуліна, у кайданках наўпрост у амерыканку, дзе Вам і месца з гэткім стаўленнем да лукашэнкаўскага зброду.

Перспыктыву мне намалявалі вы не лепшую, але ўсё ж у інтанацыі адчуваецца спагада. За што й дзякуй, Таццяна.

Толькі адно пытанне: а дзе месца тых, хто інакш ставіцца да, як вы кажаце, лукашэнкаўскага зброду? У хаце з краю?..

Даниил напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 11:21

Спадар Уладзімір! Што думае на гэты конт Казулін, які туда схадзіў? Ці не адгаворваў ён Вас?

Казулін мяне адгаворваў. Але некалі я гэтаксама адгаворваў Казуліна.

Зьміцер напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 11:25

Якія праграмныя рэчы Вы хочыце сказаць на сходзе? У разгорнутым парадку дайце!

У любым парадку, сціслым ці разгорнутым — я хачу сказаць прыкладна тое самае, што і вы, Зьміцер, і ўсе сказаць хацелі б. Праўду на сходзе маны.

Grazhdanin напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 11:29

Добры дзень Уладзімір, відавочна, што паход на сход — заява на ўдзел у выбарах. Ці не лічыце Вы, што паэту лепш займацца паэзіяй?

Так вы, grazhdane, дасталі гэтым сходам, што, можа, сапраўды лепш займацца паэзіяй…

Ігар. Салігорск. напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 11:36

Я жыву ў Салігорску. На мінулым тыдні ў нас поспрабавалі збіраць за вас подпісы. Вынік нулявы- людзі баяцца! Ваш каментар?

Не нагаворвайце, Ігар, на горад шахцёраў. Я двойчы быў у Салігорску — і абедзьве сустрэчы арганізоўвалі не марсіяне. Там штотам не ўсе баяцца, далёка не ўсе.

Я напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 12:12

Я гляджу, што Вам тут задаюць пытанні толькі сябры вашай каманды. Скажыце, колькі чалавек трэба азадачыць, каб за выходныя настрачыць 50 пытанняў? І чаму да вас такая нізкая цікаўнасць з боку сталых наведвальнікаў сайта НН?

Вось пра каго мала што ведаю, дык гэта пра сталых наведвальнікаў сайта НН. Чым яны адрозніваюцца ад «сяброў маёй каманды», якія, як дзятлы, тукаюць ды тукаюць пра народны сход?..

Калі нешта пра сябе распавядзеце, буду ўдзячны.

Иван напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 12:53

Пытаюсь решить с сыном задачку. Владимир, может поможете?

Дано: 22 июня, лидер кампании ГоП, господин Н. объявил о завершении сбора подписей за улицу Быкова. По его словам, было собрано 70 тыс. подписей.

Через пару недель, пресс-служба кампании ГоП заявила про конфискацию 80 тыс. подписей. Ещё через пару дней господин Н. сказал, что всего было собрано более 100 тыс. подписей, из которых только 5 тыс. удалось сохранить.

Вопрос: Кто врёт, а кто говорит правду?

Мы сабралі і здалі ў Мінскі гарвыканкам 105 000 подпісаў. Іх усе прынялі, усе зарэгістравалі. Вось і ўся праўда.

Калі ў вас застаюцца нейкія матэматычныя сумневы, можаце схадзіць у гарвыканкам і подпісы пералічыць. Мяркую, за пару дзён справіцеся. Калі на пару з сынам.

Tatiana напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 14:16

Добры дзень, спадар Уладзімір!!! У мяне да Вас два пытанні: 1.Творчасць і палітыка — рэчы несумяшчальныя, як Вы, творчая асоба, вырашылі займацца палітычнымі справамі? Паэт — гэта чалавек, які бачыць развіццё падзей з пункту погляду птушынага палёту, ці варта Вам ператварацца ў лягушку? 2.Вашае стаўленне да выказвання аналітыкаў з нагоды магчымай адмены выбараў, што будзе ініцыявана Ўсебеларускім з’ездам?

