Беларускае тэлебачанне масіравана рэкламуе адпачынак у Грузіі, у той час як знайсці прапановы ад турфірмаў немагчыма. Рэклама ўражвае: сумесь сучаснасці і гісторыі, еўрапейскі ўзровень...

 Горны курорт Бакурыяні.

Горны курорт Бакурыяні.

 Знакамітыя тбіліскія лазні.

Знакамітыя тбіліскія лазні.

 Старажытны замак у Анануры.

Старажытны замак у Анануры.

«І вы таксама наконт Грузіі? Вось што значыць паказаць народу прыгожыя карцінкі! — супрацоўнік турфірмы «Вяршыня» відавочна стаміўся тлумачыць. — Ніхто ў Мінску не робіць групавых тураў у Грузію. А рэкламу замовіла амбасада».

Аднак, калі вельмі хочацца, фірма прапануе персанальныя туры. Пералёт у абодва бакі — 350 даляраў, дзень пражывання на дваіх — 100. Тры дні ў Тбілісі будуць каштаваць як уік-энд у Стамбуле.

Турфірмы адчулі на сабе моц рэкламы — у верасні плануецца запусціць экскурсійны тур у Тбілісі, а пасля адпачынак на гарналыжных курортах, якімі Грузія славілася заўжды. Цяпер, па словах спецыялістаў, не найлепшы сезон для экскурсій — у Тбілісі стаіць гарачыня, і ад гэтага церпіць вельмі багатая экскурсійная праграма.

Дзе жыць?

Даляцець да Тбілісі каштуе ад 195 еўра ( для параўнання: столькі ж каштуе авіяквіток да Стамбула, а білет у Сочы абыдзецца беларусу ў 140 еўра). Рэйс ад «Белавія» Мінск — Тбілісі штодзённы.

Выбар гатэляў у Грузіі таксама багаты — ад трохзоркавых за 100 даляраў, да пяцізоркавых за 200. Гэта, што тычыцца Тбілісі. Кошты ў курортных гатэлях вышэйшыя — нумар на два месцы ў двухзоркавым гатэлі ў Батумі абыдзецца ў $170.

А нумар на два месцы ў гатэлі горнага курорта Гудауры будзе каштаваць 100 даляраў у дзень. На другім найвядомейшым горным курорце Грузіі, Бакурыяні, выбар гатэляў па коштах павінен задаволіць любога турыста: ад $80 за нумар у самым цэнтры курорта.

Пры неабходнасці адміністрацыя гатэля арганізуе трансфер з аэрапорта Тбілісі, таму праблемы дабрацца да курорта няма. Тым больш што браніраваць гатэль лепш загадзя — попыт на іх вялікі, і адразу вырашыць пытанне трансферу.

Большасць гатэляў маюць інтэрнэт-сайты з поўнай інфармацыяй. Параўнаць кошты, забраніраваць нумары можна на «агульных» сайтах, кшталту: http://www.advantour.com/rus/georgia/hotels.

Што глядзець?

Бадай, самае складанае пытанне. У Грузіі столькі славутых мясцін, на якія варта зірнуць, што выбраць найвыбітнейшыя амаль немагчыма. У першую чаргу варта паглядзець старую частку Тбілісі і старажытную сталіцу Мцхету. А больш за ўсё вам пашанцуе, калі ёсць грузінскія знаёмыя, кажа выдавец Уладзімір Сіўчыкаў, які вучыўся ў Грузіі. Яны абавязкова звозяць вас у свае родныя мясціны і там пакажуць і раскажуць усё. Сп. Уладзімір дагэтуль узгадвае, як хадзіў на грузінскія дні нараджэння.

Варта зазірнуць у Аджарыю — самы самабытны раён Грузіі, а таксама наведаць Кутаісі. Трэба зазначыць, што па колькасці гістарычных помнікаў і славутых месцаў Грузія адносіцца да найбольш багатых краін свету.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?