5 жніўня беларускім кідальнікам молата Вадзіму Дзевятоўскаму і Івану Ціхану ва ўрачыстай абстаноўцы будуць вернутыя алімпійскія медалі Пекіна-2008, з якімі спартсмены былі вымушаныя развітацца на час суду з Міжнародным алімпійскім камітэтам, які абвінаваціў атлетаў у прымяненні допінгу. Мерапрыемства пройдзе ў сталічным спартыўна-аздараўленчым комплексе "Алімпійскі".

У чэрвені Вадзім Дзевятоўскі і Іван Ціхан выйгралі справу, якая цягнулася ад жніўня 2008 года, калі спартсменам былі абвешчаныя станоўчыя вынікі іх допінг-пробаў, узятых на Алімпіядзе ў Пекіне. Але атлеты не пагадзіліся з абвінавачваннямі і вырашылі даказаць сваю невінаватасць.

Вердыкт Спартыўнага арбітражнага суда (САS) у Лазане, дзе атлеты аспрэчвалі рашэнне дысцыплінарнай камісіі МАК аб пазбаўленні іх алімпійскіх медалёў, быў на карысць беларусаў. Срэбная ўзнагарода Вадзіма Дзевятоўскага і бронза Івана Ціхана ў кіданні молата засталіся за нашымі спартоўцамі.

Згодна з рашэннем арбітражнага суда, якое выйшла на 77 лістах і апублікаванае на афіцыйным сайце САS,

атлетам таксама павінны кампенсаваць шкоду ў памеры 50 тыс. еўра. Пры гэтым, па словах Вадзіма Дзевятоўскага, выдаткі на тое, каб давесці невінаватасць спартсменаў, склалі каля паўмільёну даляраў. Акрамя таго, з-за абвінавачванняў у прымяненні допінгу атлеты не атрымалі заслужаных прызавых грошай, была прыпыненая выплата прэзідэнцкіх стыпендый.

НАК Беларусі запэўніў, што ўсе належныя грошы атлетам кампенсуе. Ім таксама будуць прадастаўленыя кватэры, прадугледжаныя для прызёраў Алімпіяды-2008. Дзевятоўскі атрымае $ 50 тыс. прызавых і двухпакаёвую кватэру, а Ціхан -- $ 30 тыс. і аднапакаёўку.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?