Сапраўдны паэт, Таццяна, гэта менавіта той, хто сумяшчае несумяшчальнае. І можа быць і птушкай, і жабай адначасова…

Выказванне аналітыкаў пра магчымую адмену (а дакладней, перанос) выбараў падзяляю, бо такое меркаванне якраз я і выказваў.

АГПэшнік) напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 14:26

Спадар Някляеў, ці гатовыя вы працаваць з Яраславам Раманчуком на гэтых выбарах?

Так, паміж намі ёсць дамоўленасць пра супрацоўніцтва. Я на сваіх сустрэчах распавядаю пра ягоную перадвыбарную праграму, ён — пра мэты кампаніі «Гавары праўду». І гэта ёсць прыклад таго, як павінны былі б паводзіцца ў гэты найадказны час усе грамадскія арганізацыі, палітычныя партыі ды іх лідэры.

Аксана напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 14:35

Спадар Някляеў, чаму іншыя дэмакратычныя лідеры не имкнуцца скарыстаць легальную магчымасць выступіць хоць бы на так званым Усебеларускім сходзе, калі іх пазбавілі магчымасці трапіць на парламенцкую трыбуну? Ці правільна тое, што ўсебеларускі сход таксама татальна замоўчваецца незалежнымі СМІ?

Калі мы згодныя дазволіць уладзе рабіць з намі ўсё, што яна ўздумае, тады ўсё пералічанае вамі — правільна. Калі ж не — дык не.

Уявіце: калі б па ўсёй Беларусі сотні, тысячы грамадзян пачалі збор подпісаў за сваё сваё вылучэнне на народны сход — што б гэта былодля ўлады? Я не такі наіўны, каб лічыць, што ўлада праз гэта рухнула б, але захісталася б… Дык трэба ж нешта рабіць, каб яна хісталася. І каб урэшце рухнула, адляцеўшы пылам…

Tatiana Oбр напiсаў (ла)Жнiвень 2, 2010 у 17:01

Классно — много вопросов от Татьян!

Я — Татьяна Обр.

У меня вопрос по партиям и гражданскому обществу.

1) Какие проблемы взаимодействия гражданского общества и оппозиционных партий

2) Как вы видите решение этих проблем

3)Как вы видите стратегию для построения демократического общества в Беларуси — основные задачи — 5–7 главных если можно.

Спасибо.

1.Галоўная праблема ва ўзаемадзеянні грамадзянскай супольнасці і апазіцыйных партый — адвечная барацьба за рэсурсы. Няма сваіх, унутраных крыніц фінансавання — і таму ўсе ў канкурэнцыі за гранты. Не цалкам, але гэтай канкурэнцыяй абумоўленая і складасць прадвыбарнай сітуацыі.

2. Вырашэнне праблемы магчымае толькі праз адно: праз рэфармаванне палітычнай сістэмы.

3. Стратэгія для пабудовы дэмакратычнага грамадства — фармаванне парламенцка-прэзідэнцкай рэспублікі.

Асноўныя задачы:

выбарнасць мясцовай улады;

выбарнасць суддзяў;

увядзенне змешанай сістэмы выбараў.

Сяргей напiсаў (ла) Жнiвень 2, 2010 у 17:53

Чаму Ваша кніга «Кон» з’яўляецца нейкай паўміфічнай? Яе нідзе немагчыма набыць. Няўжо нельга было хоць нейкім чынам зрабіць так, каб прыхільнікі Вашай творчасці змаглі знайсці яе. А то на прэзентацыю не трапіў, дык і ўсё? А хадзіць на палітычныя і грамадзянскія акцыі, а таксама на канцэрт Вайцюшкевіча, неяк няма цікавасьці апошнім часам. Ну аніякай няма…

Падайце на мой сайт (nekliaev.by) вашы кантакты — і будзеце мець кнігу «Кон». На жаль, ні ў якія кнігарні яе, міфічную, не бяруць.

