У звароце да народу перад выбарамі прэзыдэнт Грузіі Міхаіл Саакашвілі акрэсьліў «чатыры найважнейшыя гістарычныя задачы», якія стаяць перад Грузіяй і грузінамі.

Першая задача – забесьпячэньне энэргетычнай незалежнасьці. «У нас ужо ёсьць альтэрнатыўныя газаправоды, дзейны нафтаправод, мы ажыцьцяўляем транзыт і закупкі электраэнэргіі, і мы зробім так, каб Грузія не залежала толькі ад адной ненадзейнай крыніцы».

Другая задача ёсьць у тым, «каб апошні расейскі салдат канчаткова пакінуў нашу радзіму і больш чым двухсотгадовая мара грузінскага народу спраўдзілася».

Трэцяй задачай ёсьць уступленьне Грузіі ў NATO і «ўдзел у самай сучаснай сыстэме сусьветнай бясьпекі». «Рашэньне гэтага пытаньня знаходзіцца на адлегласьці выцягнутай рукі».

Чацьвёртай і галоўнай мэтай Грузіі Саакашвілі назваў «аднаўленьне законнасьці і справядлівасьці на ўсёй тэрыторыі краіны – у тых частках Абхазіі і Цхінвальскага рэгіёну, якія мы не кантралюем». «І мы гэтага даможамся».

Саакашвілі таксама сказаў, што Расея дабівалася «асяродку напружанасьці ў Абхазіі, але атрымала легітымную ўладу», якая ўпершыню за апошнія 13 гадоў кантралюе амаль усю Верхнюю Абхазію (Кадорская цясьніна). Апроч таго, заявіў ён, «мы пачалі ў ААН працэс замяшчэньня расейскіх вайскоўцаў, і мы гэты працэс давядзём да канца». Саакашвілі пэўны: «Сёньня ў Грузіі ёсьць гістарычны шанец ажыцьцявіць усе свае задачы».

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?