Дэпутат Еўрапарламента ад Польшчы Марэк Мігальскі арганізуе акцыю ў падтрымку старшыні Івянецкай арганізацыі неафіцыйнага Саюза палякаў на Беларусі Тэрэсы Собаль.

4 жніўня Тэрэсу Собаль знялі з цягніка ў Брэсце, які адпраўляўся ў Польшчу, заявіўшы, што яна знаходзіцца ў спісе невыязных. У Валожынскім РАУС адвакату Собаль паведамілі, што 3 жніўня пракуратура аднавіла спыненую раней крымінальную справу ў дачыненні да Собаль.

Справа была распачата 18 снежня 2009 года па абвінавачанні Собаль у злоўжываннях пасля атрымання ў 2004 годзе матэрыяльнай дапамогі ад кіраўніцтва СПБ. Аднак 24 лютага яна было спынена ў сувязі з заканчэннем тэрміну даўнасці. Неўзабаве яна была адноўлена, у доме Собаль 28 чэрвеня быў праведзены вобыск. Аднак супрацоўнікі міліцыі не знайшлі ўказаныя ў пастанове на вобыск «прылады злачынства» — камп’ютэры і носьбіты інфармацыі.

Еўрапарламентарый Марэк Мігальскі лічыць чарговае распачынанне крымінальнай справы супраць актывісткі польскай меншасці «новым відавочным выпадкам парушэння правоў чалавека беларускімі ўладамі» і заклікаў падтрымаць Собаль, падпісаўшы адпаведнае пісьмо ў Адміністрацыю прэзідэнта Беларусі і беларускае пасольства ў Варшаве і накіраваўшы яго электронным лістом.

У прыватнасці, у лісце прэзідэнту Аляксандру Лукашэнку гаворыцца пра аднаўленне крымінальнага пераследу актывісткі нефармальнага СПБ і ўтрымліваецца заклік «спыніць рэпрэсіі ў дачыненні да Собаль і адмовіцца ад любых іншых форм уціску на грамадзян Беларусі». Таксама адзначаецца, што Тэрэса Собаль — «пажылая жанчына, якая не ўяўляе пагрозы для беларускіх улад».

«Міжнародная супольнасць уважліва сочыць за развіццём сітуацыі з правамі чалавека ў Беларусі, бо гэта аснова для магчымай фінансавай дапамогі краіне», — гаворыцца ў звароце да беларускага прэзідэнта.

Клас
0
Панылы сорам
0
Ха-ха
0
Ого
0
Сумна
0
Абуральна
0

Хочаш падзяліцца важнай інфармацыяй ананімна і канфідэнцыйна?