6 жніўня старшы следчы па асабліва важных справах Генеральнай пракуратуры Святлана Байкова, якая з 24 лютага знаходзіцца ў СІЗА Камітэта дзяржаўнай бяспекі, праходзіць абследаванне і здае аналізы ў шпіталі КДБ.

Пра гэтапаведаміў яе адвакат Міхаіл Волчак.

Ён спадзяецца, што згодна з вынікамі гэтага абследавання яго падабаронную або шпіталізуюць, або вызваляць з-пад варты, бо стан здароўя Байковай «крытычны». У яе развілася ныркавая недастатковасць.

Міхаіл Волчак сказаў, што ў сувязі з пагаршэннем стану здароўя Байковай накіраваў старшыні КДБ Вадзіму Зайцаву і генеральнаму пракурору Рыгору Васілевічу хадайніцтва з просьбай змяніць ёй меру стрымання ў выглядзе ўтрымання пад вартай на падпіску аб нявыездзе для атрымання тэрміновай кваліфікацыйнай медыцынскай дапамогі ці змясціць абвінавачаную Байкову ў медыцынскую ўстанову для аказання тэрміновай кваліфікацыйнай медыцынскай дапамогі, калі ў змяненні меры стрымання будзе адмоўлена.

Тэрмін разгляду хадайніцтва адваката заканчваецца 6 жніўня.

Нагадаем, 24 чэрвеня генпракурор Рыгор Васілевіч прадоўжыў тэрмін утрымання пад вартай Святланы Байковай яшчэ на два месяцы — да 24 жніўня. Крымінальныя справы ў дачыненні да яе старшыня Камітэта дзяржбяспекі Вадзім Зайцаў распачаў 24 лютага па прыкметах саставаў злачынстваў, прадугледжаных артыкуламі 399 (незаконнае вызваленне ад крымінальнай адказнасці) і 426 (перавышэнне ўлады ці службовых паўнамоцтваў) Крымінальнага кодэкса. Ім жа да следчага была прыменена мера стрымання ў выглядзе заключэння пад варту.

У сувязі з адсутнасцю дастатковых доказаў прад’яўленага абвінавачання 23 красавіка ў прадаўжэнні тэрміну ўтрымання Байковай пад вартай генпракурор адмовіў, але пры гэтым тэрмін правядзення папярэдняга следства па справе прадоўжыў па 24 жніўня. 24 чэрвеня ў Генеральнай пракуратуры паведамілі, што следствам КДБ прадстаўлены факты неабгрунтаванага затрымання, прыцягнення ў якасці абвінавачаных, заключэння грамадзян пад варту, дапушчаных Байковай у 2006–2007 гадах. Таму тэрмін яе ўтрымання пад вартай быў прадоўжаны.

У КДБ прадаўжэнне тэрміну ўтрымання Байковай пад вартай растлумачылі «неабходнасцю стварэння ўмоў для поўнага і аб’ектыўнага расследавання крымінальнай справы, у тым ліку ўстанаўлення матываў і падстаў непрымянення мер адказнасці, прадугледжаных заканадаўствам, у дачыненні да галоўных арганізатараў кантрабандных каналаў».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?