* напiсаў (ла) Жнiвень 2, 2010 у 18:39

Калі бы Вы сталі прэзідэнтам, Вы бы распачылі крымінальныя справы супраць тых, хто чыніў палітычныя рэпрэсіі?(Рэктары, пракуроры, супарцоўнікі МУС і інш)? Ці пагадзіліся бы Вы працаваць у камандзе Зянона Пазняка «калі што»? Як Вы ставіцеся да КХП-БНФ, БХД, Маладога Фронта?

Я не пракурор, не следчы, увогуле не супрацоўнік праваахоўных органаў, каб распачынаць ці спыняць крымінальныя справы. На ўсё ёсць (будзе!) закон.

Працаваць у камандзе Зянона Пазьняка «калі што» — гэта што? Калі ён стане прэзідэнтам? Дык у такім выпадку ён і без мяне абыйдзецца.

Да ўсіх, хто супрацьстаіць рэжыму, мае адносіны паважлівыя. Асабліва да маладых. Яны маглі быць на іншым баку — і хто, і за што іх папракнуў бы? Зо тое, што менавіта мы, старэйшыя, стварылі варункі, у якіх ім трэба выбіраць, на якім баку стаяць? За тое, што нехта з іх хоча не змагацца, а зарабляць грошы, рабіць кар’еру — і тым жыць? Як большасць іх равеснікаў, якія не ў БХД ці Маладым фронце, а ў БРСМ.

Олег напiсаў (ла) Жнiвень 2, 2010 у 19:09

Господин Некляев, призываю вас и других претендентов на президентство объединиться и скорее уже выбрать единого т. к. больше тянуть нельзя. Что вы лично сами сделали для консолидации демократических сил?

Сёння я іду на раду творчай інтэлігенцыі, каб пераканаць сяброў рады не перапыняць працэдуру вылучэння адзінага кандыдата. Нягледзячы на ўсе складанасці і цяжкасці, гэта павінна адбыцца.

Aнтон напiсаў (ла) Жнiвень 2, 2010 у 19:21

Пакуль Вы былі паэтам, паважаў Вас. Калі недзе 8–9 месяцаў таму пачуў, што вы будзеце вылучацца на прэзідэнта-стала цікава. Зараз бачучы Вашую каманду і кампанію хачу запытацца. Няўжо вы думаеце, што прабеларускую справу можна рабіць з такімі людзьмі як Фабішэўскі, які кіруе ў вас адным з раёнаў Менска? у вас жа палова актывістаў пабягуць туды, дзе грошы дадуць, хоць да Казуліна, хоць да Някляева, хоць да каго, абы грошы плацілі.))

Ці Фабішэўскі, ці нехта іншы — усе нашыя, не нанятыя за мяжой, людзі. Жывыя, са сваімі недахопамі — якія ёсць. Нехта лепшы? Канкрэтна: хто? Прыводзьце, самі прыходзьце. Можа, спадабаецца. Не — дык не, разыйдземся без крыўдаў. Хто пабяжыць — не наракаць, не вяртаць не станем.

Усё жыццё ў зменах. Прыйдуць іншыя.

Павал напiсаў (ла) Жнiвень 2, 2010 у 19:42

Спадар Уладзімір Пракоп’евіч, калі вы станеце прэзыдэнтам нашай краіны, якімі будуйь адносіны з Эўрасаюзам?

Некалі Беларусь абавязкова ўступіць у Еўразвяз. І як гэта сёння ні здасца некаму дзіўным — з дапамогай Расіі, якая знойдзе ў тым сваю выгаду. Бо ў трубе (нафтавай ці газавай) Расіі труба. Ёй трэба будзе скідваць з сябе «сыравіннае пракляцце», паварочваць эканоміку ў бок сучасных тэхналогій, што немагчыма без стыкоўкі — праз Беларусь — з Еўразвязам.

Многае з таго, у што мы сёння ўпіраемся, што не дае нам рухацца наперад, абрынецца разам з сённяшнім рэжымам. У хуткім часе ўсё зменіцца — і гэта праўда. Якая ўсім нам дапаможа.

