Прэм’ер-міністр Беларусі Сяргей Сідорскі ўказаў кампаніі Fishman Group (Ізраіль) на неабходнасць паскорыць рэалізацыю праекта па будаўніцтве IT-парка.

Сустракаючыся 6 жніўня ў Мінску са старшынёй савета дырэктараў гэтай кампаніі Эялем Фішманам, прэм’ер адзначыў: «Фактычна ідзе трэці год рэалізацыі праекта, але няма тэмпаў работ па забудове парка».

Сідорскі нагадаў, што некалькі гадоў таму Беларусь аб’явіла адкрыты конкурс па забудове IT-парка. У 2008 годзе кампанія Fishman Group выявіла жаданне ўдзельнічаць у рэалізацыі гэтага праекта з агульным аб’ёмам інвестыцый 540 мільёнаў еўра.

У адпаведнасці з інвестыцыйным дагаворам рэалізацыя праекта павінна завяршыцца ў 2014 годзе. «Але ў адпаведнасці з графікам забудовы, які дала кампанія Fishman Group, у 2014 годзе закончыцца толькі будаўніцтва першай чаргі з аб’ёмам інвестыцый 100 мільёнаў долараў. Гэта не вырашае тую задачу, якая вызначана інвестыцыйным дагаворам, падпісаным вашай кампаніяй з урадам», — падкрэсліў прэм’ер-міністр, звяртаючыся да суразмоўцы. «Пакуль у праект інвеставана крыху больш за 1 млн. даляраў», — дадаў Сідорскі.

Кіраўнік урада нагадаў, што Fishman Group мае эксклюзіўны дагавор на забудову IT-парка, і беларускі бок не можа ўмешвацца ў яго выкананне. Пры гэтым Сідорскі прапанаваў, што цяжкасці з рэалізацыяй праекта могуць быць звязаныя з фінансавым крызісам.

«Магчыма, вашай кампаніі патрэбна падтрымка. Калі вам трэба дапамагчы, неабходна падумаць, якім чынам мы можам скарэктаваць тыя рашэнні, якія мы прымалі ў 2008 годзе. Мы гатовыя абмеркаваць гэтыя пытанні», — заявіў прэм’ер.

Паводле слоў Сідорскага, неабходна дакладна вызначыцца з тэмпамі і тэрмінамі рэалізацыі работ, каб завяршыць праект у прызначаныя тэрміны. «Магчыма, вы прапануеце іншую схему, якая падтрымае ў цэлым інвестыцыйны праект», — звярнуўся ён да Фішмана.

Прэм’ер-міністр адзначыў, што ў Беларусі актыўна рэалізуецца шэраг інвестыцыйных праектаў. «І я хацеў бы, каб і гэты праект атрымаў дынаміку развіцця», — падкрэсліў ён.

У адказ Эяль Фішман заявіў, што для рэалізацыі праекта патрэбна будзе больш часу, чым планавалася першапачаткова. Прычым, як сцвярджае кіраўнік кампаніі, гэта звязана не з сусветным крызісам. «Больш за два гады мы страцілі на рашэнне бюракратычных працэдур, звязаных з пачаткам будаўнічых работ», — падкрэсліў Фішман.

Але на дадзены момант, дадаў ён, створаны ўсе ўмовы для рэалізацыі праекта.

***

Fishman Group — адзін з найбуйнейшых у Ізраілі фінансава-гандлёвых холдынгаў, які працуе больш чым у дваццаці краінах свету. Fishman Group валодае і кіруе каля 5 млн. кв. м нерухомасці, мае некалькі буйных гандлёвых сетак сусветнага значэння.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?