«Рабіць пятлю нескладана, раз нават я змог гэта зрабіць, але вельмі шмат што залежыць і ад верталёта», — сказаў нямецкі пілот Гюнтэр Цымер у інтэрв’ю беларускім тэлеканалам за некалькі гадзін да сваёй гібелі.

Як паведамлялася раней, 8 жніўня, каля 16.00, падчас паказальных палётаў на адкрытым Кубку СНД па верталётным спорце на аэрадроме Баравая пад Мінскам пры выкананні «касой пятлі» пацярпеў катастрофу верталёт MD-500.

Пілот паветранага судна, 74-гадовы грамадзянін Германіі Гюнтэр Цымер, загінуў на месцы. Па сведчанні відавочцаў, хутчэй за ўсё, яму не хапіла вышыні пры выхадзе з «касой пятлі», у выніку чаго верталёт «праваліўся».

Рашэнне аб узбуджэнні крымінальнай справы па факце катастрофы нямецкага верталёта пад Мінскам і гібелі пілота прыме сёння Генеральная пракуратура Беларусі, паведаміў намеснік беларускага транспартнага пракурора Алег Шандарович.

Па яго словах, 8 жніўня на месца катастрофы выязджалі прадстаўнікі як Беларускай транспартнай пракуратуры, так і Беларускай ваеннай пракуратуры. Агляд і канфіскацыю матэрыялаў яны праводзілі сумесна. Створаная камісія па расследаванні інцыдэнту ў складзе экспертаў і прадстаўнікоў розных ведамстваў.

Аб тым, што адбылося, праінфармаваная амбасада Нямеччыны ў Мінску. Ад якіх-небудзь каментараў дыппрадстаўніцтва пакуль адмаўляецца.

Трагедыя на Баравой адбылася на вачах у жонкі Цымера Ірыны. Яна беларуска, нараджэнка Віцебска. Па неафіцыйнай інфармацыі, Ірына таксама пілот, пазнаёмілася з Цымерам на спаборніцтвах у Маскве, выйшла замуж і ўжо больш за восем гадоў жыве ў Германіі.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?