Што сказаў пра праўду Хрыстос? Ён злучыў яе ў адно з жыццём і дарогай,. «Я дарога, праўда і жыццё», — скаўзаў сын Божы, паставіўшы праўду — як апірышча — пасярэдзіне ўсяго існага.

asar напiсаў(ла) Жнiвень 2, 2010 у 22:34

Пракаментуйце два выказванни и адкажыце на адно пытанне.

----------------------------------------------------------

1.Продки нашы сказали бы - Зянон Пазняк Побуд-настауник настауникау.

2.Прызываючыя да зброи на вулицу дзеля звяржэння апастылеушага рэжыму зьяуляюцца правакатарами и чарговыми рэвалюцыянерами-навалаччу-вырадками, яких нармальныя людзи абавязаны тут жа перадаваць иснуючай уладзе, якою бы яна не была.

3.Загадка. У кожнага чалавека есць ТО - што абьядноувае родных

па крыви и па духу, ТО - чаго баяцца нехарошыя людзи и улады,

ТО - што страшней любой чалавечай зброи... ШТО ГЭТА?

(падсказка - ТО, ад чаго брахливыя и старажавыя сабаки перастаюць

гаукаць и кусацца)----у адказе пачатак вяликага.

З паклонам и шчыраю усмешкаю ASAR.

Мой дзед Ясь казаў: “Кожна піша Евангелле ад сябе, хоць яно даўно ўжо напісанае для ўсіх”.

І яшчэ я чуў ад яго: “Шчаслівытой, хто не ўставіў свайго радка ў кнігу Апакаліпсіса”.

Andrei напiсаў(ла) Жнiвень 2, 2010 у 23:12

Прывітанне пан Някляеў! Наколькі я памятаю вы збіраецеся трапіць на "усебеларускі" сход.

1. Ці ёсць нейкія правілы па якім туды абіраюцца кандыдатам на заканадаўчым узроні?

2. Як нарэшце, трапіўшы, атрымаць там час ці нават права на выступ і голас каб агучыць тое што вы збіраецеся там сказаць?

3. "Гавары праўду" кампанія станоўчая, але часам выглядае паказушна, на ваш погляд ці патрэбна яднацца свядомым грамадзянам у паходзе да праўды і сумленнага жыцця? Дзякуй.

На пытанне пра ўсебеларускі сход я ўжо некалькі разоў адказваў.

Што да таго, як ісці да праўды – разам ці адзінотна?.. Можна і так, і гэтак. У залежнасці ад таго, для ўсіх ты яе хочаш знайсці, ці выключна для сябе.

Ingvarr напiсаў(ла) Жнiвень 2, 2010 у 23:57

Спадар Някляеў, Вы здольныя на канфлікт? На вялікі канфлікт? І кампанію «Гавары праўду!» зрабіць сапраўды жорсткай і прыкрай праўдай аб усіх? Ці плануецца толькі крытыкаваць сучасную ўладу, казаць праўду аб сёньняшнем становішчы ў РБ (дарэчы, у вас на сайце не заўсёды праўда ), а пра адносіны з "апазыцыяй" адмоўчвацца ці даваць нейтральныя адказы.

Ну, і безумоўна згуляць у гэтую гульню з сапраўдным азаратам? :)

Вось такія ў мяне пытаньні. А што з мяне вазьмеш, з прыхыльніка Ю. Станкевіча :)

Я, безумоўна, разумею, што адказаць на гэтае пытаньне цалкам немагчыма. Але... хаця б гэтак... па вярхам.

Дзякуй за пытанне. Яно ў рэчышчы таго, пра што ядумаю.

Будзем вырашаць, што заўтра рабіць, нешта зрабіўшы сёння.

Vital напiсаў(ла) Жнiвень 3, 2010 у 1:57

Spadar Niaklaeu, Piszu lacinicaj, bo zhyvu u Amerycy. Skazhyce chto na vasz pohlad budze lideram ad apazicyi u nastupnyh vybarah? Kaho padtrymae Rasija?

Гэта стане вядома пасля таго, як будзе названая дата выбараў.

