Учора стала вядома аб затрыманні ў Арле удзельнікаў групоўкі «партызанаў»-нацыяналістаў, якія ладзілі падпалы і выбухі ў апорных пунктах міліцыі, раённых пракуратурах і ўстановах, якімі валодалі каўказцы.
На чале групоўкі, як высветліў следчы камітэт пры пракуратуры РФ, стаяў выкладчык кафедры фізкультуры Арлоўскай акадэміі Федэральнай службы аховы, маёр Віктар Луконін. Менавіта ў арандаваным ім гаражы быў знойдзены цэлы склад зброі і выбухоўкі.
Спецаперацыя, падчас якой у Арле былі затрыманыя нацыяналісты, якія ў інтэрнэце называлі сябе «камандаваннем аб’яднаных груп чарназёмнага сектара акупаванай Расіі — NS/WP «Цэнтр»,
была праведзеная ў мінулыя выходныя. Аператыўныя групы УУС, СКП і ФСБ па розных адрасах затрымалі сем чалавек. Аднак асаблівую цікавасць у праваахоўных органаў выклікаў выкладчык кафедры фізкультуры Арлоўскай акадэміі Федэральнай службы аховы (якая рыхтуе для спецслужбы сувязістаў), 32-гадовы маёр Віктар Луконін. Менавіта Віктар Луконін, па версіі следства, быў арганізатарам групоўкі нацыяналістаў. У арандаваным маёрам гаражы былі выяўленыя і сканфіскаваныя два абрэзы паляўнічых стрэльбаў, рэвальвер без нумару, прыстасаванне ў выглядзе аўтаматычнай асадкі для стральбы малакалібернымі патронамі, выбуховыя рэчывы і кампаненты для самаробных выбуховых прылад. Экспрэс-аналіз паказаў, што выбухоўка такога тыпу ўжо выкарыстоўвалася пры здзяйсненні злачынстваў у Арле.

Па версіі следства, удзельнікі арганізаванай маёрам Луконіным злачыннай групоўкі

аб’ядналіся «на нацыяналістычнай глебе і з мэтай дэстабілізацыі сітуацыі ў Арле, дыскрэдытацыі ўлады і праваахоўных органаў». Затрыманым інкрымінуюць больш за дзесяць злачынстваў, сярод якіх выбухі і падпалы.
Найбольш значным эпізодам следчыя называюць выбух у кавярні «Індзіра», што адбыўся 5 жніўня, у дзень горада, на ўскраіне Арла. Тады ад выбуху нашпігаванай цвікамі бомбы магутнасцю ў 200 г трацілу пацярпелі чатыры чалавекі. Уладальнікі ўстановы — каўказцы. Акрамя таго, бандзе прыпісваецца выбух бомбы малой магутнасці ў сярэдзіне ліпеня ў акне першага паверха будынка пракуратуры Чыгуначнага раёна абласнога цэнтра, а таксама падпал размешчанага непадалёк ад яе апорнага пункта міліцыі, што здарыўся на некалькі дзён пазней. У апошнім выпадку
на месцы злачынства праваахоўнікі знайшлі ўлёткі з надпісамі «NS/WP (National socialism / White power). Рабі, як мы, рабі лепш за нас».
Абодва інцыдэнты адбыліся глыбокай ноччу і не прывялі да ахвяраў.

Раней прадстаўнікі следства не былі схільныя да аб’яднання трох названых інцыдэнтаў у адну справу. Аднак аб сваёй датычнасці да нападаў абвясцілі ў інтэрнэце самі нацыяналісты. Паведаміўшы, што яны з’яўляюцца паслядоўнікамі прыморскіх «партызанаў» (групоўка, што здзяйсняла напады на міліцыянтаў), камандаванне арлоўскіх «партызанаў» абвясціла, што падымае «сцяг адкрытага паўстання ў горадзе».

З паведамлення «партызанаў» вынікала, што Арол калісьці быў «ціхім і ўтульным гарадком, які грэў сэрца», а цяпер «горад, як, зрэшты, і наша краіна, апынуўся на мяжы поўнага маральнага распаду». У гэтым, па версіі партызан, вінаватыя каўказцы і азіяты, міліцыянты, якія «чыняць самасуд», выкарыстоўваючы садысцкія метады, і пракуроры, якія на ўсё гэта закрываюць вочы.

Паводле апошняй справаздачы «партызанаў», яны правялі каля 20 баявых аперацый, у тым ліку знішчэнне сямі апорных пунктаў міліцыі, двух «прытонаў пракурорскіх бандаў», крамы «Эрас» («займаецца прапагандай маральнага вычварэнства»), а таксама некалькіх магазінаў і шапікаў, якія належаць «іншародцам». «Мы не цярпілы», — абвяшчалі экстрэмісты, абяцаючы новыя выбухі і падпалы.

«Паказанні затрыманых пераўзыходзяць усе нашы чаканні — яны прызналіся яшчэ ў некалькіх падпалах. Мы цяпер высвятляем іх сувязі і знаёмствы. Цалкам магчыма, што яны — частка больш буйной нацыяналістычнай арганізацыі», — адзначылі ў СКП, што распачаў у дачыненні да затрыманых крымінальныя справы па арт. 30, 105 КК РФ (замах на забойства, здзейсненае агульнанебяспечным спосабам) і арт. 167 КК РФ (наўмыснае знішчэнне маёмасці).

У Федэральнай службе аховы і Арлоўскай акадэміі ад каментароў устрымаліся. У сваю чаргу, знаёмыя маёра Луконіна называюць яго харызматычным лідэрам, кантактным і гаваркім чалавекам. Па іх словах, ён пастаянна быў у цэнтры ўвагі моладзі, у тым ліку курсантаў акадэміі. Арганізоўваў разнастайныя ваенна-спартыўныя гульні, карыстаўся сярод мясцовых патрыётаў вялікім аўтарытэтам. «Яму было вельмі лёгка скіраваць энергію маладых людзей у патрэбнае рэчышча», — гавораць і ў праваахоўных органах.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?