У трэцім квартале 2010 года Міністэрства гандлю Беларусі правядзе маніторынг інтэрнет-магазінаў. Аб гэтым паведаміла намеснік начальніка ўпраўлення абароны правоў спажыўцоў і кантролю за рэкламай Мінгандлю Вольга Краўцова 10 жніўня на прэс-канферэнцыі ў Мінску.

Паводле яе слоў, неабходнасць маніторынгу тлумачыцца тым, што інтэрнет-магазіны «не ў поўнай меры выконваюць заканадаўства».

Як паведаміла Краўцова, вядзецца збор даных аб інтэрнет-магазінах. На першым этапе маніторынгу прадстаўнікі Мінгандлю правераць рэгістрацыю інтэрнет-магазінаў у гандлёвым рэестры. Патрабаванне аб абавязковай рэгістрацыі, што набыла моц 1 ліпеня гэтага года, дае магчымасць знайсці інтэрнет-магазін па імені, якое маецца ў адрасным радку, адзначыла спецыяліст.

Другі этап маніторынгу, паводле яе слоў, прадугледжвае праверку выканання інтэрнет-магазінамі патрабаванняў заканадаўства аб абароне правоў спажыўцоў. Прадстаўнікі Мінгандлю, у прыватнасці правераць, ці ўказаныя на сайтах магазінаў усе неабходныя рэквізіты (месцазнаходжанне, ліцэнзія).

Штраф за парушэнне правілаў гандлю складае ад 5 да 10 базавых велічынь (базавая велічыня — 35 тыс. рублёў). «Пазіцыя органаў па абароне правоў спажыўцоў такая: з прычыны палітыкі лібералізацыі, якая прадугледжвае адмену ліцэнзавання, сертыфікацыі і гэтай далей, адказнасць трэба павялічваць», — падкрэсліла Краўцова.

Паводле звестак Мінгандлю, у гандлёвым рэестры зарэгістраваныя 2 тысячы 954 інтэрнет-магазіны.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?