Сістэма венчурнага фінансавання можа запрацаваць у Беларусі з верасня гэтага года, паведаміў 5 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску старшыня Дзяржаўнага камітэта па навуцы і тэхналогіях Ігар Войтаў.

Паводле яго слоў, найбліжэйшым часам будзе прынята палажэнне аб укараненні ў краіне сістэмы венчурнага фінансавання. «Пасля гэтага сумесна з зацікаўленымі структурамі, — а гэта ў першую чаргу замежныя банкі, замежныя інвестыцыйныя фонды, — пачнём адпрацоўваць на практыцы гэты механізм», — сказаў Войтаў.

Як паведаміў кіраўнік дзяржкамітэта, ужо паступілі «прапановы ад шэрагу інвестыцыйных фондаў з ААЭ, Катара, Расіі аб тым, каб паўдзельнічаць у структуры венчурнага фанансавання». «Самым найбліжэйшым часам мы гэтыя прапановы разгледзім і, па магчымасці, будзем прыцягваць рэсурсы з суфінансаваннем праектаў з боку Беларусі», — сказаў ён.

Паводле слоў Войтава, ад 30% да 50% фінансаванне праектаў будзе ажыццяўляцца беларускім бокам, астатнія сродкі плануецца прыцягваць звонку.

Кіраўнік дзяржкамітэта таксама паведаміў, што з дапамогай венчурнага фінансавання будуць рэалізоўвацца праекты ў сферы вытворчасці медыцынскай тэхнікі, машынабудавання, біятэхналогій, інфармацыйна-камунікацыйных тэхналогій. Праекты будуць ацэньвацца з пункту гледжання зацікаўленасці дзяржавы ў іх рэалізацыі, акупнасці, эфектыўнасці, з пункту гледжання новага дабаўленага кошту, стварэння працоўных месцаў.

***

Венчурнае фінансаванне — гэта доўгатэрміновыя (5–7 гадоў) высокарызыкавыя інвестыцыі прыватнага капіталу ў акцыянерны капітал зноў ствараных малых высокатэхналагічных перспектыўных кампаній (ці прадпрыемстваў, якія добра ўжо зарэкамендавалі сябе), арыентаваных на распрацоўку і вытворчасць навукаёмістых прадуктаў, для іх развіцця і пашырэння з мэтай атрымання прыбытку ад прыросту кошту ўкладзеных сродкаў.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?