дажынкі напiсаў(ла) Жнiвень 3, 2010 у 2:42

Як вы ставіцеся да Расеі? Што вы можаце распавесці аб гісторыі руска-беларускіх адносін?

Чаму на вашых "сустрэчах-канферэнцыях" і іншых "ранішніках" тырчыць пёстры лукашэнкаўскі сьцяг? Што гэта адзначае? А ўвогуле, я лічу, што на такіх людзей як вы-не трэба звяртаць ТАКОЙ вялікай увагі, бо зьнікніце вы так жа хутка, як і з'явіліся.

Парада: калі вы лічыце некага не вартым вашай увагі, дык і лічыце. Не звяртайце на яго ўвагі ні вялікай, ні малой. А вы пытаецеся, як я адношуся да Расіі? Значыць, нейкую ўвагу ўсё ж выяўляеце. Паступаецеся прынцыпамі.

Не паступайцеся.

Iгар напiсаў(ла) Жнiвень 3, 2010 у 8:04

Мне вельмi спадабаецца сённяшні гiмн РБ, гэта вельмi ўдалы прыклад нейтральнасцi i згуртаванасцi ныцыi; цi прэзiдэнт Някляеў будзе даставаць з куфэрка нешта старое i нацыяналiстычнае?

И ещё. Почему Вас называют пророссийским президентом? Вас это обижает? И нет ли желания этот якобы минус умело обратить в плюс? Дзякуй.

Пра гімн магу сказаць вось што…

Некалі я і кампазітар Васіль Раінчык напісалі някепскую рэч пад назвай “Жыві, Беларусь!”, якая магла прэтэндаваць на тое, каб стаць гімнам. Раінчык — зямляк Лукашэнкі, дык меў спадзяванні. Нават абяцанні нейкія… І ўсё мне даводзіў: “Калі б ты не пасварыўся з Лукашэнкам, калі б не з’ехаў…” Не разумеючы, што нічога б не было, калі б я нават не пасварыўся і не з’ехаў. Паколькі Расія пакінула сваім гімнам савецкі, дык савецкі гімн павінен быў застацца і ў Беларусі. Ён і застаўся. Ну, падабаецца ён вам, дык падабаецца…

Цяпер пра маю прарасійскасць…Многім чамусьці надта хочацца, каб я Расію ненавідзеў. Яна такая, яна гэкая, праваслаўная, імперская, з ёй мы шчасця не мелі. А з кім мы мелі шчасце?..

Давайце паспрабуем займець яго самі з сабой, не вінавацячы ў адсутнасці яго суседзяў.

Я люблю Расію. Там, на Волзе, з першым крыкам удыхнуўшы прыволжскім стэпавы вецер, нарадзіўся мой бацька. Гэта – любоў дарадзіннай памяці, любоў душы, сэрца. Давайце не загадваць нашым сэрцам не любіць – і ўсё ў нас будзе добра. Па любові, якая нават вышэй за праўду.

***

Уладзімір Някляеў нарадзіўся 9 ліпеня 1946 года ў Смаргоні. Бацька — Някляеў Пракофій (Пракоп) Мікалаевіч — рускі, маці — Магер Анастасія Іванаўна, беларуска. Пражыў дзіцячыя гады ў Крэве. Вучыўся ў Мінскім элетратэхнікуме сувязі (1962 — 1966), на аддзяленні паэзіі Літаратурнага інстытута (1971, Масква), скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута (1973).

Працаваў сувязістам на Поўначы, у Сібіры, на Далёкім Усходзе, радыёмеханікам у мінскім тэлевізійным атэлье. Супрацоўнічаў у газеце «Знамя юности», рэдагаваў бюлетэнь «Тэатральны Мінск», быў старшым рэдактарам галоўнай рэдакцыі літаратурна-драматычных праграм Беларускага тэлебачання, галоўным рэдактарам часопіса «Крыніца», штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». З 1998 па 2001 — старшыня Саюза беларускіх пісьменнікаў.

Ад лютага 2010 года — лідэр грамадзянскай кампаніі «Гавары праўду!»

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0